Самые вкусные котлеты во фритюре в Докшицах у Гульсиры Явид

bez-imeni-1Кожны з нас у нейкай ступені валодае навыкамі кухара. Канечне, не прафесійнымі, але спячы яйка на патэльні нікому не будзе складаным. Калі ж за справу возьмецца сапраўдны майстар, то, магчыма, тое самае яйка ён запячэ арыгінальна, да прыкладу, у авакада. 

Аб’ект грамадскага харчавання “Александрыя” – даволі вядомае месца адпачынку ў райцэнтры. Надта экзатычных страў кухары тут не гатуюць, аднак абяцаюць накарміць наведвальнікаў смачным і, што не менш важна, – танным абедам.

– Меню распрацоўваем на кулінарных саветах, якія праходзяць штомесяц, – гаворыць начальнік аддзела грамадскага харчавання райста Ганна Палячонак. – На іх кожны кухар прапануе сваю новую страву. Зараз, напрыклад, пачаўся сезон гародніны, таму ў прыгатаванні перавагу аддаём менавіта ёй. Кліентам падабаецца боршч халодны, першае са свежай капусты, суп з фрыкадэлькамі. Дарэчы, за талерку супу трэба будзе заплаціць усяго 40 капеек. Кліентам падабаецца, бывае, што заказваюць і двайную порцыю.

Прыгатаваннем страў у “Александрыі” займаецца майстар-кухар чацвёртага разраду Гульсіра Явід. Такім незвычайным для нашага слыху імем – Гульсіра – абавязана тым, што яна башкірка. У Башкартастане закончыла кулінарнае вучылішча. Пазней давялося жыць у Цюменскай вобласці, дзе і сустрэ­ла свой лёс: выйшла замуж за докшыцкага хлопца. А калі нарадзіліся сыны-двайняты, сям’я вярнулася на радзіму мужа. Тут Гуля ўладкавалася ў грамадскае харчаванне. Стажыравацца пачынала ў рэстаране, а першым памочнікам і дарадцам для яе стала тэхнолаг Марына Васько, якая многаму навучыла маладога кухара.
Гаспадыня кухні вось ужо на працягу дваццаці гадоў стараецца, каб стравы былі смачныя, прыгожа аформленыя і з першага погляду выклікалі апетыт. Той, каму хоць аднойчы прыйшлося пакаштаваць катлеты “Папараць-кветка”, прыгатаваныя ёю, не можа забыць іх смак. Побач з Гульсірой завіхаецца малады спецыяліст Алена Бярозка, якая прыйшла на працу пасля заканчэння Полацкага кулінарнага каледжа. Уважлівая, акуратная, Алена хутка і выдатна спраўляецца з абавязкамі. Асабліва клопатна і ў той жа час прыемна для работнікаў, калі ў кафэ заказваюцца банкеты – вяселле альбо юбілей. Кожнаму прафесіяналу хочацца, каб стравы на стале выглядалі па-святочнаму прыгожа, вызначаліся адметным смакам. І гэта ў майстраў атрымоўваецца. Трэба сказаць, што на летні перыяд зала “Александрыі” ўжо забраніравана на 80 працэнтаў.
Дарэчы, яшчэ адну нішу ў сферы паслуг – кейтэрынг – заняў гэты аб’ект грамадскага харчавання. Скарыстацца ёй можа кожны. Трэба толькі патэлефанаваць па нумары 2-17-99 альбо 2-11-12 і зрабіць заказ на выязное абслугоўванне. Святочнае меню прапаноўваецца персаналам. Улічваюцца таксама і пажаданні заказчыка. Асаблівай папулярнасцю кейтэрынг карыстаецца падчас правядзення выпускных баляў. У мінулым годзе абслугоўвалі святочныя сталы з выездам у Параф’янава, Бярозкі, Бярозаўку. Гатовыя стравы, раскладзеныя па талерках, дастаўляюцца да назначанага часу, а па жаданні кліента бармэн можа застацца абслугоўваць гасцей. Калі ў вас сёння, напрыклад, дзень нараджэння, а часу зусім не хапае, каб падрыхтаваць святочны стол, трэба завітаць у кафэ, дзе прапануюць катлеты па-кіеўскі, шчупака фаршыраванага з індывідуальным афармленнем, заліўное, руляду, мяса, запечанае ў фальзе і іншае. Тое, што вы пазбавіцеся ад непатрэбных клопатаў, зэканоміце час, і галоўнае, адчуеце сябе сапраўднай гераіняй свята, а не папялушкай на кухні, работнікі кафэ гарантуюць!

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *