«Лучше нет нигде, чем дома», — считает предприниматель Франц Каменецкий из Докшицкого района
Герой сённяшняй сустрэчы, якому мы пажадалі задаць 12 пытанняў, – адзін з першых прадпрымальнікаў у раёне Франц Камянецкі. Сёння Франц Эдмундавіч – уладальнік вядомай крамы “Смак”, якая карыстаецца вялікім попытам у пакупнікоў. А яшчэ не менш вядомы фундатар многіх добрых спраў, пра што ён сам размаўляць не любіць. Калі напаказ, сцвярджае, то гэта ўжо не дабрачыннасць. Але, як вядома, менавіта Камянецкі падтрымлівае дзейнасць касцёла ў Докшыцах, царквы – у Порплішчы, а таксама храмаў у Бярозаўцы, Гняздзілаве і іншых. За ўнёскі на ніве касцёльнай атрымаў Падзяку біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча. Яе беражліва захоўвае разам з граматамі і іншымі ўзнагародамі спажывецкай кааперацыі, дзе пачынаў сваю працоўную біяграфію вадзіцелем-экспедытарам.
– Ці можаце назваць падзею, якая вызначыла Ваш далейшы лёс?
– Гарбачоўская перабудова. Не смейцеся, але гэта сапраўды так. Напрыканцы 80-х мая зарплата ў аўтакалоне райспажыўсаюза была 28 долараў. Як карміць на яе сям’ю ды яшчэ будаваць дом? Тады ўсе кінуліся гандляваць. Я таксама накупляў усялякага “жалезнага” тавару і паехаў у Югаславію, бо жыццё замежнае крыху ведаў, у арміі служыў у ГДР. Потым былі Польшча, пазней Вільнюс. Адтуль прывозіў джынсы, магнітафоны. Долары тады ніхто не ведаў, за паперкі лічылі. Займаўся перавозкамі, і ўсё гэта ў вольны ад асноўнай работы час. Перажыўшы ліхую гадзіну, большасць пакінула цяжкую справу “чаўнакоў”, як нас тады называлі. Канечне, у сваім ложку пад бокам у жонкі спаць больш салодка, чым у аўтамабілі самкнуць вочы на пару гадзін, а затым перакусіць “Ралтонам”– і за прылавак. А мне спадабалася працаваць на сябе, таму звольніўся з аўтакалоны, стаў прадпрымальнікам. Згадзіцеся, прыемна, як і патрэбна мужчыне, быць кармільцам сям’і і пры гэтым ведаць, што заробак цалкам залежыць ад цябе самога, твайго розуму, тваіх намаганняў. Гультаю, канечне, у прыватнай галіне не ўтрымацца, а тым больш не раскруціцца далей.
– Работа для Вас кар’ера ці справа?
– Справа, і любімая. Грошы, дастатак патрэбны ў жыцці, і чалавек павінен імкнуцца іх мець, але не гэта галоўнае. Іх трэба столькі, каб можна было правільна арганізаваць сваё жыццё, у якім было б месца працы, адпачынку, захапленню і добрым справам. Я мог бы яшчэ адчыніць некалькі крам, тым больш, што маю два кіёскі, якія здаю ў арэнду. Але лішку не трэба, рызыкуеш трапіць у бязмежжа патрэб – трэба ўмець своечасова спыніцца.
– У якой яшчэ прафесіі маглі б сябе рэалізаваць?
– Па адукацыі я лесавод, закончыў Полацкі лясны тэхнікум. У вадзіцелі пайшоў таму, што работы не было ў Докшыцкім лясніцтве, а ездзіць яшчэ ў якое не хацеў. Але любоў да зямлі, да ўсяго, што расце на ёй, засталася са мной. Таму, лічу, мог бы з мяне атрымацца яшчэ і добры аграном.
– Прадоўжыце выказванне: мая сям’я – гэта…
– Мая жонка Аліна, з якой мы шчасліва жывём у шлюбе 36 гадоў. Яна родам з маляўнічай вёсачкі Парэчча. Пазнаёміліся на танцах у Сітцаўскім клубе. Аліна – мой першы дарадца і памочнік, у тым ліку і ў прыватнай справе, бо шмат гадоў працавала галоўным бухгалтарам. Падарыла мне дваіх цудоўных дзяцей, якімі, шчыра кажучы, ганаруся. Яны закончылі школу з залатымі медалямі. Зараз ужо маюць свае сем’і. Дачушка Ганначка – урач-тэрапеўт, жыве ў Мінску. Сёлета ў сваёй сістэме стала лаўрэатам звання “Лідар года”. Юра – кандыдат юрыдычных навук, следчы па асабліва важных справах цэнтральнага апарата Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь. Аўтар некалькіх кніг, а яшчэ ў нейкай ступені ваш калега, бо з’яўляецца навуковым рэдактарам навукова-практычнага часопіса “Папярэдняе расследаванне”. Юра радзей прыязджае да нас, бо надта заняты, а Ганначка з унучкам Косцікам бывае часцей. Унукі – гэта наша самая вялікая зараз радасць.
