Предприятие СООО «Хольцимпэкс» Докшицкого района производит изделия из дерева

img_4861На працягу адзінаццаці гадоў у раёне плённа працуе СТАА “Хольцімпэкс”. Прадпрыемства займаецца дрэваапрацоўкай. Асноўным відам выпускаемай прадукцыі з’яўляецца клеены аконны брус, які экспартуецца ў шматлікія еўрапейскія краіны. Сярод іх Францыя, Германія, Італія, Польшча. У мінулым годзе нават быў заключаны дагавор з Кіпрам. Зараз ёсць дамоўленасць на пастаўку з Венгрыяй і Расіяй.

Лідарскія пазіцыі “Хольцімпэкс” займае і на ўнутраным рынку краіны. З году ў год аб’ёмы выпускаемай прадукцыі павялічваюцца. Выручка ад рэалізацыі гатовай прадукцыі і аказаных паслуг за мінулы год склала 719 тысяч рублёў, у тым ліку на экспарт – 358 тысяч рублёў, а гэта ў 2,7 раза больш у параўнанні з 2016 годам. Па выніках работы за 2017 год прадпрыемства атрымала прыбытак 18, 7 тысячы рублёў. Выпушчана прадукцыі 711,8 куб. м, у тым ліку клеенага бруса – 598,7 куб. м.
– На тэрыторыі прадпрыемства знаходзяцца тры вытворчыя цэхі, – расказвае дырэктар Сяргей Літвін. – У адным з іх праходзіць першапачатковы этап усёй маштабнай работы. Пасля распілоўкі сыравіны — а выкарыстоўваем у асноўным сасну — атрымліваецца неабразная дошка, якая потым тарцуецца. За гэтым працэсам сочыць адзін з вопытнейшых работнікаў – рамшчык Міхаіл Герштыновіч (на здымку). У гэтым жа цэху рупяцца рабочыя Леанід Бронін і Эдуард Сяліцкі.
У другім цэху, дзе сыравіна праходзіць “тэст” на дэфекты, працуюць не толькі мужчыны. Выдатна спраўляюцца з абавязкамі Ніна Гаўрыловіч, Соф’я Лабынька, Наталля Буланкіна, якія заўсёды выконваюць даведзеныя нормы. На тэрыторыі прадпрыемства ўстаноўлены чатыры спецыяльныя камеры, куды трапляюць ламелі. Там драўніна сушыцца. Летам гэты працэс хутчэйшы. Пасля прадукцыю зашыпоўваюць, калібруюць і з дапамогай прэса атрымліваюць клеены аконны брус. Тут жа яго запакоўваюць у стрэйч-плёнку і адгружаюць на экспарт. Па словах дырэктара, прадукцыя не толькі якасная, а і экалагічна чыстая.

У дрэваапрацоўчым цэху.

У дрэваапрацоўчым цэху.

– “Хольцімпэкс” аказвае таксама паслугі насельніцтву, – працягвае Сяргей Канстанцінавіч. – Гэта распілоўка і сушка драўніны. Пры неабходнасці вырабляем вагонку, дошку для падлогі, плінтус і налічнік, а таксама шчыты для мэблі і лесвіц. Пералік вырабаў пастаянна пашыраецца. Немалаважным з’яўляецца той факт, што наша вытворчасць абсалютна безадходная. Дробныя кавалкі драўніны, так званая габлюшка, якая застаецца пасля апрацоўкі сыравіны, спальваюцца ў катле, дзякуючы чаму абаграваюцца памяшканне першага цэха і сушыльных камер.
Калектыў дрэваапрацоўчага прадпрыемства налічвае каля сарака чалавек.
– Для працаўнікоў створаны ўсе належныя ўмовы працы, – гаворыць Сяргей Літвін. – Вытворчыя цэхі ўкамплектаваны германскім абсталяваннем. Сёлета набыта новая аўтаматычная лінія тарцавога зрошчвання для ламелей. Добрасумленна і якасна выконваюць работу майстар Уладзімір Войніч, станочнік Пётр Казлёнак, брыгадзір Сяргей Ляхновіч, вадзіцель пагрузчыка Уладзіслаў Баранчук, рабочая Ала Антонава і іншыя.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *