В Докшицах выбрали самого КЛАССНОГО классного (+ ФОТО)
Класны кіраўнік. Хто ён? Верны сябар або патрабавальны педагог? Клапатлівы заступнік або строгі крытык? Капітан класнага карабля або яго штурман? На гэтыя пытанні спрабавалі знайсці адказ дванаццаць педагогаў раёна, якія прымалі ўдзел у фінальным этапе раённага конкурсу прафесійнага майстэрства “Лепшы класны кіраўнік”, што праходзіў ў мінулую пятніцу ў ККЗ “Іскра”.
Распачалося мерапрыемства з феерычнай самапрэзентацыі маладых настаўнікаў, удзельнікаў абласнога фестывалю педагагічнага майстэрства “Перспектыва”. Пяцёра стыльна апранутых юнакоў разам са сваімі прыгожымі спадарожніцамі раскрылі ўсю сутнасць дзейнасці педагога, пабудаваўшы сваё выступленне ў форме яркага, арыгінальнага танца.
– У дыпломе настаўніка няма запісу пра тое, што ён класны кіраўнік. Гэта свядомая місія кожнага, хто вырашыў стаць для дзясяткаў вучняў першым сябрам, дарадцам і памочнікам, – сказала ва ўступным слове начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аксана Гушчык. – Жадаю ўсім удзельнікам поспеху, і хай пераможа лепшы з лепшых.
Журы на чале з Аксанай Мікалаеўнай загадзя ацаніла вопыт работы канкурсантаў, вядзенне дакуменацыі, відэазапісы іх класных або інфармацыйных гадзін.
Удзельнікам засталося прадэманстраваць толькі візітную картку “Наш самы лепшы класны!”.
Першым звяном у ланцужку візітовак стала выступленне настаўніцы пачатковых класаў Прудніцкай ДС-ПШ, класнага кіраўніка 4 класа Святланы Бута. Яе маленькія выхаванцы прадставілі намаляваны з любоўю партрэт сваёй настаўніцы.
Яе калега з Глінскай СШ Аксана Блажыевіч у відэафільме расказала пра свой шлях у прафесію, а вучні – група падтрымкі – уразілі танцам з кветкамі.
Удзельніца з СШ №1, класны кіраўнік першага класа Валянціна Арцімёнак запрасіла прысутных на шоу “Лепш за ўсіх”, дзе разам з сувядучым Максіма Галкіна пяцікласнікам Дзімам Мікіцевічам раскрыла сакрэт свайго педагагічнага майстэрства. Варта адзначыць, што адразу тры пакаленні выхаванцаў Валянціны Іванаўны прыйшлі падтрымаць сваю першую настаўніцу: дзевяцікласнікі, пяцікласнікі і цяперашнія вучні першага класа.
Сведчанняў таму, што класнаму кіраўніку 9 класа, настаўніцы рускай мовы і літаратуры Бягомльскай СШ Але Скок пашчасціла са сваімі выхаванцамі, вельмі многа. Адзін толькі пераможны ролік-віншаванне з Днём настаўніка чаго каштуе! Ён стаў сапраўдным сюрпрызам для педагога, а запрашэнне на праграму “Вячэрні Віцебск” – яшчэ адным прыемным перадсвяточным момантам. Як гэта было, прысутныя ўбачылі ў візітоўцы Алы Міхайлаўны. Падчас выступлення настаўніцы фізікі і інфарматыкі Сітцаўскай СШ Жанны Норавіч са сцэны гучала мілагучная родная беларуская мова, а конкурсны нумар яе калегі Святланы Пяцько з Параф’янаўскай СШ выдзяляўся незвычайным сюжэтам: яе вучні-адзінаццацікласнікі павінны былі прайсці выпрабаванні, каб адшукаць свайго любімага класнага кіраўніка. Візітоўка атрымалася цікавай і арыгінальнай. Настаўніца пачатковых класаў Бярозкаўскай ДС-БШ Наталля Шавель сваё выступленне падала ў казачнай форме: дзеянне адбывалася ў “царскіх палатах”.
Адзіны ўдзельнік-мужчына, настаўнік геаграфіі і біялогіі Тумілавіцкай ДС-СШ Дзмітрый Паўлючэнка разам са сваім выпускным класам прадставіў цікавае, насычанае рознымі элементамі шоу і “запаліў” залу энергічным танцам. Візітоўка настаўніцы англійскай мовы Крулеўшчынскай СШ Іны Косцінай таксама была яркай і запамінальнай. Яна расказала, як няпроста быць класным кіраўніком у хлапечым калектыве, і падзялілася сакрэтам поспеху – быць адной камандай не толькі з дзецьмі, але і з іх бацькамі. Настаўніца рускай мовы і літаратуры Барсукоўскай БШ, класны кіраўнік 8 класа Наталля Лашкунова расказала пра тое, як важна бачыць у кожным вучні асобу, і разам з васьмікласнікам Андрэем Юхнаўцом запаліла факел сяброўства.
Завяршалі конкурсную праграму візітоўкі настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства Парплішчанскай СШ Наталлі Крук і настаўніцы пачатковых класаў СШ №2 Алесі Вайцяховіч, чые выступленні былі аб’яднаны тэматыкай марскога падарожжа пад ветразем. Толькі падыход у педагогаў быў розны: Наталля Мар’янаўна ўявіла класнага кіраўніка штурманам карабля, а Алеся Вячаславаўна ўвасобіла гэты вобраз у капітане судна.
Усе ўдзельнікі конкурсу былі адзначаны дыпломамі ў розных намінацыях, а лепшым класным кіраўніком стала настаўніца СШ № 2 Алеся Вайцяховіч. Маладому педагогу з Тумілавіцкай ДС-СШ Дзмітрыю Паўлючэнку ўручыла падарунак спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікторыя Ждановіч. Кожны педагог з радасцю прымаў кветкі ад калег, а таксама віншаванні ад любімых вучняў, якія з’яўляюцца галоўнай падтрымкай класным кіраўнікам на працягу школьнага жыцця. Ці не гэта самае галоўнае?.
Таццяна САКОВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: настаўніца пачатковых класаў СШ № 2 Алеся Вайцяховіч разам з выхаванцамі вядзе свой «карабель» да перамогі.
Фота аўтара.