Цветовод-любитель Валентина Петрова из агрогородка Крулевщина создаёт красоту
Любоў да кветак і навакольнай прыгажосці Валянціна Пятрова (на здымку) з аграгарадка Крулеўшчына пераняла ад сваёй матулі Леаніды Сцяпанаўны. Памятае, як яшчэ ў дзяцінстве ля бацькоўскага дома яна высаджвала вялікую колькасць кветак, ад якіх навокал стаяў неверагодны пах. Нават суседкі, маміны сяброўкі, часта любілі прыйсці летнімі вечарамі пасядзець на лавачцы, каб атрымаць асалоду ад гэтага водару. Вось Валянціна Васільеўна і вырашыла ўсур’ёз заняцца кветкаводствам, каб ствараць прыгажосць.
– Але, на жаль, не ўсе ёй умеюць радавацца, – кажа кветкавод-аматар. – Калі жыла ў кватэры, у двары дома насадзіла мноства розных кветак і хвойнікаў. Аднак знайшліся зайздроснікі, у якіх паднялася рука ўкрасці іх. Гэты выпадак паслужыў адной з прычын прадаць кватэру і купіць уласны домік з зямлёй. Тут з задавальненнем працую і атрымліваю асалоду. На маёй “фазэндзе” ў дваццаць тры соткі цяпер чаго толькі не ўбачыш. Растуць на ёй дзясяткі гатункаў кветак, ёсць вялікі пладовы сад. Толькі паспяваю збіраць і парадкаваць ураджай. З клубніц, малін, ажын, парэчак, суніц і шаўкоўніцы раблю асарці і замарожваю. Ведаеце, як прыемна зімой частавацца такім свежым дэсертам!
Трэба сказаць, што Валянціна Васільеўна садзіць кветкі не толькі ля свайго дома. Яна не шкадуе іх і з задавальненнем дзеліцца імі з іншымі. Дзякуючы гэтаму папрыгажэлі тэрыторыі ля мясцовай царквы і бальніцы, дзіцячага садка і школы, дзе жанчына працуе тэхнічкай. Той, каму даводзілася бываць у Крулеўшчынскай школе, не мог не заўважыць вялікае мноства пакаёвых кветак у фае і класах. Пятрова стараецца не толькі захаваць створаную папярэднікамі прыгажосць, а і памножыць яе.
А яшчэ Валянціну Васільеўну называюць дамашнім лекарам. Напрацягу трыццаці гадоў жанчына нарыхтоўвае спецыяльныя травы, якія з’яўляюцца не толькі імунастымулюючым сродкам, але і дапамагаюць вылечыць некаторыя прастудныя захворванні.
– Летась, у жніўні, наваліўся на мяне моцны кашаль, – успамінае лекарка. – І я прыгадала пра багатыр-траву. Паехала, назбірала яе і прыгатавала адвар. Праз два дні, папіўшы яго, стала поўнасцю здаровая. Блізкім і знаёмым таксама раю не грэбаваць лекавымі травамі.
На кухні ў гаспадыні ёсць спецыяльна адведзенае месца, дзе знаходзяцца папяровыя пакецікі з высушанай сумессю, якой налічваецца дзесьці каля дваццаці відаў. Спецыяльная сушылка, якую ёй падарыла дачка, дапамагае захаваць колер зёлак і, самае галоўнае, лекавыя якасці. Дарэчы, адной з любімых траў са сваёй калекцыі Валянціна называе чабор лімонны. З яго атрымліваецца духмяная гарбата, якой яна звычайна частуе гасцей.