Семья Каминских из Порплищ — стопроцентные сельчане

img_1956Менавіта так можна сказаць пра сям’ю Камінскіх з аграгарадка Порплішча (на здымку). Сяргей і Наталля ніколі не марылі пра гарадское жыццё, бо з дзяцінства прыкіпелі да роднай зямлі і вёскі. Таму пасля вяселля купілі тут дом і пачалі абжывацца.
– Бацькі нашы працавалі ў сельскай гаспадарцы, таму і мы не маглі выбраць іншую прафесію, – гаворыць Наталля Уладзіміраўна. – Бо зусім малыя дапамагалі даглядаць жывёлу, корпаліся на агародзе. Нам гэта падабалася.
Пасля школы Наталля вучылася на кухара, але працаваць пайшла цялятніцай. Апошнім часам уладкавалася падменнай даяркай на малочнатаварную ферму “Чачукі” ААТ “Барсучанка”. Рабочы дзень у яе пачынаецца ў чатыры гадзіны, а заканчваецца пад восем. Дома, між іншым, свая падсобная гаспадарка. Ёсць чатыры каровы, свінні, куры…
– За ўсім гэтым павінен быць догляд, – далучаецца да размовы Сяргей Васільевіч. – Гэту адказнасць поўнасцю ўзяў на сябе. Накарміць скаціну, падаіць, пачысціць у хлеве – вось мае асноўныя абавязкі. Цяпер Наталля называе мяне хатнім гаспадаром.
А яшчэ на “тэхнічнай палове” падворку Камінскіх ёсць маленькі машынны двор: трактар, глебаапрацоўчая тэхніка, касілка, варушылка, граблі. Усе гэтыя прыстасаванні дапамагаюць гаспадару апрацоўваць агарод і сушыць сена. Што датычыцца кармоў, то нарыхтоўваюць іх самі. Калі трэба, дакупляюць сена. Абавязкова садзяць бульбу і сеюць зерневыя.
– А вось легкавым аўтамабілем так і не абзавяліся, – працягвае гаспадар.
– Лічым, што гэта неабавязкова. А здарыцца з’ездзіць куды, карыстаемся грамадскім транспартам – аўтобусны прыпынак знаходзіцца за некалькі дзясяткаў метраў.
На пытанне, ці лёгка спраўляцца з такой вялікай гаспадаркай, Камінскія адказваюць: “Пакуль ёсць магчымасць і здароўе, будзем трымаць яе, нават такую вялікую. Па-першае, гэта свае натуральныя прадукты, якія кожны дзень на стале. А па-другое, “малочныя” грошы з’яўляюцца важкай падтрымкай для сямейнага бюджэту. Трэба ж дзяцей гадаваць, адзяваць і абуваць, зрэшты вучыць іх, каб выправіць у свет. За дзень атрымліваецца здаваць па шэсцьдзясят літраў малака, а былі перыяды, калі гэта колькасць даходзіла і да дзевяноста. Калі жывеш у вёсцы, то ўсё трэба ўмець рабіць і не быць гультаём – тады і дабрабыт будзе”.
Гледзячы на бацькоў, працавітымі выраслі і дзеці. Старэйшы, Валодзя, закончыў Лужаснянскі каледж і зараз працуе ветфельчарам у мясцовай гаспадарцы. Дачка Ніна вырашыла стаць прадаўцом. І толькі сярэдні, Іван, стаў вучоным чалавекам, паехаў у горад: вучыцца ў магістратуры і марыць пра археалогію. Але галоўная прафесія гэтай сям’і – яе сялянскія працавітасць і годнасць.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *