Вечное противостояние: бумажная книга vs электронная «читалка»
451 градус па Фарэнгейце. Такую назву мае вядомы навукова-фантастычны раман-антыўтопія Рэя Брэдберы. І менавіта пры гэтай тэмпературы, больш звыклай нам, як 232,8 градусы па Цэльсію, запальваецца і гарыць папера. Кніга была напісана ў 1953 годзе, але ўжо тады пісьменнік прадвызначыў лёс папяровых кніг у эпоху жорсткай цэнзуры таталітарнага рэжыму. На працягу наступных 65 гадоў адносіны да кніг і непасрэдна да чытання кардынальна мяняліся ад вялікага захаплення да абыякавасці. Апошнім часам мода на чытанне пачынае вяртацца: пакрысе ствараюцца чытацкія клубы, бібліяфілы ганяюцца за самымі рэдкімі выданнямі для ўласнай бібліятэкі, у Сеціве павялічваецца колькасць прыхільнікаў “букцюбу” і “букстаграму”. Дык ці важна сёння чытаць? І якую кнігу выбраць?
Цішыня ў бібліятэках!
Здаўна кнігі былі аднымі з лепшых сяброў чалавека. Аматары чытання стваралі натоўпы ля кніжных крамаў, наведвалі літаратурныя гасцёўні. Дзеці бавілі час, разглядаючы яркія малюнкі, моладзь збіралася ў бібліятэках.
Але дзе падзеліся нашыя лепшыя сябры сёння? Чаму пытанне пра апошнюю прачытаную кнігу выклікае ступар і раздражненне?
Зараз у бібліятэках сапраўдная цішыня і не таму, што гэтага патрабуе сур’ёзны бібліятэкар. І калі сюды завітвае хтосьці, то гэта, пэўна, пенсіянер, або вучань, якому трэба прачытаць нешта да ўрока.
З пытаннем “Якім чынам інтэрнэт-прагрэс паўплываў на наведванне бібліятэкі?” мы звярнуліся да Алены Гудзь, загадчыцы раённай дзіцячай бібліятэкі.
– У першую чаргу, хваля Інтэрнэту закранула тых дзяцей, якія звярталіся ў бібліятэку, каб знайсці патрэбную бібліяграфічную інфармацыю для напісання, напрыклад, рэферата. Раней гэта ўсё рабілася традыцыйна: дзеці прыходзілі да нас, бралі патрэбную энцыклапедыю і працавалі з “жывой” крыніцай ведаў. Зараз за іх усё робіць камп’ютар, – адказвае Алена Уладзіміраўна. – Што датычыцца чытачоў мастацкай літаратуры, то іх колькасць, на шчасце, не паменшылася. Той, хто сапраўды любіць чытаць, даўно ўжо з’яўляецца сябрам нашай бібліятэкі і заўсёды прыходзіць за новай кніжкай. Лічу, што шоргат папяровых старонак і перачытванні асобных момантаў кнігі нішто не заменіць.
Букцюб – відэаблогі з кніжнымі аглядамі, у якіх людзі не толькі расказваюць пра цікавыя або не вельмі кнігі, але і ствараюць чытацкія калабарацыі, абменьваюцца букцюб-сюрпрызамі і знаходзяць новых сяброў.
Букстаграм – кніжны блог у “Інстаграме”, які ўяўляе сабой якасны фотаздымак на кніжную тэматыку, разважанні пра кнігі і абавязкова спецыяльныя хэштэгі тыпу #люблючытаць #светпавіненведацьштоячытаю #кніжныпост і інш.
Як захаваць зрок?
— Лепш чытаць за сталом. Адлегласць паміж вачыма і кнігай павінна быць не менш за 40-45 см. Лежачы чытаць не рэкамендуецца.
— Папяровую кнігу можна чытаць ад 30 да 50 хвілін у залежнасці ад узросту таго, хто чытае, пасля гэтага абавязкова рабіць перапынак у 15 хвілін.
— Дзецям рэкамендуецца праводзіць за кампьютарам не больш за дзве гадзіны ў дзень.
— Не забывайцеся пра размінку для вачэй.
— Харчуйцеся правільна. Карыснымі для вачэй будуць наступныя прадукты: чарніцы, морква, гарбуз, рыба, цыбуля, шпінат і брокалі, садавіна.
“Гад жа ты!”
У нашым такім імклівым тэхнічным стагоддзі павялічваецца тэндэнцыя да спрашчэння жыцця: “разумныя” тэлефоны дапамагаюць і чайнік уключыць, і за кватэру заплаціць, цэлая кніжная шафа зараз змяшчаецца ў адным “гаджэце” – электроннай “чыталцы”. Сапраўды, у Сеціве зараз можна знайсці любую кнігу, і хаця некаторыя з іх платныя, але ж усё роўна спампаваць іх прасцей, чым ісці ў краму ці пераплачваць грошы за дастаўку, заказваючы папяровы асобнік у інтэрнэт-магазіне.
