95 лет со дня основания службы участковых инспекторов
Служба ўчастковых інспектараў міліцыі 17 лістапада адзначыла сваё 95-годдзе. У структуры органаў унутраных спраў яна з’явілася ў 1923 годзе. З тых часоў участковы – галоўны памочнік грамадзян у вырашэнні бытавых канфліктаў, у недапушчэнні розных правапарушэнняў і злачынстваў.
Працоўны дзень участковага заўсёды розны і непрадказальны. Так сцвярджае ўчастковы інспектар маёр міліцыі Аляксандр Піскуновіч, які з 2006 года служыць у органах унутраных спраў.
– Абавязкаў ва ўчастковых хапае, – гаворыць Аляксандр. – Гэта ахова грамадскага парадку, раскрыццё злачынстваў, супрацьдзеянне алкагалізацыі насельніцтва, папярэджанне гвалту ў сем’ях, штодзённая работа з грамадзянамі, якія стаяць на розных уліках і іншыя. Некалі жартавалі, што ва ўчастковага 101 абавязак. Хаця які тут жарт, амаль столькі іх і ёсць.
Перш, чым прыйсці на службу ў міліцыю, Аляксандр некаторы час працаваў юрыстам у адной з сельгасарганізацый Глыбоцкага раёна, а “перацягнуў” яго ў райаддзел тагачасны намеснік начальніка Докшыцкага РАУС Алег Лубачка. Кандыдатуру зацвердзілі і даверылі адну з самых складаных у плане аховы правапарадку зон раёна – Крулеўшчынскі сельсавет. Чаму складаных? Таму што на той час на тэрыторыі гэтага сельсавета рэгістравалася найбольш злачынстваў – 40-45 у год. Для параўнання, у іншых іх колькасць не перавышала дзесяці. Аблюбавалі ў свой час Крулеўшчыну прадстаўнікі цыганскай дыяспары, якіх у пачатку 2000-х тут пражывала каля паўсотні. А колькі было праездам на чыгуначнай станцыі – палічыць немагчыма. Праваахоўнікі з суседніх раёнаў, бывала, звярталіся да нашых міліцыянераў з просьбай дапамагчы затрымаць цыган, якія здейснілі злачынства.
– У першую чаргу, змагацца прыйшлося з п’яніцамі і дэбашырамі, – працягвае ўчастковы. – Менавіта гэта катэгорыя грамадзян найбольш схільная да здзяйснення правапарушэнняў. Былі выпадкі, што аднаго і таго ж чалавека накіроўваў у ЛПП па пяць разоў. Не ўсім дапамагаў такі метад лячэння, але ёсць прыклады, калі алкаголікі вылечваліся, кідалі піць назаўсёды. Некаторыя і сёння ўдзячныя за гэта. І як тут не паверыць, што ўсё прыносіць свой плён? Наогул, у зносінах з грамадзянамі імкнуся пазбягаць прамога асуджэння. Заўсёды стараюся ў думках паставіць сябе на месца таго, хто да мяне звярнуўся. А чаму так адбылося? Што асабіста я, як праваахоўнік, магу зрабіць, каб дапамагчы чалавеку?
З пачатку года на тэрыторыі Крулеўшчынскага сельсавета зарэгістравана 17 злачынстваў, два з якіх пакуль не раскрыты. Гэта крадзеж грошай у пенсіянера і крадзеж акумулятара і інструментаў з трактара.
На асаблівым кантролі ў Аляксандра Піскуновіча раней судзімыя грамадзяне. Такіх на тэрыторыі сельсавета пражывае каля трыццаці. Усе знаходзяцца пад прывентыўным наглядам, а гэта значыць, што яны павінны быць дома ў вызначаны час, не наведваць забаўляльныя і нават спартыўныя ўстановы. За гэтым пільна сочыць участковы.
Нямала клопатаў і з асобамі, якія павінны кампенсаваць дзяржаве расходы на ўтрыманне дзяцей. Але ж яны ў большасці сваёй п’юць, не выходзяць на працу. Іх таксама кантралюе ўчастковы інспектар.
Пакуль гутарылі з Аляксандрам, якраз паступіў званок з КУП “Докшыцкі”. Паведамілі, што даярка Святлана Пятрашка зноў не выйшла на працу. Едзем на яе “пошукі”. Па дарозе ўчастковы распавядае, што жанчына ў свой час была пазбаўлена бацькоўскіх правоў у адносінах да дзвюх дачок. Зараз выплачвае расходы на іх утрыманне. Пражывае ў Валодзьках з сужыцелем, які на сённяшні дзень адбывае пакаранне за нанясенне ёй цялесных пашкоджанняў. Сямейны дуэт, як кажуць, яшчэ той.
– Паедзем у вёску Казлы, – выказаў меркаванне Аляксандр. – Там мужчына жыве адзін пасля таго, як яго сужыцельку накіравалі ў ЛПП. Таму, хутчэй за ўсё, Света “бавіць” час з ім.
Участковы падышоў да акенца: з дома даносіліся галасы. Пагрукаў у дзверы, але іх ніхто не адчыняў. Тады вырашаем зайсці без запрашэння. У пакоі, як і трэба ў час рамантычнай сустрэчы, іграла музыка. Але карціну псавалі раскіданыя на падлозе бутэлькі і брудны стол з недакуркамі. Самі ж адпачываючыя ляжалі, стаіўшы дыханне, і думалі, што іх не заўважаць. Толькі хто і калі мог схавацца ад участковага?
Святлана была нецвярозая, таму лаялася брыдкімі словамі. Змоўкла толькі тады, калі папярэдзілі, што павязём у райаддзел. Там прагульшчыцу чакаў пратакол і адміністрацыйны арышт на некалькі сутак. На жаль, гісторыя падобная да гэтай у практыцы ўчастковага інспектара – адна з радавых.
Аляксандр Піскуновіч лічыць, што самае страшнае для любой прафесіі, а для чалавека ў пагонах тым больш, – гэта абыякавасць. Калі цябе абсалютна не хвалюе, што адбываецца вакол, калі ты выконваеш сваю работу проста “для галачкі”, то лепш звольніцца адразу. Маёр стараецца пазбягаць такога падыходу, бо служба для яго – не столькі абавязак, колькі прызванне.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.