С помощником воспитателя Парафьяновского детского сада №1 в Докшицком районе Эльмирой Лаптевой детям уютно и тепло
Дзяцей нельга падмануць любоўю. Яны бачаць і адчуваюць яе інтуітыўна. У гэтым цалкам пераканана памочнік выхавацеля дзіцячага ясляў-сада № 1 у Параф’янаве Эльміра Лапцева (на здымку). Менавіта на такой шчырай любові пабудаваны яе адносіны з дзеткамі. У групу, дзе яна працуе, прыходзіць 13 дапытлівых хлопчыкаў і дзяўчынак рознага ўзросту. Усе яны са сваім характарам, настроем. Каб паміж імі было сяброўства і паразуменне, выхавацелі і іх памочнік цесна супрацоўнічаюць, дапаўняюць, а здараецца, і ўзаемазамяняюць адзін аднаго.
– Эльміра Салехаўна выдатна спраўляецца не толькі са сваімі непасрэднымі абавязкамі. Ёй смела можна даверыць і навучальныя заняткі. Малыя туляцца да яе. Мая памочніца цудоўна гуляе з імі, мякка і лагодна ўгаворвае, заахвочвае. Тады і на талерках не застаецца ежа, і спаць усе дружна кладуцца, – адазвалася выхавацель групы Марына Стадольнік. – Яшчэ яна адметны кулінар, вяжа шыкоўныя рэчы. А нашы дзяўчынкі заўсёды выстройваюцца да яе ў чаргу за арыгінальнымі прычоскамі.
У садзе жанчына працуе каля шасці гадоў і цудоўна тут асвоілася. Загадчык гэтай дзіцячай установы Алена Бахановіч вельмі рада, што побач жыве і працуе такі яркі, актыўны, энергічны і прытым вельмі сціплы чалавек.
Падчас знаёмства з Эльмірай Лапцевай адразу адчулася, што дзецям з ёй утульна і цёпла, як з добрай і ласкавай мамай. У яе вачах адлюстравана глыбокая любоў да малых, іх інтарэсаў і ўнутранага свету. Яна сапраўды чароўная палачка-выручалачка для свайго калектыву. Прыкладная праца Эльміры Салехаўны адзначана сёлета Ганаровай граматай аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
Ірына Несцяронак.
Фота В. Чарвінскага.