«Когда есть достойная работа, всё равно в каком месте жить», — считает семья Васюковичей из Докшицкого района
Дзіна Васюковіч, якую мы сфатаграфавалі на ўласным панадворку, калі жанчына спяшалася на дойку, жыве разам з мужам і дзецьмі ў вёсцы Беразіно. Некалі буйны населены пункт, у якім працавалі аж тры крамы спажывецкай кааперацыі, летась страціў нават школу. Зараз жыццё там цепліцца ля фермерскай гаспадаркі Васіля Мацкевіча, які дае людзям самае галоўнае – работу. Вось і Дзіна з мужам Юрам працуюць менавіта ў Васіля Аляксандравіча.
– Я шосты год даю кароў, – расказвае Дзіна Іванаўна, – трохразовае даенне круглы год, таму работу сваю лёгкай не назаву, але фізічныя намаганні кампенсуюцца нармальнай зарплатай, якая, яшчэ самае галоўнае, выплачваецца своечасова. Таму маем магчымасць з мужам пагашаць крэдыт, вучыць дачку ва ўніверсітэце ў Мінску. Калі ёсць дастойная работа, то жыць усё роўна ў якім месцы, а ў нашым маляўнічым краі, магчыма, яшчэ лепш, чым дзе. Шкада, канечне, вельмі школу. У Гліннае, дзе зараз вучацца два нашы сыночкі, так хутка не дабяжыш, у настаўнікаў не дапытаешся, як яны там сябе паводзяць, але ж разумеем, што закрыццё школы, пэўна, было неабходным.
Жывуць Васюковічы ў сваім уласным доме, які паціху рамантуюць, каб нядаўняя вясковая хатка стала камфортным жыллём. У Юрыя Пятровіча, як кажуць, залатыя рукі. Ён не толькі ўмее выконваць усе будаўнічыя работы — сам пабудаваў хлеў, цяпліцу — але і па-майстэрску валодае лобзікам. Сведчаннем таму вялікі цецярук на панадворку. Птушка зроблена і пафарбавана так удала, што выглядае як жывая. Побач прымасціўся крываногі мішка. Адразу бачна, што гаспадар гэтых істот – вялікі аматар жывой лясной прыроды. У такіх працавітых людзей, як Васюковічы, хапае часу не толькі дбаць аб матэрыяльным, але і рабіць навакольны свет больш прыгожым.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.