Из истории ВЛКСМ в Докшицком районе
Сёлета спаўняецца 100 гадоў арганізацыі моладзі, якая была створана ў савецкай Расіі 29 кастрычніка 1918 года. 13 лістапада гэтага ж года ў Віцебску адбыўся агульнагарадскі сход рабочай моладзі. Да канца года ў Віцебску, Оршы і Дуброўне пачалі існаваць 18 камсамольскіх арганізацый. На тэрыторыі нашага раёна першыя камсамольскія арганізацыі ўзніклі ў 1920 годзе ў яго ўсходняй часці ў Бягомлі і вёсцы Валча. Вось як пра гэта пісала да 60-годдзя Усесаюзнага ленінскага камуністычнага саюза моладзі наша раённая газета “Ленінская трыбуна”.
“…Бягомльскі раённы камітэт камсамола стаў актыўна ўдзельнічаць у ліквідацыі непісьменнасці, праводзіць работ па росту радоў ВЛКСМ. Першыя камсамольцы раёна сталі актыўнымі ўдзельнікамі барацьбы з кулакамі за стварэнне калгасаў. Такімі словамі пачаў сваё выступленне першы сакратар РК ЛКСМБ А.У. Салаўёў.
З першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі па закліку нашай партыі моладзь раёна станавілася на шлях узброенага супраціўлення ворагу. У радзе населеных пунктаў ўзніклі падпольныя партыйна-камсамольскія арганізацыі. Яны былі створаны ў Бягомлі, Слабадзе, Федарках, Кадлубішчы, Кветчы, Глінным. Падпольшчыкі праводзілі вялікую растлумачальную работу з насельніцтвам, заклікалі да супраціўлення, збіралі зброю.
У тыле ворага дзейнічаў Бягомльскі падпольны райком камсамола. Жыхарам раёна вядомы бессмяротныя подзвігі камсамольцаў Анатоля Ковеля, М.Я. Аўчыннікава, Пракопа Піваварава, Івана Жаваранкава, а таксама ўсіх членаў падпольнай камсамольскай арганізацыі ў Глінным, якую ўзначальвала Аляксандра Ніканава.
Больш як палавіна Бягомльшчыны была спалена фашыстамі. У полымі пажарышчаў гінулі дзесяткі і сотні мясцовых жыхароў. Лёс Шунеўкі, як і лёс бессмяротнай Хатыні, вечным болем будзе стукацца ў кожнае сэрца.
Не скарыліся людзі, не сталі рабамі. Усе новыя і новыя сілы ўліваліся ў рады партызанскай брыгады “Жалязняк”. Больш тысячы тут было камуністаў і камсамольцаў. Не дажылі да шчаслівага дня Перамогі камсамольскія важакі Сяргей Захарэвіч і Анатоль Літвінок…”
Важак камсамольцаў раёна Анатоль Салаўёў расказаў таксама ў сваім выступленні, што і сёння моладзь заўсёды на пярэднім краі.
“,,,Значную работу правялі камсамольскія арганізацыі раёна па своечасовай і якаснай уборцы ўраджаю. Пераможцамі абласнога спаборніцтва сярод маладых камбайнераў другі год запар стаў камсамольска-маладзёжны экіпаж з калгаса “зара Камунізму” у саставе Мікалая Маскалёнка і Алега Варанковіча. На камбайне “Ніва” яны намалацілі 649 тон зерня. %03 тоны намалаціў экіпаж у саставе Віктара Баброўскага і Андрэя Глінскага з калгаса “Камсамолец”. 349 тон на рахунку Канстанціна Ралаўца і Мікалая Пярэдні з саўгаса “Камунар”…”