«Щелкунчик» гостил в одном из детских садов Докшицкого района (+ ФОТО)
На семінары для музычных работнікаў дашкольных устаноў горада і раёна, які прайшоў у дзіцячым яслі-садку № 3, была прадстаўлена пастаноўка балета “Шчаўкунчык”.
Музычны кіраўнік установы Святлана Толкач, якая займаецца з малечаю музыкай, спевамі і танцамі, адважылася даказаць, на што здатныя пяцігадовыя дзяўчынкі і хлопчыкі. Яна пастаралася праз дзіцячую непасрэднасць і глыбокую шчырасць раскрыць у маленькіх танцораў неардынарнасць і артыстызм. Каб шоу-балет атрымаўся жывым, эмацыянальным і яскравым, музычны работнік прыклала неймаверныя намаганні.
– Над пастаноўкай працавалі тры месяцы, – падзялілася Святлана Антонаўна. – Спачатку прачыталі казку Эрнэста Гофмана “Шчаўкунчык і Мышыны кароль”, абмеркавалі яе. Потым паглядзелі відэапастаноўку балета, пазнаёміліся з жыццём і творчасцю Пятра Чайкоўскага, паслухалі яго музыку. Дзеці загарэліся адразу. Магчыма, ад таго, што паняцце балет для іх было практычна новым, а таму выклікала цікавасць. І падчас рэпетыцый мае артысты ніколечкі не скардзіліся, што замарыліся. А наадварот, вельмі ўважліва і старанна слухалі, імкнуліся злавіць музычны рытм, засвоіць рухі. Адным словам, працавалі дасканала, як дарослыя, бо адчувалі, якая адказная справа ім даручана.
Зразумела, што за некалькі тыдняў дзеці не сталі артыстамі балета і не выконвалі складаныя піруэты. Аднак юныя танцоры глыбока пранікліся настроем казкі, а сваёй грацыёзнасцю і рытмікай здолелі данесці яе асноўную ідэю.
Святлана Антонаўна, якая з’яўляецца нязменным музычным кіраўніком садка на працягу 26 гадоў і мае вышэйшую катэгорыю, была не толькі рэжысёрам-пастаноўшчыкам, а і касцюмерам. Пэўныя касцюмы рабіла ўласнаручна. Дарэчы, усе варыяцыі пастаноўкі распрацавала сама, а ў адной з іх нават танцавала з дзяўчынкамі.
– За мерапрыемства перажывалі ўсе: і работнікі садка, і дзеці, і бацькі, – адзначыла загадчык установы Жанна Ганус. – Кожны зрабіў свой ёмкі ўклад у цудоўную справу. Таму задуманае, як здаецца, атрымалася вельмі ўдалым.
Напярэдадні навагодніх свят бацькі выхаванцаў дзіцячага садка таксама змогуць паглядзець, на якія дзівосы здатныя іх дачушкі і сыночкі.
Ірына Несцяронак.