Комиссия по делам несовершеннолетних Докшицкого райисполкома празднует своё 100-летие
У барацьбе з дзіцячай безнагляднасцю
Стогадовая гісторыя дзейнасці камісіі бярэ свой пачатак з далёкага 1918 года, калі 14 студзеня, у разгар грамадзянскай вайны, Уладзімір Ленін падпісаў Дэкрэт Савета Народных Камісараў аб яе стварэнні. Мера гэта была вымушанай – у краіне налічвалася вялікая колькасць безнаглядных дзяцей, якія мелі патрэбу ў кантролі. На час падпісання Дэкрэта іх было каля трох мільёнаў. Асноўнымі задачамі камісіі па справах непаўналетніх сталі не толькі барацьба з дзіцячымі правапарушэннямі, але і іх прафілактыка, а таксама ахова правоў і інтарэсаў непаўналетніх. Паступова пашыраліся функцыі і паўнамоцтвы камісіі. У 80-х гадах мінулага стагоддзя ў адзіную сістэму былі аб’яднаны ўсе органы, якія займаліся папярэджаннем правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Нягледзячы на стогадовы адрэзак часу, пастаяннае ўдасканаленне дзейнасці камісіі, яе галоўныя задачы застаюцца нязменнымі. Сёння КСН – гэта структура, якая абараняе правы і законныя інтарэсы непаўналетніх, што знаходзяцца ў нядобранадзейным сацыяльным асяродку. Асноўная яе функцыя – каардынацыя дзейнасці органаў, устаноў, арганізацый, якія ажыццяўляюць прафілактыку безнагляднасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх, выяўляюць і ўстараняюць прычыны і ўмовы, што ім садзейнічаюць. Таксама камісія ажыццяўляе меры па абароне, аднаўленні і рэалізацыі правоў і ўмоў законных інтарэсаў непаўналетніх. Адным з накірункаў яе дзейнасці з’яўляецца рэалізацыя плана па прафілактыцы безнагляднасці, правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Вядзецца таксама вялікая выхаваўчая і прафілактычная работа, ажыццяўляецца пільны кантроль за дзецьмі, якія ўступілі ў канфлікт з законам.
Камісія па справах непаўналетніх Докшыцкага райвыканкама складаецца з 15 чалавек. Гэта прадстаўнікі мясцовай улады, адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай службы, райаддзела МНС, грамадскіх арганізацый. Старшынёй камісіі з’яўляецца намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч, намеснікам – Інеса Марчанкава. Як расказала Інеса Леанідаўна, нягледзячы на тое, што з часу стварэння першых камісій па праве непаўналетніх прайшло нямала часу, праблема дзіцячай безнагляднасці, непрытульнасці не знікла, толькі набыла іншыя маштабы і займела іншыя прычыны. Асноўнай прычынай дзіцячай бяды ў наш час з’яўляецца злоўжыванне бацькамі алкаголем. Надзейным і вельмі дзейсным інструментам у барацьбе з алкагалізмам і іншымі прычынамі нядобранадзейнасці стаў Дэкрэт Прэзідэнта № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”. За 12 гадоў яго дзейнасці сітуацыя з дзіцячай безнагляднасцю змянілася карэнным чынам. І тут справа нават не ў тым, колькі сем’яў значыцца на прафілактычным уліку. Іх колькасць знізілася несумненна. Больш важна тое, што істотна змяніліся ў лепшы бок, калі так можна выказацца, крытэрыі вызначэння ўмоў, пры якіх сям’я прызнаецца нядобранадзейнай. Адышлі ў нябыт сітуацыі, падобныя да той, якая была ў Прудніках напачатку 90-х гадоў, калі тагачасны старшыня калгаса “Іскра” Уладзімір Шульгат асабіста вазіў на лячэнне ад алкагалізму некалькі дзясяткаў калгаснікаў, чые напаўраздзетыя дзеці галадалі з дня ў дзень. У гэты ж час старшыня Бярэзінскага сельвыканкама Іван Азевіч, калі прыйшоў на пасаду, пасля абследавання вымушаны быў паставіць на ўлік і назваць нядобранадзейнымі каля 30 сем’яў, умовы пражывання ў якіх для дзяцей былі вельмі цяжкімі. Зараз можна смела сказаць: такіх ужо няма. Адчулі сілу Дэкрэта і нядбайныя бацькі, якіх ужо не ўгаворваюць, а ў адпаведнасці з законам прымушаюць выконваць свае абавязкі па выхаванні дзяцей па прынцыпе: калі не можаце гадаваць самі – плаціце за гэта дзяржаве.
Дзякуючы камісіі, якая працуе ў цеснай сувязі з усімі суб’ектамі прафілактыкі, непаўналетнія знаходзяцца пад надзейнай абаронай дзяржавы. За час дзеяння Дэкрэта 116 дзяцей мелі ў ёй патрэбу. Пасля таго, як іх часова забралі ў бацькоў і памясцілі ў прытулак, дамы сямейнага тыпу, прыёмныя сем’і, бацькі 64 непаўналетніх змянілі свае паводзіны ў лепшы бок. Дзяцей ім вярнулі. На жаль, бацькоў 46 малых пазбавілі права на іх выхаванне. Лёс яшчэ шасці пакуль вырашаецца. 105 дзяцей знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, таму абстаноўка ў іх сем’ях пастаянна кантралюецца, у тым ліку ў час рэйдаў акцыі “Сям’я без гвалту”, якія праводзяцца кожны тыдзень. Члены камісіі і іншыя зацікаўленыя асобы правяраюць не толькі санітарны стан жылля, наяўнасць прадуктаў, тэмпературу ў доме, але і тое, чым занятыя дзеці, дзе бавяць свой вольны час.