– Што перанялі ад сваіх бацькоў, дзядоў?
– Працавітасць і жаданне жыць дастойна. Дзед Мікалай Камянецкі ад бацькі атрымаў ладны кавалак зямлі ў Раёўцы, але ўсё роўна паехаў на заработкі ў Амерыку. Шэсць гадоў працаваў там у шахтах. Вярнуўся, дакупіў зямлі, займеў асаду нават на Глыбоччыне. Працаваў як пракляты, казалі, што коні валіліся ад стомы ў баразне, а ён поля не пакідаў. І надарваўся, рана памёр, яшчэ і пяцідзесяці гадоў не было. Матуля з роду Літвіноў, з Харошай Елі. Радня сцвярджае, што я вельмі падобны на яе бацьку, дзядулю Сямёна. Гаспадар быў заможны і прадпрымальны. Меў зямлю, але разумеў, што на адну яе спадзявацца нельга, ураджай у многім залежыць ад надвор’я, таму яшчэ і гандляваў паціху. Усім дзесяцярым дзецям даў пасагу, калі яны жаніліся ці ішлі замуж. Напрыклад, за маёй мамай тата ўзяў два гектары зямлі, карову і залаты пярсцёнак у 25 грамаў. Мой бацька Эдмунд Камянецкі ў свой час закончыў Парплішчанскую школу механізацыі, быў перадавым камбайнерам саўгаса “Сітцы”. Мама працавала швачкай, гэтай прафесіі яе навучыў яшчэ дзед Сямён, а потым гадавала нас – пяцёра дзяцей. Усе адбыліся ў жыцці, ні за каго нашым бацькам не сорамна.
– Які сэнс Вы ўкладваеце ў паняцце радзіма, патрыятызм?
– Які тут сэнс – гэта адчуванне душы. Я многа дзе бываў: у Італіі, у Францыі, у Аўстрыі, іншых еўрапейскіх краінах. Вельмі ўразіў Ізраіль, святая зямля Палесціны. І ўсё ж, скажу я вам, добра ўсюды пабываць, паглядзець прыгажосць і адметнасць, паспытаць ласункаў замежных, нечаму павучыцца, але жыць трэба на радзіме і есці сваю бульбу з салам, бо лепш няма нідзе, чым дома. Гэта сваё, роднае, а значыць, і самае дарагое.
– Які ён, свет Вашых захапленняў?
– Разводжу расліны, асабліва кветкі. Ружаў каля 50 кустоў маю ля хаты. Сам іх саджу і даглядаю. Мушкацікі, цыніі – гэта ўсё мая гаспадарка. Плантацыю руж развёў і ля касцёла, дзе ўжо шмат гадоў з’яўляюся старшынёй касцёльнага камітэта. Веру захапленнем назваць нельга, гэта хутчэй маё другое жыццё і ўсёй маёй сям’і таксама.
– Ці бачыце герояў у рэальным жыцці?
– Для мяне героі – гэта ўсе тыя, хто працуе не пакладаючы рук і не скардзіцца на неспрыяльныя ўмовы. Ведаеце, адзін раз паступіць у жыцці смела, мужна – гэта, канечне, подзвіг. Але, мне здаецца, кожны дзень самааддана працаваць, не чакаючы ўзнагарод і прызнання, – гэта не меншы подзвіг.
– Ці згодны з меркаваннем, што чалавек без сяброў нібы печ без дроў?
– Абсалютна. Кажуць яшчэ, што сяброў шмат не бывае, а я б так не сказаў. Калі людзі да цябе хінуцца, навошта імі грэбаваць? Я люблю людзей, і сяброў у мяне мноства. Хаджу ўсюды, куды клічуць. Не дай бог таго часу, калі ніхто нікуды не пазаве.
– Якімі якасцямі, на Ваш погляд, павінна валодаць сапраўдная жанчына?
– Быць ціхай, лагоднай, добрай гаспадыняй. Але, калі ёсць каханне, характар значэння не мае.
– Ці можа быць шчаслівым чалавек, які не зведаў кахання?
– Ні ў якім разе. Без любові не толькі мужчыны да жанчыны, а і наогул без гэтага пачуцця жыць немагчыма. Калі любіш сонейка, расліну, спеў жаваранка, Бога, жыць лягчэй і весялей.
– Любімыя колер, музыка, літаратурны твор, страва, від спорту, марка аўто, пара года?
– чырвоны, зялёны;
– любая, і сам спяваю ў царкоўным хоры;
– творы А.С. Пушкіна;
– бульба, сала, капуста – смак вясковага дзяцінства;
– лёгкая атлетыка, некалі займаўся сур’ёзна, з’яўляюся кандыдатам у майстры спорту менавіта па гэтым відзе;
– любая, абы аўтамабіль быў спраўны;
– вясна і лета.
Гутарыла Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
УНП 390497067.