В рамках фестиваля «Двух рек» прошёл конкурс «Березинские напевы»
На кірмашы, што размясціўся ў фае, ўсе ахвотныя маглі пазнаёміцца з вырабамі ручной работы і
асвоіць роспіс гарачым воскам, а конкурс вакалістаў аб’яднаў у зале сапраўдных аматараў музыкі. У Докшыцы завіталі народныя ансамблі, сямейныя калектывы і вакалісты з розных гарадоў і мястэчак нашай рэспублікі: Глыбоцкага, Астравецкага, Хойніцкага, Барысаўскага, Полацкага, Вілейскага, Бабруйскага і іншых раёнаў.
Усе артысты творча падышлі да мерапрыемства: парадавалі прысутных моцнымі галасамі, цудоўна падабраным рэпертуарам, зладжаным і энергічным выкананнем. Са сцэны гучалі песні на рускай, беларускай і англійскай мовах пераважна пра радзіму, вайну і…каханне. Куды ж без яго?
Сваім выдатным вакалам усіх здзівіла прадстаўніца Полацка Алеся Дымнікава. А цёзка знакамітага барда, Уладзімір Высоцкі з Вілейкі, крануў залу глыбінёй і пранікнёнасцю выканання. Сямейны дуэт бабруйчан Башмаковых, выканаўшы песню пра вайну, прымусіў сэрцы прысутных трывожна біцца. Ва ўнісон гучалі галасы прадстаўнікоў сямейных калектываў Арловых з Бабруйскага раёна і Уласікаў з вёскі Альхоўка Астравецкага раёна.
Многія нумары вылучаліся арыгінальнасцю падачы і выканання: адны дэманстравалі сапраўднае тэатралізаванае прадстаўленне на сцэне, другія выконвалі песні пад гармонік і бубен. Кожны ўнёс у сваё выступленне пэўную ізюмінку, таму журы было складана выбраць пераможцаў. Тым не менш узнагарод хапіла ўсім: амаль кожны ўдзельнік быў адзначаны ў той ці іншай намінацыі. Усіх дыпламантаў віталі і падтрымлівалі апладысментамі задаволеныя гледачы.
НА ЗДЫМКУ: пераможцы ў намінацыі «Тэатральная сям’я» Ірына Івашэнка і Мікіта Палтарацкі.
Таццяна ШУСТОЎСКАЯ.
Фота аўтара.