В Докшицком хлебзаводе активно идёт подготовка к участию в областных «Дожинках»

img_6250Актыўна ідзе падрыхтоўка да ўдзелу ў абласных “Дажынках”, якія пройдуць у Верхнядзвінску 28 верасня, на Докшыцкім хлебазаводзе. Фронт работ разгарнуўся ўжо на мінулым тыдні, што і не дзіўна: тры прыгожыя караваі, аб’яднаныя тэмай малой радзімы, неабходна стварыць – іншага слова не падбярэш, бо гэта сапраўднае мастацтва – да свята. Адзін каравай упрыгожыць выставачны стэнд “Віцебск­хлебпрама”, адзін будзе спаборнічаць за перамогу ў конкурсе раённых дажыначных караваяў. Яшчэ адзін пранясе наша дэлегацыя ва ўрачыстым шэсці.
Працэс вырабу духмяных шэдэўраў дастаткова працаёмкі. І сама выпечка, і ўпрыгожванне патрабуюць шмат часу, натхнення, фантазіі і вялікага ўмення. Напачатку патрэбна зрабіць салёнае цеста, мастыку. Самы складаны этап – выраб, афарбоўка і сушка аздаблення – кветак, фігурак, розных дэкаратыўных элементаў, якія пасля і зробяць прыгожымі і непаўторнымі сімвалы свята. За такой карпатлівай работай мы і заспелі інжынера-радыёлага-мікрабіёлага Ірыну Малашонак, інжынера-тэхнолага Наталлю Онухаву і начальніка лабараторыі Святлану Чурко (на здымку злева направа). На стале яркім полымем квітнелі макі, здавалася, трапяталі сваімі пялёсткамі ад нязначнага руху паветра пяшчотныя лілеі, зіркалі сінімі вачанятамі незабудкі, і толькі пры бліжэйшым разглядзе можна было ўпэўніцца, што кветкі гэтыя з цеста.
– На выставачны стэнд, акрамя каравая, рыхтуем яшчэ розныя хлебабулачныя вырабы цікавых формаў, мы іх называем “падзелкамі”, – распавяла Святлана Аляксандраўна, – а таксама будзем прадстаўляць і наш брэнд – кукурузныя палачкі “Дамавічок Кузя” і “Салодкі дзень”.
Варта адзначыць, што докшыцкія хлебапёкі пастаянна пашыраюць асартымент сваёй прадукцыі і вельмі ўважліва вывучаюць попыт пакупнікоў. Калі пэўны гатунак печыва не ідзе нарасхват, – такое, праўда, здараецца рэдка – яго здымаюць з вытворчасці і замяняюць іншым. Рэцэптамі ж тых вырабаў, якія прыйшліся пакупнікам даспадобы, ахвотна дзеляцца з калегамі з іншых раёнаў. Так, напрыклад, Горацкі хлебазавод наладзіў выпуск “Аладак докшыцкіх з сырам”. Як жыхары раёна, так і мінчане з ахвотай купляюць, акрамя правераных часам вырабаў нашых завадчан, новыя, запушчаныя ў вытворчасць у бягучым годзе. Заваявалі прыхільнікаў такія гатункі хлеба, як “Сёмушка апетытны”, “Акрайчыкі з прарошчаным зернем”, “Адвячорак”, “Экіманьскі бездражджавы”. Карыстаюцца попытам новы торт “Да вячэрняга чаю”, булачка “Апетытная вішня”, булка “Ладушка”, мафіны з начынкай, а таксама пячэнне з пясочнага цеста з прыгожай назвай “Цукровая завея”, якое па смаку і водары не адрозніш ад дамашняга.
Думаецца, докшыцкія хлебапёкі годна прадставяць раён на свяце – як заўжды.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *