Докшицкий народный коллектив празднует Международный день театра
27 сакавіка – свята, якое адзначае ўвесь тэатральны свет: прафесіяналы, самадзейнасць. Ёсць падставы ўспомніць пра яго і на Докшыччыне – радзіме аднаго з першых тэатральных аб’яднанняў у вобласці. Летась Докшыцкаму драматычнаму калектыву споўнілася 80 гадоў і 35, як ён стаў народным, дарэчы, першым у раёне. Даты больш чым дастойныя, але прайшлі яны незаўважна для грамадскасці. З нагоды 80-годдзя Віцебскай вобласці ёсць пэўная падстава нагадаць пра калектыў, выдатныя вынікі дзейнасці якога паўтарыць пакуль не ўдалося нікому.
Афіцыйна гісторыя Докшыцкага тэатра пачынаецца з 1947 года, калі драмгуртком пры РДК у пасляваенным горадзе пачала кіраваць Ганна Лынова. Але ж дзеля справядлівасці трэба нагадаць, што тэатральныя традыцыі Докшыц паглыбляюцца далёка ў гісторыю. Напачатку ХХ стагоддзя грымеў па наваколлі лялечны тэатр Патупчыка. За польскім часам драматычныя пастаноўкі ладзіла габрэйская моладзь. Не адставалі вучні і настаўнікі польскай гарадской школы. Адразу пасля вайны невялікія аднаактоўкі пачала ставіць загадчыца хаты-чытальні Марыя Сяткоўская. Старажылы ўспаміналі, што гледачам вельмі падабаўся “Збянтэжаны Саўка” па п’есе Л. Родзевіча.
За 35 гадоў існавання народны тэатр паставіў 35 спектакляў.
Мае 5 узнагарод як пераможца тэатральных конкурсаў.
7 разоў яго артысты атрымлівалі Гран-пры.
Рэжысёр Ганна Яцкоўская ўдастоена высокага звання «Жанчына года — 2002».
Потым сталі брацца за больш сур’ёзныя рэчы. Ставілі “Разлом” Б. Лаўрынёва, творы Чэхава, “Пінскую шляхту” В. Дуніна-Марцінкевіча, “Партызаны” К. Крапівы. Варта ўспомніць самадзейных артыстаў таго часу. Гэта Лідзія Майсяёнак, Уладзімір Ранкоўскі, Тамара і Пётр Севярыны Уладзімір Цацоха, Соф’я Бярзон, Роза Аліва, Любоў Румчык і іншыя. У час шырокага
святкавання ў 1997 годзе 50-годдзя Докшыцкага драматычнага калектыву Ганна Лынова, якая працавала пасля Докшыц на “Беларусьфільме”, у прывітальным слове выказала вялікае задавальненне тым, што былы драмгурток жыве і квітнее.
І сапраўды, калі ў 1975 годзе яго ўзначаліла Ганна Яцкоўская, калектыў атрымаў другое дыханне. Адразу першая пастаноўка па п’есе Р. Тома “Восем закаханых жанчын” учарашняй выпускніцы Віцебскага культасветвучылішча атрымала званне лаўрэата першага Усесаюзнага фестывалю самадзейнай мастацкай творчасці працоўных. Першы поспех акрыліў і не даваў маральнага дазволу кінуць справу ў выпадку першай няўдачы. Але яе, у поўным сэнсе слова, так і не здарылася, бо ў Ганны Яцкоўскай быў талент, мэтанакіраванасць і бязмежная любоў да сваёй прафесіі. Побач з ёй немагчыма не любіць чароўнае мастацтва тэатра.
За першай пастаноўкай пайшлі іншыя: “Трыбунал” А. Макаёнка, “Свае людзі – палічымся” А. Астроўскага. З вышыні сённяшняга дня можна толькі захапляцца вялікай унутранай сілай маладога рэжысёра, дзякуючы якой праз вялікія намаганні збіраўся рэквізіт, з падручных матэрыялаў шыліся сцэнічныя касцюмы. Ва ўсім падтрымлівалі ўдзельнікі драмгуртка. Для сённяшняй самадзейнасці крыху дзіўна ўявіць, што дарослыя людзі, сур’ёзных прафесій знаходзілі час, каб два-тры разы ў тыдзень круглы год, акрамя летняга перыяду, збірацца на рэпетыцыі, затым выязджаць дзясяткі разоў з пастаноўкамі ў сельскія клубы. Але так было.
Самаадданасць і любоў да тэатра гэтай купкі людзей у 1982 годзе была высока ўзнагароджана: калектыў атрымаў званне народнага. Гэты год стаў своеасаблівым пачаткам трэцяга этапу ў яго развіцці, самага плённага і цікавага. Тэатр знайшоў падтрымку, якой практычна не меў да гэтага, у новапрызначанага дырэктара РДК Ірыны Касцюк, а потым яго ўзяў пад сваё крыло Уладзімір Пусташыла, які ў 1985 годзе ўзначаліў аддзел культуры райвыканкама. Пастаноўкі сталі больш прафесійнымі, з’явілася светлавое і музычнае афармленне. Кожны год дзейнасці тэатра быў адзначаны прэм’ерай, а то і дзвюма. Несумненнымі ўдачамі сталі спектаклі, пастаўленыя па творах М. Матукоўскага “Апошняя інстанцыя”, “Мудрамер”, М. Анкілава “Салдацкая ўдава”, М. Чарота “Мікітаў лапаць”, Л. Родзевіча “Конскі партрэт”, К. Крапівы “Хто смяецца апошнім”, А. Тура “Месячная саната”, А. Каламійца “Фараоны”, М. Рошчына “Уся надзея”, В. Шукшына “Да трэціх пеўняў”, У. Сауліча “Сабака з залатым зубам”, Г. Лоркі “Чароўная башмачніца”, Е. Пшыздзецкага “Брыльянт”, Я. Купалы “Паўлінка”, “Прымакі”. Прэм’еры звычайна прымяркоўваліся да Міжнароднага дня тэатра, і гледачы з нецярпеннем чакалі вясны. Тэатр здолеў выхаваць гарачых прыхільнікаў мастацтва Мельпамены, сярод якіх значыліся людзі розных узростаў і прафесій. На спектаклі ў райцэнтр прыязджалі нават з сельскіх населеных пунктаў. ГЦК на час прэм’еры ператвараўся ў сапраўдны тэатр з дывановай дарожкай, буфетам у антракце, які абавязкова адкрывала гарачая аматарка тэатра тагачасны дырэктар камбіната грамадскага харчавання Аляксандра Каляга.
У 1996 годзе калектыў, дзякуючы выдатнаму баяністу Яўгену Ганчарову, адважыўся на першую музычную пастаноўку і ўразіў “Ідыліяй” В. Дуніна-Марцінкевіча, у якой артысты спявалі (зразумела, не пад фанаграму) і танцавалі, не толькі гледачоў, але і журы абласнога фестывалю “Тэатральная вясна”. А ў журы значыліся прафесійныя рэжысёры і акцёры. Цудоўная работа была ацэнена трэцім месцам, і з таго часу ўзнагароды “пасыпаліся” на тэатр залатым дажджом. У 2002 годзе — 1-е месца за спектакль па п’есе
А. Дударава “Прынц Мамабук”. У 2004 годзе за спектакль па п’есе А. Курэйчыка “П’ямонцкі звер” калектыў стаў лаўрэатам абласнога фестывалю. У 2009 годзе атрымаў 2-е месца за спектакль “Не пакідай мяне” па А. Дудараву, у 2010 – таксама 2-е месца за спектакль “Жасці па Адэлі” паводле Г. Лоркі. Яго артысты сем разоў атрымлівалі Гран-пры за лепшае выкананне роляў. Тэатр з поспехам удзельнічаў у Міжнародных тэатральных фестывалях у Беларусі і Латвіі. Пастаноўка спектакля Ф. Палачаніна “Расплата за нелюбоў” гучала па рэспубліканскім радыё. Дзейнасці тэатра прысвячалася перадача абласнога тэлебачання. Яго творчыя здабыткі неаднаразова асвячалі рэспубліканскія газеты і часопісы.
