Творческую выставку представили докшицкие библиотекари
Па традыцыі, кожны дзень тыдня напярэдадні свайго прафесійнага свята бібліятэкары праводзяць розныя мерапрыемствы. Сёлета адным з самых цікавых і запамінальных стала выстава “Бібліятэкары фантазіруюць”, якая аформлена ў чытальнай зале раённай бібліятэкі. У падарожжа па любімых кнігах бібліятэкары прапанавалі адправіцца разам з казачнымі героямі, зробленымі сваімі рукамі з рознага матэрыялу. У асноўным для вырабаў выкарыстоўвалася гародніна. Напрыклад, сімпатычнага Кракадзіла Гену, зробленага з кабачка, прадставіла на выставу Станіслаўская сельская бібліятэка-клуб. Таксама з гэтай гародніны атрымаўся прыгожы Лятучы карабель у Заборцаўскай бібліятэкі. Побач з імі ўтульна ўладкаваўся вясёлы Чыпаліна, які быццам збег з цыбульнай градкі ў Глінскую бібліятэку. З бярозавай кары змайстравалі Старыка Хатабыча ў Янках. Таксама прыродныя матэрыялы выкарыстоўвалі і многія іншыя ўдзельнікі выставы. Напэўна, самай папулярнай казкай у бібліятэкараў можна назваць “Дзюймовачку” Андэрсана, бо гэтую маленькую дзяўчынку прадставілі дзве ўстановы культуры – Барсукоўская і Параф’янаўская. Некаторыя бібліятэкары зрабілі цэлыя кампазіцыі. Напрыклад, у Несцераўшчыне падставай для іх стаў сюжэт з “Казкі пра рыбака і рыбку”, у якім ёсць і папяровае мора, і човен, і стары з рыбацкай сеткай. Таксама сетку, але як павуцінне для павука з казкі “Муха-Цакатуха” наплялі ў Літоўскім бібліятэцы-клубе.
Цікавую выставу штодзень з задавальненнем наведваюць не толькі чытачы бібліятэкі, але і вучні гарадскіх школ, якім да таго ж прапаноўваюць пачаставацца ў біблія-кафэ, што працуе побач. Дарэчы, стравы ў ім прыгатаваныя па рэцэптах ад літаратурных герояў. Меню мяняецца кожны дзень. Напрыклад, падчас адкрыцця выставы “Бібліятэкары фантазіруюць” у кафэ можна было паспрабаваць любімы ласунак Карлсана – малінавае варэнне і тры скарынкі хлеба ад Бураціны.
НА ЗДЫМКУ: шчырай усмешкай сустракае наведвальнікаў біблія-кафэ бібліятэкар Жанна Яцына.
Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.