Литературное объединение «Крыніцы» побывало в Париже
Калі будзеце ў Пастаўскім раёне, то абавязкова зазірніце ў аграгарадок Парыж. Ну, хаця б дзеля адметных здымкаў. Як гэта зрабіў і наш творчы калектыў, які разам з літаб’яднаннем “Крыніцы” браў удзел у міжнародным фестывалі “Звіняць цымбалы і гармонік”.
Аграгарадок знаходзіцца ў Казлоўшчынскім сельсавеце, пражывае ў ім сотні тры чалавек. Чаму беларускую вёску назвалі Парыжам, сказаць адназначна складана. Па прыгожай версіі: Напалеон, праязджаючы побач падчас вайны 1812 года, прыкмеціў, што там прыгожа, як у Парыжы. Па больш празаічнай: мясцовы памешчык даў назву ў памяць пра слаўны французскі горад па сваёй жадунцы. У 1973 годзе мястэчка перайменавалі ў Навадруцк, аднак па шматлікіх просьбах мясцовых жыхароў у 2006 годзе яму вярнулі гістарычную назву.
Ну і самая галоўная адметнасць беларускага мястэчка пад назвай Парыж – “Эйфелева вежа”. Яе вышыня 30 метраў (знакамітай парыжскай – 324), а вянчае металічную канструкцыю хрысціянскі крыж. Каля канструкцыі ўстаноўлены таксама невялікія скульптуры анёлаў і Дзевы Марыі. У свой час ініцыятарам гэтага праекта стаў вядомы святар ксёндз Юозас Булька, увасобілі яго ў жыццё супрацоўнікі Глыбоцкіх электрасетак. Па прыступках можна падняцца на аглядальную пляцоўку і сузіраць маляўнічую беларускую прыроду. А яна там і сапраўды цудоўная: з прыгожым возерам, рэшткамі панскай сядзібы, акружаная дагледжанымі дамамі мясцовых жыхароў.