Очередной приём граждан провёл спикер белорусского парламента Владимир Андрейченко в Докшицах

img_7852Падчас правядзення чарговага асабістага прыёму ў Докшыцах на мінулым тыдні да старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Андрэйчанкі звярнуўся жыхар аграгарадка Параф’янава Анатоль Вахавіч з пытаннем па ачыстцы вадаёма каля дарогі на вёску Лібараўшчына з мэтай выкарыстання яго ў далейшым для купання і рыбнай лоўлі (на здымку). Галоўны інжынер Докшыцкага ПМС Мікалай Карпека патлумачыў, што вадаём быў ачышчаны ад залішняй травяной расліннасці экскаватарам ЭО-3223. Уцечкі вады праз затворы не адбываецца, але і запаўненне вадаёма магчыма толькі дзякуючы дажджам і раставанню снегу, паколькі падземных водаў там няма. Вадаём праектаваўся пад асушэнне: вакол знаходзяцца сельгасугоддзі ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. Было прынята рашэнне на аснове адпаведных дакументаў вызначыць, які ўзровень вады павінен быць у дадзеным вадаёме, якая роля адведзена яму ў меліярацыйнай сістэме, і, калі маюцца парушэнні праекта, выдзеліць неабходныя сродкі для іх ліквідацыі ў наступным годзе.
Прадпрымальнік Іван Шэка, жыхар г. Докшыцы, лічыць непамерна высокім кошт за квадратны метр плошчы, якая арандуецца ім для ўстаноўкі гандлёвага павільёна на тэрыторыі гарадскога рынка. Праўленне райста пры разліку арэнднай платы дзейнічала ў межах закона, згодна з Указам №150 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Тым не менш Уладзімір Андрэйчанка даручыў намесніку старшыні райвыканкама Марыне Клімовіч і першаму намесніку старшыні праўлення райста Таццяне Каляга яшчэ раз перагле­дзець умовы дагавора арэнды гандлёвага месца і, калі на тое будзе магчымасць, знізіць суму арэнднай платы.
Па пытанні аказання матэрыяльнай дапамогі да спікера беларускага парламента звярнулася па тэлефоне былая работніца ВУ “Віцебскторф”, інвалід І групы Рамуальда Русалоўская. Варта адзначыць, што прадпрыемства штогод аказвае жанчыне матэрыяльную дапамогу, і бягучы год не стаў выключэннем. Разам з тым, пытанне аб дадатковай дапамозе інваліду будзе разглядацца.
Ад жыхароў мікрараёна Заазёрны г. Докшыцы паступіў калектыўны зварот аб вырашэнні праблемнага экалагічнага пытання – будаўніцтва гасфекальнай каналізацыі па квартале індывідуальнай забудовы. На правядзенне работ патрэбна каля трох мільёнаў рублёў. Уладзімір Паўлавіч акцэнтаваў увагу заяўнікаў на тым, што ў сціслыя тэрміны пытанне вырашыць немагчыма, і паабяцаў, што ў наступным годзе будуць выдзелены сродкі на праектаванне, а непасрэдна работы падаецца магчымым правесці на працягу прыкладна трох гадоў.
Падобная пільная ўвага і, можна сказаць, бацькоўскі клопат да патрэб і надзей людзей — характэрная рыса для ўсей дзейнасці нашага дэпутата. Не сакрэт, што дзякуючы менавіта Уладзіміру Паўлавічу горад мае сёння цудоўную кінаканцэртную залу “Іскра”, сучасны аўтавакзал. Адны з першых жыхары раёна атрымалі ў падарунак водна-аздараўленчы цэнтр. Па працэнту газіфікацыі Докшыцкі раён — адзін з першых у вобласці. Мадэрнізаваная стаматалагічная паліклініка — гэта яшчэ адзін сацыяльны аб’ект, якім ганарацца дакшычане. У скарбніцу дэпутацкіх спраў трэба залічыць будаўніцтва станцый абезжалезвання вады, ачышчальных збудаванняў, правядзення рамонту дарог, медыцынскіх і навучальных устаноў, іншых сацыяльных аб’ектаў.
Зараз вядзецца капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі раённай паліклінікі, дзіцячага садка №1 у Докшыцах, жыллёвага фонду, а таксама бягучы рамонт вулічна-дарожнай сеткі, рэканструкцыя нежылога будынка пад інтэрнат у г.п. Бягомль.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *