В Бегомле прошло освящение Церкви Рождества Пресвятой Богородицы (+ ФОТО)

img_1885У мінулыя выхадныя адбылася падзея, значэнне якой выходзіць за межы раёна. У Бягомлі асвяцілі царкву ў гонар Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. Край, які за дзесяцігоддзі ганенняў на веру страціў усе цэрквы і касцёлы, а іх былі не адзінкі, дзякуючы намаганням вернікаў і, у першую чаргу, іерэя Валерыя Цімкова, набыў храм, які благачынны Георгій Мялешка трапна назваў жамчужынай гарпасёлка.
Вернікаў на асвячэнне, нягледзячы на дажджлівае восеньскае надвор’е, сабралася багата. Яны з радасцю сустракалі сакратара Полацкай епархіі протаіерэя Аляксандра Пятліцкага, а таксама свецкую ўладу ў асобе старшыні райвыканкама Алега Пінчука, старшыні раённага Савета дэпутатаў Валянціны Рандарэвіч. Айцец Аляксандр разам з дыяканам Андрэем і іншымі клірыкамі правёў абрад асвячэння храма і крыжовы ход. Пасля святочнай Літургіі протаіерэй перадаў блаславенне Яго праасвяшчэнства архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія, які па аб’ектыўных прычынах не змог раздзяліць радасць гэтай значнай падзеі.
– Яна хоць і адбываецца на зямлі, – зазначыў айцец Аляксандр у пастырскім слове, – але ідзе ў свет іншы, бо адначасова належыць свету зямному і свету горнему, нябеснаму, дзе жывуць Бог-Стваральнік, Ісус Хрыстос, анёлы, архангелы, серафімы і херувімы. Храм – гэта месца, дзе зямное і нябеснае злучаюцца разам, і таму малітва, выказаная ў ім, становіцца бліжэйшай да Бога, хаця яе Гасподзь прымае ўсюды. Менавіта ў храме праз малітву мы сустракаемся з Богам, ачышчаем свае душу і сэрца ад грэху.
Праваслаўны прыход у Бягомлі быў створаны напачатку 90-х гадоў. Ён атрымаў назву ў гонар храма Усіх Святых, да гэтага часу напаўразбуранага, які зараз мае статус помніка культуры. Узначаліў прыход з першага дня яго існавання айцец Валерый. І пачалася яго вечная праца па рамонтах і будаўніцтве. Дзякуючы ёй у хуткім часе ўдалося пачаць праводзіць набажэнствы ў прытворы царквы Усіх Святых. Калі будынак быў прызнаны аварыйным, насустрач пайшла раённая ўлада, і часовы прытулак царква атрымала ў прыстасаваным памяшканні мясцовай бальніцы.
Сённяшні прыгажун храм не ўзнік сам па сабе. Таму папярэднічала вялікая шматгадовая праца яго настаяцеля, вернікаў прыходу і ўсяго благачыння. На свяце гэтыя людзі атрымалі ўшанаванне. Па блаславенні Уладыкі Феадосія за руплівую службу царкве Божай іерэй Валерый Цімкоў узнагароджаны правам нашэння нагруднага крыжа. Указам Яго святасці Патрыярха Маскоўскага Кірыла старшыня райвыканкама Алег Пінчук удастоены юбілейнага медаля Рускай праваслаўнай царквы ў памяць 100-годдзя ўстанаўлення патрыяршаства РПЦ. Указам архіепіскапа Полацкага і Глыбоцкага Феадосія медалём святапакутніка Канстанціна, прасвітара Шаркаўшчынскага 3-й ступені ўзнагароджаны матушка Алена Цімкова, рамеснік Пётр Батура, старшыня ААТ “Ілмакс” Анатоль Іода, намеснік дырэктара ААТ “Лімкамсэрвіс” Лідзія Мініцэр, саветнік гендырэктара расійскай кампаніі “Еўрахім” Уладзімір Нікалаенка, настаўнік Пётр Цімкоў, дырэктар Мінскага спецупраўлення № 217 Валерый Усовіч, кіраўнік фірмы “Саюз Гранат “ Віктар Раманоўскі, дырэктар ААТ “Алміер” Пётр Аляксееў, кіраўнік аддзела ААТ “Соланд” Уладзімір Сачыўка, грамадзянін Германіі Ананій Пфайфер. Архіерэйскай граматай узнагароджаны прыход Усіх Святых і шэраг прыхаджан, якія ахвяравалі на будаўніцтва храма.
Айцец Валерый выказаў асабістую вялікую падзяку благачыннаму Георгію Мялешку, старшыні райвыканкама Алегу Пінчуку, старшыні райсавета дэпутатаў Валянціне Рандарэвіч, намесніку старшыні райвыканкама Аксане Палачанінай, старшыні сельвыканкама Мікалаю Трахініну, галоўнаму ўрачу санаторыя “Баравое” Алегу Рынейскаму, санаторыя “Лясное” Сяргею Апалькову, дырэктару завода “Ветразь” Анатолю Сіўко, дырэктару Бягомльскага лясгаса Аляксандру Давідовічу, начальніку Бягомльскага ўчастка РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Аляксандру Падцяробу, дырэктарам школ Пятру Гігелю і Валерыю Міхайлоўскаму, загадчыцы дзіцячага садка Ліліі Плуч, фермеру Леаніду Юхнаўцу, прадпрымальнікам Васілю і Галіне Філончыкам, Анастасіі і Юрыю Сяржантам, работнікам культуры Бягомльскага ДК, рэдакцыі раённай газеты «Родныя вытокі», а таксама ўсім працоўным калектывам за матэрыяльную падтрымку і дапамогу ў арганізацыі свята. Пажадаў Божай дапамогі ў добрых пачынаннях і Божага блаславення на доўгія гады.
Будаўніцтва храма ўсім светам, яго ўрачыстае асвячэнне ў нядаўна атэістычным краі, яшчэ раз прадэманстравала, што не можа чалавек жыць без веры. Хто не знайшоў свой шлях да Бога, той страціў сваю душу. А менавіта яна пойдзе да Стваральніка пасля таго, як мы закончым свой зямны шлях.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *