Подарок от районки — подписчикам!

3Газетны нумар, які вы трымаеце ў руках, паважаныя чытачы, — апошні ў гэтым годзе. Мы рады, што ўвесь гэты час вы былі з намі. Для журналістаў “раёнкі” на тыдні існуюць толькі два дні: аўторак і пятніца, калі здаюцца ў друк падрыхтаваныя палосы, якія ў друкарні ператвараюцца ў чарговую газету. Увесь астатні час мы натхнёна працуем, каб парадаваць нашых чытачоў свежай інфармацыяй, пазнаёміць з цікавымі людзьмі, расказаць пра падзеі, што адбываюцца ў раёне. Пры гэтым заўсёды думаем, як зрабіць, каб наша газета была цікавай і сучаснай. У кожнага сродку масавай інфармацыі ёсць свая аўдыторыя, у нашай газеты гэта больш за тры тысячы падпісчыкаў і больш за шэсць тысяч інтэрнэт-карыстальнікаў. У апошні час кожны год мы стараемся зрабіць вам падарунак, дарагія чытачы. Сёлета “раёнка” змяніла свой графічны лагатып. Больш дасканалымі сталі вёрстка і дызайн, што вы маглі заўважыць нават па выглядзе першай старонкі. Не выключэннем будзе і 2018-ы. У Новым годзе фармат штотыднёвай друкаванай версіі газеты “Родныя вытокі” будзе мець 16 палос (зараз 14). Гэта значыць, што кожны тыдзень чытачы будуць атрымліваць два нумары па восем старонак кожны. Дзве дадатковыя паласы – гэта больш інфармацыі, цікавых праектаў, фота і рэкламы.
Раённая газета прысутнічае сёння і ў віртуальнай прасторы ва ўсіх сацыяльных сетках: «Аднакласнікі», «УКантакце», «Facebook», «Twitter». Папулярнасцю карыстаецца відэаканал “Родныя вытокі” на YouTube.
Сайт газеты з’яўляецца сёння парталам горада. На ім можна адшукаць інфармацыю пра рабочыя вакансіі, надвор’е, запісацца на прыём да ўрача, купіць будынак, зямельны ўчастак, паглядзець расклад руху транспарту, даведацца нумар тэлефона патрэбнага абанента і іншае.
Сёлета з’явілася магчымасць купіць поўную электронную версію друкаванай газеты праз сістэму Белкіёск.by, не выходзячы з дому. Такім жа чынам з дапамогай сістэмы АРІП аплаціць рэкламныя аб’явы, віншаванні.
У 2018 годзе мы падключаемся да хуткаснага Інтэрнэту, таму навіны, фота, відэа будуць даходзіць да чытачоў яшчэ больш аператыўна.
У надыходзячым годзе разам з вамі, шаноўныя сябры, будзем святкаваць 75 гадоў нашай любімай “раёнкі”. А гэта яшчэ адна нагода ўспомніць мінулае, падвесці вынікі, вызначыць перспектывы. Спадзяёмся, што ўсе нашы сённяшнія чытачы разам з намі сустрэнуць юбілей, а для гэтага ўвесь 2018 год будуць падпісвацца на раённую газету.
Хачу яшчэ паведаміць, што з 1 студзеня адбудзецца рэарганізацыя раённага радыё. Пра жыццё раёна можна будзе пачуць на радыёканале “Радыё Віцебск”.
Дзякуй усім вам, шаноўныя, за вернасць нашай газеце. Прыміце самыя шчырыя віншаванні з Новым годам, Калядамі. Шчаслівых вам хвілін, каб іх хапіла на гадзіны, і тады цуда абавязкова наведае ваш дом.

Аляксандр ВАРАНКОВІЧ,
галоўны рэдактар.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *