Работница ОАО «АСБ Беларусбанк» г. Докшицы — лучшая по профессии
Званне “Прафесіянал 2017 года ААТ «ААБ Беларусбанк”, якое спецыяліст па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг ЦБП № 209 г. Докшыцы Таццяна Матошка атрымала напярэдадні прафесійнага свята, стала для яе найлепшым падарункам.
Звязаць сваё жыццё з эканамічнай спецыяльнасцю параф’янаўская дзяўчына марыла са школы, а таму мэтанакіравана паступіла ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, які скончыла спецыялістам па бухгалтарскім уліку і аўдыце. У Докшыцах маладому спецыялісту прапанавалі месца па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг, а праз паўгода перспектыўнага, ініцыятыўнага і выканаўчага работніка перавялі на новую пасаду, якая толькі-толькі з’явілася ў банку. Гэта аказанне паслуг у сферы крэдытавання, страхавання, работа з плацежнымі карткамі і многае іншае. Таццяна заўсёды была, як кажуць, лёгкай на пад’ём, а таму не баялася новаўвядзенняў і з цікаўнасцю і дапытлівасцю спасцігала патрэбныя веды. Тое, што Матошка – прафесіянал сваёй справы, сведчылі вынікі яе дзейнасці, якія традыцыйна падводзяцца абласным упраўленнем кожныя паўгода. І ўсе тры гады, якія Таццяна працуе ў ААТ “ААБ Беларусбанк”, яна станавілася пераможцам гэтага конкурсу. А таму невыпадкова менавіта яе кандыдатуру вылучылі на ўдзел у рэспубліканскім выпрабаванні сярод лепшых спецыялістаў банкаўскай сістэмы.
Акрамя прафесійных якасцей, на вынікі конкурсу ўплывае і многае іншае. Напрыклад, жыццёвая пазіцыя чалавека. Таццяна – апантаны аматар здаровага ладу жыцця. Яна – вядомая ў раёне спартсменка.
– Са спортам сябрую са школы, – распавядае суразмоўца. – З трынаццаці гадоў захапляюся валейболам. Сёлета і ў спорце атрымала ўзнагароду – стала “Лепшым гульцом”. Кожны дзень у мяне або валейбольная трэніроўка, або спартыўная загартоўка. Думаю, што менавіта здаровы лад жыцця дапамагае і ў прафесіі.
– Які ж сакрэт поспеху? – пытаемся.
– Калегі кажуць, што мой “канёк” – хуткасць, – усміхаецца Таццяна. – Не магу сядзець на месцы, заўсёды трэба дзейнічаць, штосьці рабіць. Шкадую, што не хапае часу яшчэ на адно захапленне – творчасць. Яшчэ вучаніцай школы спявала ў ансамблі “Землякі” Параф’янаўскага Дома культуры.
Самым галоўным у сваёй прафесійнай дзейнасці Таццяна Матошка лічыць работу з кліентамі. Тут ад спецыяліста патрабуюцца ўменне якасна і даступна прапанаваць банкаўскія паслугі, кампетэнтна аказаць кансультацыйную і практычную дапамогу, быць элементарна ветлівым і добразычлівым. Гэта Таццяна і паказала на рэспубліканскім конкурсе.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота С. Васько.