– Я даўно перайшла на электронныя кнігі, – гаворыць студэнтка Святлана Каляга. – Помню, як была першакурсніцай, доўга шукала папяровы асобнік падручніка. Не знайшоўшы яго ні ў крамах, ні ў бібліятэках, вымушана была спампаваць патрэбны на тэлефон. З цягам часу набыла электронную чыталку, якая, на мой погляд, больш зручная, чым папяровыя кнігі: яна не займае шмат месца ў сумачцы і змяшчае шэраг кніг на любы густ. Тым больш, я вельмі люблю чытаць творы на англійскай мове, а арыгінальныя кнігі замежных аўтараў зараз складана знайсці, і каштуюць яны вялікіх грошай. Таму “электронка” – лепшае выйсце ў такой сітуацыі.
Але наколькі зручная і карысная электронная кніга?
Урачы-афтальмолагі ўпэўнены, што, выбіраючы паміж папяровай і электроннай кнігай, трэба аддаць перавагу першай. Але і ў гэтым выпадку падчас чытання трэба рабіць перапынкі каля 15 хвілін, каб даць вачам адпачыць. Шкода электронных гаджэтаў у тым, што экранная выява складаецца з асобных кропак (пікселяў) і не мае выразных межаў. Найбольшую небяспеку вачам нясе яркасць падсвятлення экрана, якая дазваляе чытаць у цемры. Яе трэба наладзіць так, каб нават падчас чытання з планшэта ўзнікала патрэба ў настольнай лямпе.
Падчас працяглай працы з электроннымі прыладамі вочы пачынаюць чырванець, слязіцца, свярбець. Але, калі ўжо і аддаваць перавагу электронным сродкам, то ў такім выпадку камп’ютар будзе лепшым выбарам, чым планшэт або ноўтбук. Аднак, незалежна ад таго, які рэсурс для чытання будзе больш зручным, трэба абавязкова прытрымлівацца агульнавядомых правілаў, якія дапамогуць кожнаму захаваць добры зрок на доўгія гады.
Усё “лепшае” – дзецям!
Імкліва набліжаецца той час, калі вучням не прыйдзецца больш насіць у школу грувасткія заплечнікі з тоўстымі падручнікамі. Хутка як дзённікі, так і школьныя кнігі будуць электроннымі. Але ці палепшыць гэта ўмовы вучобы дзяцей і працу педагогаў?
– Я за электронныя падручнікі, – выказала сваё меркаванне настаўніца беларускай мовы і літаратуры Крулеўшчынскай СШ Вольга Парневіч. – Да прыкладу, вось ужо сёмы год у школьнай праграме вывучаюцца “Каласы пад сярпом тваім” У. Караткевіча, а “жывых” кніг няма – хоць на пальцах вывучай. Было б выдатна, каб электронныя падручнікі з’явіліся ў кабінетах. Штоўрочнае капашэнне ў смартфонах вялікай карысці не прыносіць, а вывучаць класічныя творы хацелася б не ўмоўна, а грунтоўна.
Іншы бок медаля – бацькі, многія з якіх, на жаль, з самага ранняга дзяцінства прывучаюць “сваю крывіначку” да гаджэтаў – абы толькі не плакала дзіцятка! Многія нават не ўяўляюць, што можа прынесці гэта “цацка” акрамя сапсаванага зроку. Электронныя рэсурсы – бомба запаволенага дзеяння, якая пакрысе псуе нервовую сістэму дзіцяці і ў выніку прыводзіць да сур’ёзнай залежнасці. Ці хацелі б вы, каб тэлефон кіраваў вамі?
– Я разумею, што ад тэхнічнага прагрэсу нельга нікуды сысці, – дзеліцца Кацярына Кубельнік, мама траіх дзяцей. – Электронныя рэсурсы больш зручныя і сучасныя. Тым не менш папяровыя падручнікі – звыклы і бяспечны варыянт. Сёння дзеці і так шмат часу праводзяць, седзячы ў планшэтах, таму калі ім дадуць яшчэ і электронныя падручнікі, то час за камп’ютарам, цяпер ужо нібыта з карысцю, падоўжыцца ўдвая.
“Рукапісы не гараць” –
сказаў адзін з герояў бессмяротнага рамана М. Булгакава. З гэтым нельга не пагадзіцца. І зусім не важна, папяровая гэта будзе кніга ці электронная – лепшыя творы заўсёды будуць чытацца. І кожны з нас мае права сам выбіраць сродак чытання. Галоўнае, каб нават “спампаваўшы” чарговую кнігу ў тэлефон, вы аддавалі перавагу ёй, а не займаліся разбурэннем сваёй псіхікі, праводзячы кожны дзень у новамодных гульнях і сацыяльных сетках.
Чытайце кнігі, пашырайце свой кругагляд і помніце, што для тых, хто баіцца сапсаваць зрок, існуе выйсце – аўдыёкніга!
Таццяна САКОВІЧ.