Докшичанин Андрей Жигулин «взял» Дакар
Адна з галоўных навін апошніх дзён – перамога беларускага МАЗа на штогадовым транскантынентальным ралі-марафоне “Дакар-2018”. Для дакшычан гэта вестка радасная ўдвая, бо ў складзе каманды-пераможцы знаходзіцца наш зямляк Андрэй Жыгулін (на здымку – першы злева). Як правінцыйны хлопец трапіў у “зорную” каманду, а таксама пра асаблівасці гонкі на “чырвоным зубры” (так у народзе называюць МАЗ), карэспандэнту раённай газеты расказаў сам Андрэй.
– Гэта мой пяты ўдзел у ралі-рэйдзе, – дзеліцца суразмоўца. – Тэхнікай захапляюся з малых гадоў, а таму пасля заканчэння СШ № 1 г. Докшыцы мэтанакіравана паступіў у БНТУ. Падчас вучобы ва ўніверсітэце даведаўся пра стварэнне спартыўнай аўтакаманды, у якую вельмі захацелася трапіць. Дзеля гэтага ўладкаваўся на Мінскі аўтазавод. На першым марафоне выконваў ролю “хуткай тэхнічкі” – страхаваў экіпажы, якія ішлі на вынік. У 2015 годзе да сябе ў каманду запрасіў Сяргей Вязовіч. Сёлетні ралі-марафон юбілейны, і другое месца ў ім беларускай каманды – гэта вялікая перамога! За званне мацнейшых тут змагалася каля 50-ці экіпажаў з усяго свету, многія з якіх, не дабраўшыся да фінішу, сышлі з дыстанцыі. Нашу каманду таксама сустракалі непрадбачаныя сітуацыі: напрыклад, аўтамабіль перакуліўся і засеў у саланчаках. Але МАЗы ўпэўнена фарсіравалі пяскі, выдмы, каньёны. Там, дзе іншыя грузавікі збаўлялі тэмп, мы імчалі практычна без прыпынку. Штодзень “чырвоныя зубры” праходзілі дасканалы агляд і зборку. У тэхнічным спорце не заўсёды ўсё залежыць ад людзей, тут трэба знайсці мяжу паміж магчымасцямі чалавека і тэхнікі. Нам удалося яе вызначыць.
Многія з удзельнікаў назвалі гэту гонку мега-складанай. Яна праходзіла па тэрыторыі трох краін – Перу, Балівіі і Аргенціны. Працягласць толькі хуткасных участкаў складала 3,5 тысячы кіламетраў, прычым большая частка маршруту праходзіла па высакагор’і. На пытанне пра планы на будучыню Андрэй Жыгулін адказаў:
– Перш-наперш – работа над памылкамі… і падрыхтоўка да новых стартаў. Летам каманду “МАЗ-СПОРТаўта” чакае марафон “Шаўковы шлях-2018”.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.