Акция «Наши дети» заглянула в Бегомльскую школу-интернат
Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка завітаў у Бягомльскую дапаможную школу-інтэрнат, каб павіншаваць выхаванцаў з навагоднімі святамі. Спікер беларускага парламента ўжо на працягу дзесяці гадоў наведвае гэту ўстанову.
- Вельмі рад, што гэта традыцыя працягваецца, бо дзякуючы такім прыемным сустрэчам, акцыі “Нашы дзеці”, ёсць магчымасць акунуцца ў дзяцінства, – сказаў Уладзімір Паўлавіч.
Уладзімір Андрэйчанка пажадаў дзецям здароўя, выдатнага настрою, ажыццяўлення мар, веры ў сябе і ў свае сілы, а таксама памятаць пра тое, што, каб дасягнуць пастаўленай мэты, неабходна добра вучыцца.
Старшыня райвыканкама Алег Пінчук выказаў удзячнасць за працу педагагічнаму калектыву школы.
- Вялікі дзякуй за цяпло душы, якім вы дзеліцеся з выхаванцамі, – гаварыў Алег Леанідавіч. – Дзякуючы вашаму клопату, саграюцца дзіцячыя сэрцы.
Прыемным момантам свята для дзяцей стала ўручэнне салодкіх падарункаў, пасля чаго пачалося навагодняе тэатралізаванае прадстаўленне.
Дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” стартавала 10 снежня і працягнецца да 11 студзеня. Кіраўнікі дзяржорганаў і прадпрыемстваў, лідары грамадскіх аб’яднанняў традыцыйна наведваюць сацыяльна значымыя аб’екты і віншуюць дзяцей, дораць ім камп’ютарную тэхніку, цацкі, прысмакі. Асаблівая ўвага ўдзяляецца дзецям, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі, выхаванцам школ-інтэрнатаў, дзецям са шматдзетных, апякунскіх, прыёмных сем’яў, дзецям-інвалідам.