Любителей туризма собрал ТЦСОН в Докшицах (+ ФОТО)
“Обувайте быстро кеды и шагайте до победы!” – пад такім аптымістычным дэвізам спаборнічалі ў турыстычным спаборніцтве зборныя наведвальнікаў двух аддзяленняў ТЦСАН: дзённага знаходжання для інвалідаў і для грамадзян пажылога ўзросту. Сяброўская сустрэча адбылася ў райцэнтры ў парку, што па вуліцы Піянерскай, у якім арганізатары мерапрыемства загадзя падрыхтавалі тэматычныя пляцоўкі з рознымі вясёлымі і цікавымі конкурсамі.
Пачаўся турзлёт па традыцыі з прывітання. Па эмблемах на майках і своеасаблівых галаўных уборах адразу было бачна, дзе каманда “Смайлікаў”, а дзе – “Энерджайзераў”. Апошнія, каб быць больш падобнымі на сапраўдных турыстаў, для антуражу прыхапілі з сабой заплечнікі. Дарэчы, менавіта гэтым шмат чаго змяшчальным сумкам было прысвечана першае выпрабаванне. Па яго ўмовах трэба было не толькі сабраць у заплечнік патрэбныя для турыста рэчы, але і растлумачыць: навошта мець з сабой у паходзе, напрыклад, цэлафанавы пакет? А ці ведаеце вы, дзе павінны ляжаць у заплечніку самыя цяжкія рэчы? А куды кладуць хлеб? Адказаўшы на гэтыя і іншыя пытанні, можна было зарабіць дадатковыя балы ў скарбонку сваёй каманды.
Наступная станцыя мела элементы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. На ёй удзельнікі прадэманстравалі сваё бачанне прыгожага, для чаго выкарыстоўвалі прыродны матэрыял. У выніку ў “Энерджайзераў” атрымалася цёплае і ўтульнае гняздо для цацачнага вожыка, а “Смайлікі” стварылі прыродны нацюрморт, галоўным элементам якога сталі вогнена-чырвоныя ягады каліны.
На падыходзе да прыпынку “Травяная аптэка” ахутвала воблака прыемных водараў ад букетаў лекавых раслін, пра карысныя ўласцівасці якіх і расказвалі турысты.
Падчас конкурсу мастацкай самадзейнасці ўдзельнікі здзіўлялі на турыстычную тэму песнямі і вершамі. “Смайлікі” прапанавалі ўсім далучыцца да фіззарадкі пад знакамітую песню Уладзіміра Высоцкага.
Асабліва весела прайшло спартыўнае выпрабаванне, у якім удзельнікі яшчэ раз пацвердзілі, што галоўнае – не перамога, а ўзаемадапамога і камандны дух.
Актыўнае баўленне часу на свежым паветры, безумоўна, нагуляла ва ўсіх апетыт, а таму з вялікім жаданнем зборныя “кулінарылі” падчас завяршальнага этапу спаборніцтва, які меў назву “Палявая кухня”. “Смайлікі” гатавалі апетытныя бутэрброды з салам у выглядзе караблікаў, а “Энерджайзеры” частавалі садовай малінай, якую расклалі ў выразаныя з яблык кошыкі.
Перамагло ў турзлёце сяброўства, а яшчэ пазітыў, аптымізм і добры настрой. Кожны з удзельнікаў ад прадпрымальнікаў Валодзькіных атрымаў салодкі падарунак.
Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.