Праздник комсомольской юности прошёл в Докшицах (+ ФОТО)
Маладосць, энтузіязм, адзінства… Гэтыя словы адлюстроўваюць усю сутнасць ВЛКСМ, стагоддзе з дня ўтварэння якога адзначаецца сёлета. Але, як і раней, дзень 29 кастрычніка застаецца святам камсамольскага юнацтва. Гэтая дата працягвае хваляваць як сівых ветэранаў камсамольскага руху, так і маладую змену, што захоўвае вернасць запаветам старэйшых пакаленняў. Сведчанне таму – урачыстасць, якая прайшла 2 лістапада ў ККЗ “Іскра”.
Яшчэ да пачатку святочнай праграмы ў фае сабраліся сябры-камсамольцы розных пакаленняў: шукалі знаёмых на чорна-белых фотаздымках, разглядалі камсамольскія білеты, фатаграфаваліся ў тэматычных фотазонах і проста гутарылі, бо некаторыя з іх даўно не бачыліся.
Напачатку мерапрыемства старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч, якая ў свой час была першым сакратаром БПСМ, павіншавала ўсіх прысутных з гэтай важнай для гісторыі камсамола датай. Яна ўзгадала дасягненні камсамольцаў, пералічыла справы актывістаў БРСМ – пераемніка камсамольскага руху.
Валянціна Рандарэвіч уручыла Ганаровую грамату абласнога Савета дэпутатаў дырэктару Бярозкаўскай ДС-БШ Ліліі Плуч. Падзякай старшыні раённага Савета дэпутатаў быў адзначаны ветэран працы Уладзімір Цацоха, а таксама загадчыца аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў ТЦСАН Алена Сарокіна і першы сакратар РК ГА “БРСМ” Таццяна Гайчук. Падзякі раённага камітэта БРСМ былі ўручаны адказнаму сакратару рэдакцыі газеты “Родныя вытокі” Тамары Альшэўскай, загадчыцы юрыдычнай кансультацыі, адвакату Святлане Шышла, бухгалтару раённай газеты “Родныя вытокі” Таццяне Гапанёнак і начальніку раённага вузла электрасувязі Віктару Шаўцову.
Пасля завяршэння ўрачыстасці дэлегацыя на чале з Валянцінай Рандарэвіч наведала ветэрана працы Любоў Румчык, якая не змагла прысутнічаць на свяце, і ўручыла былой камсамолцы-актывістцы Падзяку старшыні раённага Савета дэпутатаў.
Узнікненне першых арганізацый рабочай моладзі ў 1918 годзе, актыўны
ўдзел камсамольцаў у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, асваенне цаліны – усё гэта і многае іншае знайшло адлюстраванне ў дакументальным відэафільме.
Ад былога камсамольскага актыву Докшыччыны выступіў Вячаслаў Русаковіч, які пачынаў сваю працоўную дзейнасць у райкаме камсамола ў 1959 годзе. Ён расказаў пра гады сумеснай працы з Уладзімірам Цацохам, звярнуўся і да паслядоўнікаў камсамольскага руху – БРСМ.
— Моладзь у нас выдатная, разумная, прыгожая, жыццярадасная. Калі яе не будзе, не будзе краіны, – заключыў Вячаслаў Дзмітрыевіч.
Урачыстую частку мерапрыемства дапоўніла канцэртная праграма, у якой разам з сучаснымі песнямі гучалі камсамольскія, савецкіх часоў. Іх падхоплівала ўся зала, аб’яднаная ідэямі камсамола, які і ў сто гадоў застаецца маладым.
НА ЗДЫМКУ: ветэраны камсамольскага руху, актывісты пярвічнай арганізацыі калгаса «Зара камунізму» (злева направа) Уладзімір Новікаў, Аляксандр Малюжанец, Мікалай Маскалёнак і Уладзімір Корсун.
Таццяна САКОВІЧ.
Фота А. Варанковіча.