Главврач Докшицкой ЦРБ Сергей Кубор поздравил медсестёр с профессиональным праздником
12 мая – дзень медыцынскай сястры, прымеркаваны да даты нараджэння англійскай сястры міласэрнасці Флорэнс Найцінгейл (1820-1910 гг.), якая арганізавала службу сясцёр міласэрнасці і сістэму падрыхтоўкі кадраў сярэдняга і малодшага медперсаналу ў Вялікабрытаніі.
Яшчэ да Крымскай вайны Флорэнс гаварыла пра неабходнасць стварыць сястрынскую абшчыну, каб змяніць стэрэатып аб жанчынах-сядзелках. Падчас вайны яна павялічыла колькасць палат у шпіталях, каб хворым было не так цесна і больш камфортна. Абыходзіла іх разам з медсёстрамі і санітаркамі кожны дзень, нават ноччу. Акрамя звычайнага догляду Найцінгейл арганізавала пральні, кухні, чытальні, дапамагала пісаць пісьмы родзічам. Усё гэта дазволіла скараціць смяротнасць параненых падчас вайны ў дзясяткі разоў. Менавіта дзякуючы намаганням гэтай жанчыны, у медыцыне сталі больш сур’ёзна адносіцца да прафілактыкі хвароб, а сярэдні медыцынскі персанал атрымаў новыя правы і прафесійнае прызнанне.
У сістэме Докшыцкай ЦРБ працуе 241 медсястра. Напярэдадні прафесійнага свята ў цэнтральнай раённай бальніцы прайшла ўрачыстасць, на якой ушанавалі менавіта гэтых медработнікаў.
Перад калектывам са словамі віншавання выступілі галоўны ўрач ЦРБ Сяргей Кубар і галоўная медсястра Таццяна Каляда. Яны падзякавалі медсёстрам, якія акрамя выканання прафесійных абавязкаў па аказанні даўрачэбнай дапамогі, выканання лячэбна-дыягнастычных працэдур, кожны на сваім працоўным месцы імкнецца з чуласцю і спагадай адносіцца да пацыентаў. А, як вядома, хвораму чалавеку патрэбна як медыкаментознае лячэнне, так і душэўны камфорт. Не менш важна, каб такі ж камфорт, дабрабыт і ўзаемапаразуменне панавалі ў сем’ях медперсаналу. Каб яны з добрым настроем ішлі на працу і з радасцю вярталіся дадому, ну і, вядома ж, знаходзілі час сачыць і за ўласным здароўем.
Са станоўчага боку была адзначана праца старшай медсястры аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Святланы Малюжанец, якая ўзначальвае прафсаюзны камітэт ЦРБ, акушэрак і медсястры акушэрскага аддзялення Аксаны Махонь, Вольгі Казловай, Вольгі Лаўцэвіч, медсястры-дыетолага Жанны Волах, сястры-гаспадыні Наталлі Каралевіч, сакратара Наталлі Загорскай.
НА ЗДЫМКУ: (у цэнтры) галоўны ўрач ЦРБ Сяргей Кубар, намеснік галоўнага ўрача Наталля Галоўчыц, галоўная медсястра Таццяна Каляда з калектывам узнагароджаных.