Арон Гинзбург из америки посетил с визитом Докшицкий район
Раён наведаў з візітам вядомы Арон Гінзбург, які з’яўляецца кіраўніком суполкі амерыканскіх габрэяў “Габрэйскія сябры Докшыц”. На гэты раз з ім прыехала таксама прафесар-антраполаг Геля Франк, нашчадак параф’янаўскіх габрэяў Карл Тулевіч. У Мінску да іх далучыўся Павел Юрмашаў.
У адзін з дзён па прыездзе Арон Гінзбург сустрэўся са старшынёй райвыканкама Алегам Пінчуком. У час сустрэчы былі абмеркаваны некалькі пытанняў. У прыватнасці, добраўпарадкаванне памятнага знака на месцы гібелі габрэяў параф’янаўскага гета, пахаванняў ахвяр бягомльскага гета, а таксама далейшы лёс старажытных габрэйскіх могілак у Докшыцах у раёне РЭСа. Амерыканскі госць застаўся вельмі задаволены вынікамі сустрэчы і тым, як аператыўна, захоўваючы дзяржаўныя інтарэсы, і разам з тым, паважаючы памяць ахвяр самай кровапралітнай вайны ХХ стагоддзя, былі вырашаны кіраўніком раённай вертыкалі ўсе ўзнятыя пытанні. Арон Гінзбург падарыў кнігу ўспамінаў людзей з Докшыц і Параф’янава, якія выжылі ў Халакосце.
Яшчэ адным чуллівым момантам стала сустрэча амерыканскай дэлегацыі з Марыяй Балаш у Параф’янаве. Як вядома, сям’я гэтай жанчыны ў вайну ўратавала габрэйскага хлопчыка. Па гэтай прычыне і завітаў да яе некалі Арон. Марыя ж у размове папрасіла яго, калі гэта не складана, пашукаць у ЗША нашчадкаў яе прадзедаў, якія яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя выехалі туды на заработкі. Спачатку сувязь з раднёй падтрымлівалася, страчана была ўжо ў наш час. Арон шукаў Балашоў у Амерыцы на працягу года, знайшоў іх шмат і аказалася, што ўсе яны радня паміж сабой. Паглядзець на зямлю, перадаць ёй прывітанне ад амерыканскіх нашчадкаў і прыехаў з Нью-Ёрка Карл Тулевіч. Хлопца, які, дарэчы, даволі нядрэнна валодае рускай мовай, больш за ўсё ўразілі, па яго словах, прыгажуні-бярозкі і бярозавы сок. “Такога ў Амерыцы няма”, – казаў ён. Затое ёсць у прыезджых жыхароў краіны, асабліва ў габрэяў, на дзіва стойкае пачуццё малой радзімы, той зямлі, адкуль выйшлі іх продкі. Сустрэчу ў хаце Марыі Балаш яны назвалі “Злучэннем сям’і”. Кранальна, магчыма, сентыментальна, затое вечна. Дарэчы, беларус Павел Юрмашаў, родны пляменнік Марыі, выказаў жаданне прыняць удзел у добраўпарадкаванні помніка ў Параф’янаве.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: у час сустрэчы ў райвыканкаме, у цэнтры — Арон Гінзбург з Алегам Пінчуком.
Фота аўтара.