Педагогическая конференция состоялась в Докшицах
Штогод напрыканцы жніўня педагогі раёна збіраюцца на педагагічную канферэнцыю, каб падвесці вынікі дзейнасці ўстаноў адукацыі за мінулы навучальны год і вызначыць перспектыўныя планы работы на будучы.
Перад пачаткам афіцыйнага мерапрыемства ў фае кінаканцэртнай залы “Іскра” было цёпла і ўтульна – педагогі з усіх куткоў раёна сустрэліся пасля летняга адпачынку, каб пагутарыць, падзяліцца цікавымі навінамі і ацаніць выставу кветкавых кампазіцый, падрыхтаваную калектывамі ўстаноў адукацыі. Там жа адбылося і віншаванне ветэранаў педагагічнай працы: дзяўчаты ў нацыянальных строях з цёплымі словамі звярнуліся да Валянціны Ванюшынай, Ірыны Елісеевай, Вольгі Ільіч, Данаты Лапатка і Анатоля Салаўёва і падарылі ім памятныя падарункі.
Афіцыйная частка канферэнцыі пачалася з музычнага прывітання.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч выказала падзяку калектывам школ за дапамогу ў добраўпарадкаванні помнікаў, вёсак і райцэнтра. Намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна прыгадала паспяховую дзейнасць калектываў устаноў адукацыі, а таксама выказала спадзяванне на іх далейшую плённую працу.
Сёлета вялікая педагагічная сям’я папоўнілася васьмю актыўнымі, энергічнымі, ініцыятыўнымі маладымі настаўнікамі. Ад імя маладых спецыялістаў выступіла выпускніца Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Наталля Даніляк, якая пачне сваю працоўную дзейнасць у Глінскай сярэдняй школе.
Сваім педагагічным вопытам падзялілася Валянціна Ванюшына, за плячыма якой 40 гадоў педагагічнага стажу. Вопытны настаўнік пажадала маладым калегам моцнага здароўя, поспехаў у працы і нагадала, што настаўніцкае шчасце складаецца з вучнёўскіх перамог.
Яе падтрымала выконваючая абавязкі начальніка аддзела па адукацыі Алена Кучыц, якая зазначыла, што асноўны накірунак працы – павышэнне якасці адукацыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі грамадства.
– Сёння эканамічная сітуацыя дыктуе неабходнасць шукаць унутраныя рэзервы. Зараз важна шырэй выкарыстоўваць пазабюджэтныя крыніцы: вучыцца зарабляць самім, прыцягваць апякунскі савет, шэфаў, удзельнічаць у праектах, – падкрэсліла яна ў сваім выступленні.
Алена Аляксандраўна паведаміла, што ўжо пачалася рэалізацыя праекта “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі РБ” з прыцягненнем пазыкі Сусветнага банка, у межах якога будзе праведзены капітальны рамонт СШ № 2.
Па яе словах, працягваецца работа і па папярэджанні дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. Зараз у сямі ўстановах адукацыі абсталяваны кабінеты па вывучэнні Правілаў дарожнага руху, аформлены куткі бяспекі, у большасці ўстаноў створаны дзіцячыя пляцоўкі для практычных заняткаў. Да 1 кастрычніка такія пляцоўкі з’явяцца ў кожнай установе.
Асноўнай умовай якасці адукацыі застаецца наяўнасць кваліфікаваных педагогаў. У кожнай школе ёсць рэзервы па павышэнні катэгарыйнасці педагогаў, таму гэта пытанне і сёння застаецца актуальным.
Вялікую ўвагу па-ранейшаму трэба надаваць пытанням прафарыентацыі і профільнага навучання. Адметнай асаблівасцю новага навучальнага года з’яўляецца арганізацыя прафесійнай падрыхтоўкі навучэнцаў, пачынаючы з дзясятага класа. Ёй будуць ахоплены 44 дзесяцікласнікі. Вучэбным планам прадугледжана шэсць гадзін у тыдзень працоўнага навучання, на якіх вучні змогуць атрымліваць першапачатковыя навыкі па такіх спецыяльнасцях, як гароднінавод, кветкавод, цясляр і швачка. Акрамя гэтага, на базе Парплішчанскай СШ адкрыецца аграклас.
Алена Кучыц выказала словы ўдзячнасці ўсім установам адукацыі за вялікую работу на працягу мінулага навучальнага года і за якасную падрыхтоўку школ да 1 верасня, а таксама вызначыла прыярытэтныя накірункі работы ў наступным навучальным годзе: эканомія бюджэтных сродкаў і пашырэнне пазабюджэтнай дзейнасці, выкананне праграмы па самазабеспячэнні, належны кантроль за ўтрыманнем будынкаў і збудаванняў, стварэнне бяспечных умоў працы і знаходжання на тэрыторыі ўстановы адукацыі дзяцей, а таксама работа з адоранымі і высокаматываванымі вучнямі, паспяховы ўдзел у розных інтэлектуальных конкурсах і алімпіядах, атрыманне высокіх вынікаў па ЦТ.
Зразумела, што дасягненні і ўзнагароды дзяцей – гэта высокая ацэнка эфектыўнай дзейнасці педагогаў, чыя праца годная ўвагі. Таму сваім вопытам і вынікамі падзяліліся дырэктар Параф’янаўскай СШ Віктар Каросцік, настаўніца англійскай мовы СШ № 2 Алена Хілько, загадчыца Крулеўшчынскага яслі-сада №1 Ірына Бабіч, намеснік дырэктара раённага Цэнтра дзяцей і моладзі Аляксандр Вайцяховіч і дырэктар Бягомльскай дапаможнай школы-інтэрнат Валерый Міхайлоўскі.
Прыемным момантам стала традыцыйнае ўзнагароджанне асобных педагогаў за высокі ўзровень прафесійнага майстэрства і якасную працу ў сферы адукацыі. Ганаровымі граматамі аддзела па адукацыі райвыканкама былі ўзнагароджаны трынаццаць настаўнікаў. Старшыня райкама прафсаюза Таццяна Ягорава ўручыла Ганаровую грамату камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі і памятны падарунак настаўніцы музыкі Крулеўшчынскай СШ, пераможцу абласнога этапа Рэспубліканскага конкурсу творчых працоўных калектываў “Новыя імёны Беларусі-2018” Алесі Паляковай.
Былі падведзены вынікі выставы-конкурсу “Кветак вясёлы карнавал”. Сваімі творчымі нумарамі прысутных парадавалі ўзорныя калектывы раённага Цэнтра дзяцей і моладзі “Тоніка” і “Сюрпрыз”. Цікавасць выклікаў паказ сучаснай школьнай формы. Удзельнікі народнага ансамбля “Гуляй, Бульбаш!” правялі сапраўдны інтэрактыў з залам і адарылі усіх педагогаў зарадам бадзёрасці і пазітыву.
Тэкст і фота Таццяны Саковіч.