День православной книги отметили в Докшицах

img_3487Дзень праваслаўнай кнігі ў райцэнтры быў адзначаны духоўнай сустрэчай “Сэрцы сагравае вера”, якую падрыхтавала раённая бібліятэка разам са школай духоўнага станаўлення, што працуе пры аддзяленні дзённага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН.
Цэрквы і манастыры – гэта тыя месцы, дзе жыве Бог, дзе захоўваюцца святыя рэліквіі. Пад дахам храма пры лампадным святле ля святых ікон адаграваюцца душы, становяцца лёгкімі і чыстымі, боль пакідае сэрцы, і чалавек вяртаецца сюды зноў і зноў. У нашы дні стала папулярным паломніцтва да святынь. Уражаннямі ад падобных падарожжаў на сустрэчы падзяліліся Алена Сарокіна, Святлана Грыгаровіч, Тамара Альшэўская. Прысутныя, хаця і завочна, але здолелі адчуць прыцягальную сілу Свята-Духава манастыра і капліцы ў Вільні, дзе захоўваецца вялікая святыня – цудоўны абраз Маці Божай Вострабрамскай. Даведаліся пра цуды, якія адбываюцца ў праваслаўным Свята-Мікольскім храме ў сяле Кулеўча ва Украіне. Яны “пабывалі” ў Польшчы ў горадзе Чэнстахоў. Менавіта там захоўваецца адна з 70 вядомых багародзічных ікон пісання евангеліста Лукі, якую шануе каталіцкі і праваслаўны свет – Чэнстахоўская ікона Божай Маці. Завяршылася завочная падарожжа знаёмствам са Спаса-Ефрасіньеўскім манастыром у Полацку.
Жывыя расказы і відэакадры суправаджалі духоўныя песенныя творы ў цудоўным выкананні вакальнай групы “Спявай душа”. З праваслаўнай літаратурай, якая ёсць у фондзе бібліятэкі, удзельнікаў сустрэчы пазнаёміла бібліёграф ЦБС Валянціна Хілько. Выстава, на якой яна была прадстаўлена, мела назву “Да сваёй душы знайдзі дарогу”. Можна толькі дадаць, што святло духоўных кніг сагрэе любога, хто пажадае да яго дакрануцца.

Тамара СТАДНЮК.
НА ЗДЫМКУ: паломніца Святлана Грыгаровіч і вядучыя сустрэчы (злева направа) загадчыца аддзела абслугоўвання раённай бібліятэкі Віялета Шылавіч і метадыст аддзела маркетынгу Вікторыя Ражкова.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *