Докшичанина влечёт романтика путешествий
Мары збываюцца, калі хаця б штосьці робіш. У гэтым перакананы з дзяцінства апантаны рамантыкай вандровак дакшычанін Валерый Лобан (на здымку). За яго плячыма – тысячы пратаптаных кіламетраў дарог і рэалізаваныя мары пабываць у іншых краінах. Падчас размовы пра цікавыя месцы, па якіх ён падарожнічаў, Валера так і не змог вылучыць адно самае-самае – кожнае запомнілася сваімі адметнасцямі.
А пачалася любоў да вандровак яшчэ ў школе. Начлег у палатках, духмяная каша на вогнішчы заўсёды вабілі рамантычнага юнака.
– Арганізоўваў гэтыя незабыўныя паходы наш настаўнік Генадзь Іосіфавіч Краўчонак, – узгадвае Валерый. – Ён заўсёды з лёгкасцю збіраў вакол сябе аднадумцаў. З ім было вельмі цікава, весела і пазнавальна. Дзе б ні бывалі, Генадзь Іосіфавіч заўсёды ствараў абстаноўку загадкавасці і таямнічасці, у выніку чаго кожны адчуваў сябе Калумбам. Потым былі школьныя турыстычныя злёты, дзе вучыліся пераадольваць перашкоды прыроднага асяроддзя, што выхоўвала трываласць, цярпенне, загартоўвала маральна і фізічна.
Цяпер і сам Валерый дзеліцца навыкамі пешаходнага турызму з падрастаючым пакаленнем, актыўна дапамагае ў правядзенні раённых турзлётаў і гонак на картынгах.
На старонцы Валеры ў сацыяльных сетках – вялікая колькасць фотаздымкаў, па якіх можна прасачыць за яго вандроўкамі. Уражваюць маляўнічымі відамі так званыя “беларускія мальдзівы” пад Ваўкавыскам, здзіўляюць цяжкадаступнасцю тунэлі закінутых мясцін, вабіць прыгажосцю і велічнасцю самая высокая кропка Карпат – гара Гаверла. Але больш за ўсё фотаздымкаў з мінулагодняга падарожжа па Грузіі.
– Яно адбылося дзякуючы майму сябру, таксама аматару вандровак, з якім вучыліся ў радыётэхнічным каледжы, – расказвае Валерый. – Неяк увечары, у першы дзень майго чарговага працоўнага адпачынку, ён прыехаў да мяне з Мінску, і ўжо на заўтра мы стаялі з заплечнікамі на дарозе ў полацкім накірунку. Так пачалося наша падарожжа ў Грузію аўтастопам. Масква – Тамбоў – Валгаград. Начлег у палатках. Амаль кожны дзень дажджлівае надвор’е. Але мы ўпэўнена ішлі да пастаўленай мэты. Верыць у сябе і ў свае сілы дапамагалі людзі, якіх сустракалі на шляху. Сярод іх не было абыякавых. Кожны стараўся дапамагчы, чым мог: парадай, гарачай гарбатай, проста добрым словам. Некалькі разоў “злавіць” спадарожны транспарт дапамагалі супрацоўнікі ДПС. Па дарозе пабывалі нават у Люксембургу – паселішчы ў Дагестане. Вельмі ўразіла нас сталіца гэтай рэспублікі – Махачкала. Вузкія вулачкі і безліч народу нагадвалі фільмы пра ўсход. І ўсё гэта на фоне гары Таркі-Таў з аднаго боку, і Каспійскага мора – з другога. Калі прыпыняліся, каб штосьці спытаць, ля нас адразу збіраўся вялікі натоўп. У сталіцу Чачні горад Грозны дабраліся ноччу. Аддыхнулі ў палатцы і раніцай рушылі далей. Ва Уладзікаўказе нас сустрэлі сябры, у якіх мы пераначавалі. Да Грузіі заставалася “рукой падаць” – 198 кіламетраў, значная частка якіх – па серпанціне гор. І вось ён – горад нашай мары – Тбілісі. Каб поўнасцю наталіць смагу жаданняў і пачуццяў, вырашылі абавязкова наведаць галоўны турыстычны цэнтр сучаснай Грузіі – горад Батумі, які велічна ўздымаецца на ўзбярэжжы Чорнага мора. Якая ж смачная была грачаная каша з кацялка, якой мы вячэралі, размясціўшыся на пляжы! А раніцай ужо захацелася дадому. За 16 дзён падарожжа пераадолелі 6 тысяч кіламетраў.
Для Валерыя Лобана вандроўкі – не проста хобі. Звычайна, перад тым, як адправіцца ў новае падарожжа, ён вывучае не толькі маршрут, але і асаблівасці таго месца, якое хоча наведаць. Яго цікавяць і прырода, і клімат, і культура мясцовых жыхароў. Да таго ж вандроўкі выхоўваюць самастойнасць, уменне слухаць і знаходзіць агульную мову з навакольнымі, фарміруюць сілу волі. Але, самае галоўнае, лічыць суразмоўца, — знаёмства з рознымі людзьмі, іх побытам і звычкамі, а прыгажосць і незвычайнасць іншых краін вучаць любіць і берагчы сваю родную Беларусь.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.