Дасягненні народнага тэатра – гэта вынік плённай дзейнасці рэжысёра і артыстаў. Праз тэатр прайшлі дзясяткі самадзейных аматараў сцэны. Адны заставаліся назаўсёды, іншыя абмяжоўваліся некалькімі выхадамі, але кожны з іх зрабіў свой пасільны ўнёсак у яго дзейнасць. Яркай зоркай зіхацела ў трупе старэйшая артыстка Марыя Немцава. Пакуль не падкасіла хвароба, яна прымала ўдзел амаль у кожнай пастаноўцы. Першая ў 1992 годзе атрымала Гран-пры за лепшае выкананне жаночай ролі. Потым яе поспех чатыры разы паўтарыла Святлана Шышла. Уладальніцай Гран-пры стала ў 2014 годзе Ірына Кірыенка. Гэтай жа высокай узнагароды быў удастоены і Руслан Паперадзень. Амаль 40 гадоў выходзіў на сцэну Эдуард Мураўскі, які пачынаў яшчэ ў Ганны Лыновай. Амаль столькі ж часу іграў у тэатры Уладзімір Паруль. У 70-х гадах прыйшоў у драмгурток Эдуард Сяліцкі, чый камедыйны талент квітнеў на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Першым памочнікам рэжысёра, з якім Ганна Васільеўна адважылася на спробу музычнага афармлення пастановак, стаў Вадзім Галавач, потым яго змяніў Аляксандр Новік, затым Дзмітрый Чувахоў, Пётр Яцкоўскі, якія яшчэ і ігралі на сцэне. Тэатральныя падмосткі сталі жыццём для Тамары Чуваховай, Людмілы Малевіч, Валерыя Шышлы, Таццяны Мальчык, Віктара Стадольніка, Людмілы Суднік, Валянціны Пусташылавай, Ірыны Касцюк. Менавіта акцёрская практыка натхніла на стварэнне п’ес артыстаў народнага тэатра Фёдара Палачаніна і Вікенція Карповіча. Тэатр памятае Галіну Галавач, Аляксандра Акуліча, Віталія Модаля, Надзею і Эдуарда Лупіновічаў, Віктара Гарбачова, Аляксандра Скурата, Інну Юнцэвіч, Ларысу Лубачка, Людмілу Баравую, Лілію Глазко, Алега Дутняка, Васіля Герасімёнка, Людмілу Кудзерка, Андрэя Бяхава, Алу Закалінскую і многіх іншых. Дастойнай зменай старэйшаму пакаленню сталі Вольга Жалткевіч, Ірына Галавач, Яўгенія Малевіч, Вольга Сушко, Вольга Шынкевіч, Марына Чабан, Таццяна Стадольнік. Маляўнічымі дэкарацыямі тэатр абавязаны Таццяне Махніст, Людміле Ляйчынскай, Івану Плыгаўку. Пастаноўку танцаў ажыццяўлялі харэографы Таццяна Новік і Святлана Яцына.
Глядач у час спектакля ў першую чаргу ацэньвае ігру акцёраў і ім выказвае сваю ўдзячнасць, але, як і ў любым калектыве, у тэатры, безумоўна, галоўная роля належыць кіраўніку. Толькі талент Яцкоўскай здолеў зрабіць з драмгуртка народны тэатр у яго акадэмічным фармаце. Гэта бясспрэчна. Яна не толькі апантаны творца, але і ўладальнік бясцэнных уласцівасцей характару, якія дапамагаюць беспамылкова знаходзіць у натоўпе акцёраў, трымаць іх у калектыве, распрацоўваючы індывідуальную мову зносін з кожным, ставіць спектаклі ў любых, нават не зусім спрыяльных для творчасці ўмовах, быць барацьбітом за сваё дзіця – тэатр. Яе шлях да трыумфу не быў усланы ружамі. Былі на ім, як водзіцца, і зайздрасць, і інтрыгі, і раўнадушша. Толькі ўсё пераадольвала муза Ганны Яцкоўскай, каб імкнуцца да пакарэння новых вяршынь. Докшыцкі народны тэатр – гэта з’ява, і яна навечна ўпісана ў гісторыю самадзейнага мастацтва Віцебшчыны.
Тамара ЧУВАХОВА-АЛЬШЭЎСКАЯ,
артыстка народнага тэатра.