Падобны пільны кантроль, як і іншыя формы і метады дзейнасці камісіі, мае адну мэту – захаваць сям’ю, у якой было б камфортна жыць будучым грамадзянам нашай краіны.
Як вяслуюць бацькі – так і жывецца дзецям
Лодка дзяцінства надзейна плыве пад ветразямі светлых мараў і шчаслівых падзей, а вяслуюць на ёй бацькі. Пад іх апекай малым утульна, радасна і спакойна. Ды так, на жаль, назіраецца не на ўсіх лодках пад назвай “сям’я”. Бывае, што раскачваюць іх халодныя, цёмныя хвалі п’янства, маральнага падзення і дэградацыі дарослых. Але кожны можа паспрабаваць выбрацца на бераг. Не страціць апошні шанц няўдалым веславым і дапамагае камісія па справах непаўналетніх у час сваіх пасяджэнняў. Летась іх адбылося 22, у тым ліку тры – выязныя.
Адно з іх праходзіла ў Крулеўшчынскай школе, куды для размовы і прыняцця канчатковага рашэння было запрошана некалькі нядобранадзейных бацькоў. Калі шчыра сказаць, то не пра ўсіх іх ёсць патрэба ўспамінаць у газетным артыкуле. Некаторыя яшчэ балансуюць на краю прорвы, магчыма, знойдуць сілы не зваліцца туды. Для гэтай высновы ёсць падставы. Але немагчыма не ўспомніць пра некалькіх каларытных асоб, такіх як, напрыклад, Святлана Пятрашка і Васіль Антаневіч. Два разы шасцігадовая дачушка забіралася ў прытулак па прычыне іх беспрабуднага п’янства. Але нічога не можа адвадзіць іх ад чаркі. Сужэнцы – першыя кандыдаты на пазбаўленне бацькоўскіх правоў.
Алена Паляніна, якая прыйшла нават на пасяджэнне камісіі “пад шафэ”, зараз зноў закадзіравалася. Уся сям’я знаходзіцца ў напружаным чаканні: можа, на гэты раз кабета зразумее, што муж і дзеці важней за вясёлыя прыгоды пасля чарговай папойкі?
У апошні час канкурэнцыю п’янству пачынае складаць фенамен маці-зязюлі. Гэта жанчыны, якія нараджаюць дзяцей, але выхоўваць іх не жадаюць. Дакладней, не маюць патрэбы развітвацца з “халасцяцкім” жыццём. Яны не п’юць, але нідзе і не працуюць. Дзяцей часцей за ўсё глядзяць былыя мужы, а таксама бабулі, дзядулі і іншыя родныя. За якія сродкі жывуць самі матулі, можна толькі здагадвацца. У Крулеўшчыне гэта Даша Новікава. Маладая, сімпатычная, мае паўтарагадовага сыночка. Хлопчык пакуль знаходзіцца ў доме сямейнага тыпу. Даша ў гультайстве апусцілася да такой ступені, што ў добраўпарадкаванай трохпакаёвай кватэры не прыбірае нават за сабой рэчы асабістай гігіены. Алена Пацехіна з Барсукоў – жанчына акуратная, але настолькі занятая сваім асабістым жыццём, у якім працаўладкаванню таксама няма месца, што не ведае, дзе сярод ночы знаходзіцца яе дачка-школьніца.
Разгляд на камісіі паводзін падобных людзей патрабуе ад яе членаў часу, нерваў, але справа будучыні дзяцей — дастойная таму кампенсацыя.
Марыя Несцяровіч, Галіна Галавач, Вера Дук, Валянціна Сівіцкая, Ганна Раманенкава, Ларыса Дварэцкая, Раіса Дуж, Наталля Жарская. Дзякуючы гэтым людзям, якія ў свой час працавалі сакратарамі камісіі па справах непаўналетніх, намеснікамі старшыні, быў уратаваны не адзін дзіцячы лёс.
На пасяджэннях разглядаюцца і правапарушэнні, здзейсненыя непаўналетнімі. Летась былі разгледжаны 42 справы аб адміністрацыйных правапарушэннях. Найбольш распаўсюджаныя сярод іх – гэта распіццё падлеткамі спіртных напіткаў і з’яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах, хуліганства, дробны крадзеж, ёсць і парушэнні Правіл дарожнага руху. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягваліся і 13 бацькоў, бо іх дзеці, якія парушылі заканадаўства, яшчэ не дасягнулі ўзросту, калі іх саміх можна спытаць да адказнасці. Канечне, у падлеткаў, як кажуць, і свая галава ёсць на плячах, але ж іх жыццёвая дарога толькі пачынаецца, і хто, як не дарослыя – у першую чаргу бацькі, павінны рабіць усё магчымае, каб іх хлопчыкі і дзяўчынкі раптам не саступіліся. Калі ж ужо такое здарылася, заўсёды ёсць магчымасць выйсці на роўную дарогу, а камісія па справах непаўналетніх абавязкова ў гэтым дапаможа кожнаму, хто таго пажадае.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: у час чарговага пасяджэння камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама.
Фота А. Варанковіча.