Про народные приметы в Докшицах, или Выходной в банкоматах

bez-imeni-1У адну з апошніх красавіцкіх нядзельных раніц Сеціва разрывалася ад скаргаў дакшычан: ні ў адным банкамаце няма грошай! Пасыпаліся фотапацвярджэнні, у тым ліку і ў групу “Родных вытокаў” у вайберы. Узрушаны народ каментаваў, што не было магчымасці зняць грошы ўжо з вечара ў пятніцу. Напружанне насельніцтва ўзрастала разам з цалкам лагічным пытаннем: “Як так непаважліва можна адносіцца да сваіх патэнцыяльных кліентаў? Што ні выхадныя, то стрэс: будуць у банкамаце грошы ці не? Пашчасціць, альбо зноў прыйдзецца ехаць у суседні раён?”
Тэма абслугоўвання банкамі кліентаў, чэргаў у іх, адкрыцця абменніка, які б працаваў у нядзелю, адсутнасці грошай у банкаматах наша газета ўздымала не раз. Атрымлівала адказы ад кіраўніцтва, але, як бачна, сітуацыя не змянілася.

Пятніца ў Докшыцах дзень асаблівы – “кірмашовы”. Каб здагадацца пра гэта, у каляндар зазіраць не трэба, можна паверыць народнай прыкмеце: калі ля банкаматаў велізарныя чэргі, значыць, людзі спяшаюцца на рынак, а там, як вядома, тэрміналаў няма. Тут ужо, як кажуць, хто не паспеў запасціся наяўнымі, той на кірмаш не пойдзе.
Але яшчэ больш крыўдна таму, у каго літаральна “перад носам” банкноты ў банкаматах заканчваюцца, а чалавек перад гэтым адстаяў даўжэзную чаргу. Час змарнаваны, грошай няма, рынак накрыўся. Народ ліхаманкава шукае выйсце са становішча, у якім апынуўся, і не знаходзіць, бо ў адпаведнасці з другой народнай докшыцкай прыкметай, калі ў пятніцу ў банкамаце грошы закончыліся, то і ў выхадныя іх не будзе. Банкірам, трэба разумець, не да нейкіх там перыферыйных касавых цэнтраў і іх кліентаў, каб спяшацца па першым іх патрабаванні запраўляць банкамат, ды і грошы разам з тым аж на некалькі сутак банкаўскі рахунак не пакінуць. А капейка, як, вядома, і рубель беражэ.

А вы, паважаныя грамадзяне, расказвайце потым на імянінах, ці, не дай Бог, на хаўтурах, куды вас знянацку могуць паклікаць у выхадныя, што не маеце наяўных грошай у кішэні, бо не знялі іх загадзя, бегайце па суседзях, знаёмых і прак­лінайце найноўшыя банкаўскія тэхналогіі тыпу: трымайце грошы на плацежнай картцы!
Пакуль будзем чакаць адказу ад “Белаграпрамбанка” і “Беларусбанка” на лагічнае пытанне: чаму перад святамі і выхаднымі днямі не зрабіць загрузку банкаматаў, каб пакі­нуць гэтыя дні людзям для адпачынку, а не для псавання нервовай сістэмы, слова кліентам, якія падзяліліся з намі сваімі адносінамі з названымі банкамі:

Андрэй, 40 гадоў.
– У адну з субот тэрмінова спатрэбілася 20-30 рублёў. Я да аднаго банкамата – няма грошай, да другога – таксама пуста. Пайшоў зняць у касу банка. Папрасілі пашпарт, бо картка іншага банка. Але ж у выхадныя, я, прабачце, не хаджу ў касцюме і з “барсеткай” з дакументамі. Давялося вяртацца дадому, жыву, дарэчы, не ў Докшыцах, потым зноў стаяць у чарзе ў касу. Змарнаваў час, спаліў бензін і нервы.

Галіна Сцяпанаўна, 64 гады.
– Каб не нервавацца, то як толькі пералічваюць пенсію, плачу за ўсе камунальныя паслугі, а астатнія грошы адразу здымаю.

Мікалай, 33 гады:
– Банкаматы – банкаматамі. Розныя бываюць сітуацыі. Я кліент паслухмяны, рэкамендуюць усюды разлічвацца карткай, так і раблю: зручна, ды і капейкі па кішэнях шукаць не трэба. Але прыйдзецца, пэўна, гэтую звычку мяняць. 9 мая паехаў позна вечарам у “Дзяжурны” за хлебам, а там тэрмінал не працуе. Калі б яшчэ і банкамат не працаваў, дык хоць ты картку на стол замест хлеба кладзі! Скажу, што не першы раз сутыкаюся з тым, што тэрміналы ў крамах чамусьці не працуюць, асабліва ў сельскіх.

Таццяна, 37 гадоў.
– Праблема ёсць. Аднойчы ў выхадныя дні прыйшлося нават ехаць у Глыбокае, каб зняць наяўныя. А ў мінулым годзе, калі ў нядзелю прыехалі госці з замежжа, уяўляеце, як было нязручна і нам, і ім, што ў горадзе няма абменніка. І ўвогуле, тры банкаматы на сямітысячны райцэнтр можа і ў межах якога нарматыву, але людзям сапраўды не хапае такой шчыльнасці. Як бы было добра, каб яшчэ па адным з’явілася, напрыклад, у раёне новых шматпавярховікаў ці бальнічнага гарадка.

Сяргей, 26 гадоў:
– Запасаюся грашыма ў чац­вер, на ўсялякі выпадак, бо даўно ведаю, чым гэта можа скончыцца. Яшчэ падказваю, як выйсце, грошы можна зняць на пошце. Дарэчы, па маіх назіраннях, усё ж часцей наяўных няма ў банкамаце “Бел­аграпрамбанка”. А ў банкамаце “Беларусбанка”, які ўмацаваны ў будынак гасцініцы, нехта адарваў адну клавішу. Гэта, канечне, вандалізм карыстальнікаў, але ж адрамантаваць яго трэба ўсё ж такі ўладальніку.

Наталля НАВІЦКАЯ.
Фотаматэрыялы прадстаўлены падпісчыкамі групы “Родныя вытокі” ў вайберы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *