Солнечный доктор работает в Докшицкой ЦРБ
Менавіта так называюць урача-рэнтгенолага Докшыцкай ЦРБ Дар’ю Акуневіч. У жніўні будзе тры гады, як выпускніца Гродзенскага медуніверсітэта размеркавалася ў наш раён, і за ўвесь гэты час калегі не прыгадаюць дня, каб доктар прыйшла на працу ў дрэнным настроі і без фірмовай шчырай усмешкі.
Галоўны ўрач ЦРБ Сяргей Кубар зазначае, што гэты малады спецыяліст у прафесіі чалавек не выпадковы: мэтанакіраваны, дасведчаны, дакладна ўсведамляе той шлях, які выбраў, і ўпэўнена крочыць па ім.
Дар’я Сяргееўна сумяшчае дзве спецыялізацыі, бо, акрамя флюраграфічных даследванняў, праводзіць ультрагукавыя даследаванні сасудаў, шчытападобнай залозы, органаў брушной поласці і нырак. У прафесійнай медыцынскай суполцы пра ўрачоў інструментальнай дыягностыкі кажуць, што яны вочы і рукі доктара. І гэта сапраўды так, бо “бачаць” яны тое, што не ўбачыш пры звычайным прыёме.
Зараз існуе меркаванне, што ўльтрагукавую дыягностыку лепш рабіць у прыватных клініках, маўляў, там абсталяванне больш сучаснае і ўрачы больш кампетэнтныя. Гэта пры тым, што большасць першасных праяў захворванняў можна было вызначыць менавіта прайшоўшы своечасовую дыягностыку, а хутчэй за ўсё зрабіць яе ў сваім раёне. Вось і атрымліваецца, што абследавацца ў сталічныя цэнтры грамадзяне дабіраюцца часам ужо досыць позна, калі хвароба моцна прыцісне. Пасля абследавання даводзіцца ізноў жа вяртацца да раённага ўрача. Гэтыя пастулаты Акуневіч не стамляецца растлумачваць сваім пацыентам.
За знешнім пазітывам і лёгкасцю характару Дар’і Сяргееўны крыецца чалавек з глыбокім унутраным светам, шырокім колам захапленняў і цвёрдай жыццёвай пазіцыяй.
– Мой родны раён – Бешанковіцкі, – расказвае пра сябе Дар’я Акуневіч. – Тата, мама, старэйшы брат – усе яны заканчвалі Віцебскую ветакадэмію і працуюць у сельскай гаспадарцы. Я ж вырашыла, што буду не проста ўрачом, а менавіта дыягностам, якіх рыхтуюць толькі ў Гродне. Каб паглыблена вывучаць хімію і біялогію, з бацькоўскім домам прыйшлося развітацца рана. Спачатку паступіла ў Лужаснянскую гімназію, потым — ва ўніверсітэт. Пакуль вучылася, дадому ўдавалася наведвацца не больш чым раз у паўгода на дзень-два. Не люблю марнаваць час доўгімі пасядзелкамі ў Сеціве ці тэлефоннымі размовамі. Па мне лепш адзін раз прыехаць да родных і нагаварыцца ўдосталь, як кажуць, вочы ў вочы.
А яшчэ сённяшняя гераіня – заўзятая падарожніца. Як яна сама прызнаецца, адпачынак кшталту дзесяць дзён на моры па праграме “ўсё ўключана” – гэта не пра яе. Дар’я вандруе па СНД і замежжы, заўжды выбірае экскурсійныя туры, каб даведацца пра штосьці новае, але пры гэтым абавязкова знойдзе патаемнае мястэчка, прысядзе, каб наталіцца яго паветрам. А яшчэ яна вельмі любіць даследаваць Беларусь:
– Мая матуля кажа, што не паспявае сачыць за геаграфіяй маіх перамяшчэнняў: толькі была ў Докшыцах, а выхадныя – і я ўжо імчу на цягніку ў Гродна, Брэст ці яшчэ куды.
Дар’я Акуневіч, як і большасць сучасных жанчын, – кіроўца, аднак успрымае гэты факт,проста як магчымасць хутка дабірацца да працы або наведваць родных. Падарожнічае яна выключна грамадскім транспартам, асабліва любіць цягнікі з іх атмасферай і няспешнай зменай карцінак.
У райцэнтры маладому доктару выдзелены пакой у інтэрнаце. Умовамі пражывання Дар’я задаволена і адзначае, што, у прынцыпе, прывыкла акружаць сябе толькі патрэбнымі рэчамі. Яна ніколькі не засмучаецца, што пачала свой працоўны шлях у невялікім райцэнтры. Наадварот, лічыць, што пачынаць спасцігаць медыцынскую практыку лепш у невялікай медустанове, бо вопыт гэты – бясцэнны. Напружанне пасля работы любіць здымаць у басейне, пасколькі плаванне – любімы від спорту дзяўчыны. А яшчэ слухае рок-музыку, шмат чытае. Любімыя пісьменнікі – фантаст Аляксей Пехаў і беларуска Вольга Грамыка, якая працуе ў жанры фэнтэзі.
– Для камфортнага самаадчування мне патрэбны веласіпед, зручны абутак, кніга і галоўнае – любімая работа. Усё гэта ў мяне ёсць і не дае падстаў скардзіцца на жыццё, – заключае Дар’я Акуневіч.
Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.