Иван Чернецкий из Докшицкого района будет отмечать 80-летие со дня рождения

img_9408Днямі ветэран працы Іван Аляксандравіч Чарнецкі адзначае 80-годдзе з дня нараджэння. Нагода больш чым значная для таго, каб наведаць юбіляра, чыё жыццё – гэта практычна цэлая эпоха існавання партыйна-савецкага ладу ў гісторыі краіны.  

Яго працоўная біяграфія атрымала вызначаны накірунак раз і назаўсёды яшчэ ў арміі. Камандаванне звярнула ўвагу на адукаванага, дысцыплінаванага салдата, які ўмеў ладзіць з таварышамі, арганізаваць іх і, калі спатрэбіцца, павесці за сабой. У арміі Іван уступіў у КПСС, атрымаў першую ўзнагароду – Ганаровую грамату ЦК ЛКСМ Беларусі за актыўную камсамольскую работу. Было гэта ў далёкім 1958 годзе. Потым іх будзе цэлы стос. Адна з апошніх – Ганаровая грамата абласнога выканаўчага камітэта ў 1998 годзе. Камсамольскім сакратаром у саўгасе “Сітцы” ён стаў адразу пасля дэмабілізацыі. Арганізацыя была велізарная – 420 чалавек уваходзілі ў шэсць цэхавых арганізацый. Тыя часы ўспамінае, як лепшыя ў сваёй маладосці. Столькі задору, энтузіязму было ў паслеваеннага пакалення, што, здавалася, горы б звярнулі, каб хто загадаў.

Пасля аднаўлення Докшыцкага раёна ў 1965-м годзе пачалася партыйная кар’ера Чарнецкага. Пачынаў парторгам у тагачасным калгасе “Іскра” (Пруднікі). Разам са старшынёй Аркадзем Голубам днявалі і начавалі на фермах ды палетках. У шэсць гадзін раніцы трэба было ўжо быць на нарадзе, дадому вярталіся з цёмным. Усе калгаснікі працавалі з поўнай самааддачай. Іван Аляксандравіч успамінае, што арганікі вывозілі на палеткі па 70 тысяч тон. Затое і ўраджай атрымлівалі адпаведны. Бульба расла, як батоны, атрымлівалі па 380 цэнтнераў з гектара. Паглядзець на яе прыязджала абласное партыйнае кіраўніцтва. А раз прыйшлося сустра­каць і Пятра Міронавіча Машэрава. Прама на поле прыехаў першы сакратар ЦК партыі, каб паціснуць руку хлебаробам.

У канцы 70-х Чарнецкага з “Іскры” перавялі парторгам у саўгас “Вітунічы”. У гэтым краі хлопец з Новай Вёскі затрымаўся назаўсёды. З тагачасным дырэктарам Станіславам Вайцяховічам, якога і зараз успамінае добрым словам старэйшае пакаленне, узяліся за будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў і, у першую чаргу, жылля. Галоўная праблема была ў адсутнасці прафесійных будаўнікоў. Іван Аляксандравіч палову Беларусі аб’ездзіў, але знайшоў талковых. Бацька з сынамі 10 гадоў працавалі ў Вітунічах і пабудавалі тры вуліцы дамоў. Як удалося іх затрымаць, вядома толькі самому Чарнецкаму. Затое са з’яўленнем домікаў пацягнуліся ў Вітунічы маладыя спецыялісты з сем’ямі. Менавіта ў гэтым саўгасе вырасла цэлая плеяда кіраўнікоў раённага звяна, якія потым станоўча праявілі сябе на самастойнай рабоце: Латковіч, Рачыцкі, Альхімёнак. Саўгас грымеў, дзякуючы таленту агранома Валянціны Максімовіч, заатэхніка Марыі Краўцовай.

– Зараз такіх людзей няма, – сцвярджае Іван Аляксандравіч, – Яны гарэлі на рабоце і ўсе былі камуністы. Не ведаю, можа там, дзе наверсе і былі злоўжыванні, карупцыя, пратэкцыя і г.д., а сярод такіх як мы самым ганебным лічылася страціць партбілет. Калі чалавек у чымсьці быў вінаваты, ён прасіў любога пакарання, толькі, каб не выключалі з партыі.

Калі не стала СССР і КПСС, а Чарнецкі да гэтага часу ўжо некалькі гадоў працаваў старшынёй Бярозкаўскага сельвыканкама, то паехаў ён у Докшыцы, пайшоў да былога загадчыка аргаддзела райкама партыі Расціслава Лубачкі і папрасіў сваю асабістую справу, уліковую картку, а таксама партыйныя дакументы яшчэ некаторых членаў саўгаснай партарганізацыі. Да сённяшняга захоўвае іх у сябе дома. Гэта яго жыццё і камуніст Іван Чарнецкі ніколі ад яго не адмаўляўся.

Пакуль Іван Аляксандравіч апантана займаўся партыйна-грамадскай работай, дома сямейную лодку ў патрэбную ручаіну накіроўвала жонка Марыя Іосіфаўна. Адметная гаспадыня, яна невядомым чынам паспявала працаваць у саўгаснай сталовай, трымаць дома вялікую гаспадарку, выхоў­ваць траіх дзяцей і быць надзейным тылам для мужа. Яе прыгожыя карыя вочы ўмелі бачыць, разумець і прабачаць. Яна і сёння першая дапамога яшчэ статнага, нягледзячы на ўзрост, прадстаўнічага мужа.

Сваё 80-годдзе юбіляр будзе адзначаць у кафэ ў Докшыцах, якое заказалі для яго дзеці з унукамі. Прыемна, дастойна, прыгожа. Здароўя Вам, паважаны Іван Аляксандравіч, і Вашай сям’і!

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: Іван Чарнецкі з Вітуніч.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *