Кандыдаты ў дэпутаты пачалі агітацыю

bezymyannyjКампанія па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць восьмага склікання ўступіла ў свой самы актыўны этап – перадвыбарчую агітацыю. Пытанні пра тое, як прайшоў этап іх рэгістрацыі, і якія правілы трэба захоўваць пры правядзенні агітацыйнай работы, мы адрасавалі старшыні раённай выбарчай камісіі Наталіі Ждановіч.

– На што раённая камісія звяртала асноўную ўвагу пры рэгістрацыі кандыдатур на дэпутацкі мандат?
– У першую чаргу хачу адзначыць, што ўсе кандыдаты захавалі тэрміны і агульны парадак падачы дакументаў. Дакладнасць пададзенай інфармацыі правяралася камісіяй. У гэты час, напрыклад, каб праверыць звесткі дэкларацыі аб даходах патэнцыяльнага кандыдата, камісія звярталася ў падатковую інспекцыю, ДАІ, арганізацыі па дзяржрэгістрацыі маёмасці, Дэпартамент па каштоўных паперах. Такі парадак абумоўлены тым, што кандыдаты падаюць звесткі не толькі пра даходы, але і пра маёмасць, як рухомую, так і нерухомую. Дарэчы, у агульную суму даходаў уключаецца налічаны заробак па асноўным месцы працы, а таксама пенсіі і дапамогі, даходы, атрыманыя з-за мяжы, напрыклад, грашовыя пераводы ад сваякоў. У агульны даход уключаецца да таго ж сума атрыманай кандыдатам у справаздачным годзе спадчыны і сродкі, якія паступілі яму па грамадзянска-прававым дагаворам. Гэта можа быць дарэнне, купля-продаж аўтамабіля, жылля, а таксама сродкі ад здачы іх у арэнду і інш. У дадатак камісія звярталася ў органы ўнутраных спраў, каб атрымаць інфармацыю пра магчымыя факты наяўнасці судзімасці ў патэнцыяльных кандыдатаў. Адсутнасць судзімасці – гэта абавязковае патрабаванне для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты.
– Як павінна весціся агітацыйная работа ў адпаведнасці з заканадаўствам?
– Кожны кандыдат у дэпутаты з моманту яго рэгістрацыі мае права знаёміць выбаршчыкаў са сваёй праграмай. І рабіць гэта можна да 17 лютага ўключна. Сярод даступных формаў агітацыі: выраб і распаўсюджванне агітацыйных друкаваных матэрыялаў, выступленні ў сродках масавай інфармацыі, правядзенне сустрэч з патэнцыяльнымі выбаршчыкамі, якія могуць праводзіць і давераныя асобы кандыдата.
Кандыдаты ў дэпутаты ма­юць права ствараць свае выбарчыя фонды. Максімальная сума выдаткаў па выбарчым фондзе для кандыдатаў раённага і сельскага ўзроўню – 10 базавых велічынь. Яны могуць фарміравацца з уласных сродкаў кандыдата, дабрачынных ахвяраванняў грамадзян і юрыдычных асоб. Размяшчаць агітацыйныя матэрыялы без узгаднення можна ў месцах, якія вызначаны мясцовымі выканаўчымі органамі, у іншых месцах – толькі з дазволу кіраўніка адпаведнай арганізацыі.
Агульныя плакаты з біяграфічнымі звесткамі кандыдатаў вырабляюцца выбарчымі камісіямі за кошт сродкаў, якія выдзелены для правядзення выбарчай кампаніі. Кожны кандыдат можа зарэгістраваць да пяці давераных асоб, падаўшы заяву ў камісію адпаведнага ўзроўню. Падчас кампаніі весці агітацыю за выбранне адпаведнага кандыдата могуць яго давераныя асобы.
– Што забаронена кандыдатам у дэпутаты ў перыяд выбарчай кампаніі?
– Кандыдатам у дэпутаты і іх давераным асобам забараняецца пры правядзенні перадвыбарчай агітацыі раздаваць грашовыя сродкі, падарункі і іншыя матэрыяльныя каштоўнасці, праводзіць льготны распродаж тавараў, бясплатна прадстаўляць паслугі і тавары, за выключэннем агітацыйных друкаваных матэрыялаў. Забараняецца агітацыя за кандыдата, якая аплачваецца з выбарчых фондаў іншых кандыдатаў у дэпутаты. Пры парушэнні гэтых патрабаванняў адпаведная камісія прымае меры па іх недапушчэнні, а таксама мае права адмяніць рашэнне аб рэгістрацыі кандыдата.
– Ці паступалі ў раённую камісію звароты грамадзян па правядзенні выбарчай кампаніі?
– Пакуль вусных, пісьмовых і электронных зваротаў у раённую камісію не паступала. Інфармацыя аб ходзе кампаніі друкуецца на старонках раённай газеты. На сайце райвыканкама створаны і пастаянна папаўняецца новай інфармацыяй раздзел “Выбары – 2018”, матэрыялы агітацыйнага характару дадаткова размяшчаюцца ў спецыяльна вызначаных месцах на ўчастках для галасавання.

Гутарыла
Наталля НАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *