Главным фактором успеха считает надежные кадры директор ООО»Замосточанское» Канул Чувакова

a-1525ААТ “Замастачанскае” – самае маленькае ў раёне сельгаспрадпрыемства, у якім працуе толькі 48 чалавек. Безумоўна, “надвор’я” ў агульнай раённай статыстыцы такая кроха, асабліва ў параўнанні з гігантамі, не робіць. Але жыве і працуе годна і стабільна, тэмпаў дзейнасці не збаўляе, аб’ёмаў вытворчасці не памяншае і вынікі працы атрымлівае дастойныя. Сакрэт таго, якім чынам маленькаму карабліку пад назвай “Замастачанскае” ўдаецца трымацца на плыву побач з такімі “крэйсерамі”, як ААТ “Таргуны”, “Барсучанка”, “Докшыцкі райаграсэрвіс”, паспрабавалі высветліць падчас чарговага наведвання гаспадаркі. 

Спецыялісты і работнікі ААТ “Замастачанскае”, з якімі не раз даводзілася размаўляць пра гэта, сакрэт той бачаць найперш у кампетэнтнасці і дальнабачнасці дырэктара Канул Чуваковай, захаванні працоўных традыцый і павазе да людзей кіраўніцтва. Сама ж Канул Фармаілаўна ўпэўнена, што аснова добрых вынікаў працы – у яе калектыве, выдатных знаўцах сваёй справы, добрасумленных работніках, якіх ніколі не трэба кантраляваць. Усе яны – ад галоўных спецыялістаў да механізатараў і жывёлаводаў – ведаюць свае абавязкі і стараюцца выконваць іх найлепшым чынам. Вопытныя, як водзіцца, вучаць маладых, якіх, дарэчы, апошнім часам у сельгаспрадпрыемстве прыбыло, і яны пад асаблівым апякунствам дырэктара.
– Якой бы моцнай ні была гаспадарка ў матэрыяльна-тэхнічным плане, чалавечы фактар заўжды быў і будзе галоўным у дасягненні поспеху, – гаворыць Канул Фармаілаўна. – Шмат гадоў поплеч са мной працуюць вялікія прафесіяналы, цудоўныя людзі, якім давяраю, як сабе самой, якіх паважаю і шчыра люблю. Гэта наш бухгалтар-касір Галіна Сярмяжка, галоўны аграном Сяргей Бяляўскі, механізатары Пётр Копыл, Яўген Сярмяжка, Аляксандр Зорыч, Васіль Чувакоў, аператары машыннага даення Ірына Зялёнка, Аксана Піліпчук, Таццяна Шыла, цялятніца Алена Скакун, жывёлаводы Аляксандр Шыла, Сяргей Грышановіч, Сяргей Зялёнка, Яўген Лемяшэвіч, Уладзімір Скакун… Увогуле пра кожнага, без выключэння, работніка магу сказаць добрыя словы – за адданасць справе, за працавітасць, за тое, што не дзеляць абавязкі на свае і чужыя і, калі патрэбна, могуць падмяніць адзін аднаго, выручыць, падставіць плячо.
Сёлета ААТ “Замастачанскае” найбольш можа ганарыцца вынікамі корманарыхтоўкі: кукуруза, пасеяная на 70-і гектарах, дала ўраджайнасць 396 ц/га, самую высокую па раёне. Руплівыя працаўнікі нарыхтавалі 42 ц.к.адз. на ўмоўную галаву жывёлы, гэта значыць, надзейна запасліся кармамі аж на два гады. Дарэчы, як вядома, вялікая ўвага надаецца менавіта якасці закладкі кармоў, што дазваляе пазбегнуць пэўных хвароб буйной рагатай жывёлы.
Сумленна і адказна працуюць ветурач Аляксандр Волкаў, тэхнік-асемянатар Таццяна Кавеза, малады галоўны заатэхнік, які нядаўна паявіўся ў гаспадарцы, Уладзіслаў Ільін. А дзе ёсць старанне, там ёсць і вынікі. Так, пагалоўе не чатыры тысячы, а толькі каля шасцісот, але ж і даглядае яго нашмат меншы штат работнікаў. Захаванасць цялят у “Замастачанскім” стапрацэнтная, сярэднясутачныя прывагі на адкорме не апускаюцца ніжэй за 700 грамаў, не горш абстаяць справы і на дарошчванні, а па надоях малака ад каровы на сённяшні дзень замастачанцы ўступаюць толькі ААТ “Таргуны”.
Аператар машыннага даення Ірына Зялёнка ў раённым спаборніцтве заняла першае месца, надаіўшы ў сярэднім ад каровы па сваёй групе 4418 кілаграмаў малака, і гэта далёка не першая перамога гэтай адданай справе і сціплай жанчыны, якая прызнаецца, што не за высокімі паказчыкамі гоніцца, а проста не ўмее працаваць напаўсілы. Як ужо гаварылася раней, яна не адна такая, і кожны год хтосьці з работнікаў сельгаспрадпрыемства пры падвядзенні вынікаў раённага спаборніцтва адзначаецца ўзнагародамі за працоўныя дасягненні.
Парк тэхнікі, лічыць дырэктар, у гаспадарцы дастатковы: дванаццаць трактароў, з іх адзін энерганасычаны, два пасяўныя агрэгаты – “Лемкен” і старэнькая сеялка СЗТ-3,6 на падхваце, два збожжаўборачныя камбайны, КЗР, чацвёра плугоў. Замацаваць за кожным механізатарам па адзінцы не атрымліваецца – не хапае іх, механізатараў, таму і выконваюць рознага роду работы тыя, якія ёсць, як патрабуюць абставіны, і даглядаюць тэхніку, не дзелячы на тваё-маё. Васіль Чувакоў, напрыклад, на чым толькі не працуе – і ўся тэхніка ў яго ў парадку. Яўген Сярмяжка летам на МТЗ-1221, зараз на падвозцы кармоў на МТЗ-921, а яшчэ можа пераскочыць на “Амкадор” і сам тыя кармы нагрузіць, калі трэба. Новенькі МТЗ, атрыманы летась на абласных “Дажынках”, даверылі Пятру Копылу, які і пасля выхаду на заслужаны адпачынак застаўся на сваім “баявым пасту”. Вадзіцель жа на ўсю гаспадарку адзін – Сяргей Дземідзенка, ён жа па сумяшчальніцтве і загадчык майстэрні.
Тэмпы і аб’ёмы вытворчасці ў маленькай гаспадарцы стараюцца не толькі не збаўляць, але і павялічваць. Азімыя культуры пад ураджай 2019 года сёлета пасеялі на плошчы 390 гектараў, што складае 150 працэнтаў да мінулагодняга. 125 гектараў з агульнай плошчы адвялі пад рапс – культуру патрабавальную і капрызную, але ж вельмі прыбытковую, калі паспрыяюць пагодныя ўмовы – добры гаспадар заўжды спадзяецца на лепшае. Пад’ём зябліва выканалі на 110 працэнтаў.
Свежым ручайком уліліся ў ціхую, але моцную плынь маладыя спецыялісты. Сямейны экіпаж Канул і Васіля Чуваковых папоўніў старэйшы сын Вадзім – другі год працуе намеснікам дырэктара. Па адукацыі юрыст, зараз яшчэ вучыцца завочна ў Расійскім эканамічным універсітэце імя Пляханава. Прызнаецца, што праца ў сельскай гаспадарцы яму па душы. Тэхнік-механік Кірыл Агароднікаў прыехаў працаваць у “Замастачанскае” па накіраванні і “шліфуе” свае веды на практыцы – працуе на МТЗ-82.1. Аляксей Латышаў пагружаны ў свет лічбаў і справаздач – хлопец рупіцца на пасадзе галоўнага бухгалтара. Аляксандр Батурын – электрык, спецыяліст у гаспадарцы таксама вельмі патрэбны. Ну а мінчанін Уладзіслаў Ільін, галоўны заатэхнік, пакарыў усіх сваёй энергічнасцю, дапытлівасцю, ініцыятыўнасцю і маладым задорам.
Сярэдняя заработная плата на сённяшні дзень у сельгаспрадпрыемстве складае 588 рублёў. Галоўнае ж, як падаецца, што кіраўніцтва гаспадаркі не скупіцца на добрыя словы, на пашану ветэранаў і цяперашніх працаўнікоў. А калі зерне павагі да людзей кладзецца ў добрую глебу, то і прарастае яно плённымі вынікамі працы.
 

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Са сталіцы – у вёску

Сёлета ў ААТ “Замастачанскае” прыехалі працаваць некалькі маладых спецыялістаў, сярод якіх і Уладзіслаў Ільін. Калі стала вядома, што малады хлопец – мінчанін і плануе прысвяціць сябе сельскай гаспадарцы, яшчэ больш стала цікава, што ж прымусіла яго адмовіцца ад сталічнага жыцця? Адказ на гэта пытанне вельмі просты: Улад, яшчэ калі вучыўся ў школе, вольны час праводзіў на дачы ў бабулі, якая трымала свіней і птушку. Хлопцу падабалася даглядаць за жыўнасцю: карміць, чысціць у хлеўчуках. Паступова прыйшоў да думкі, што з ахвотай бы заняўся аграбізнесам.
Пасля заканчэння дзевяці класаў чатыры гады вучыўся на заатэхніка ў Смілавіцкім каледжы. Пасля яшчэ тры гады ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі.
– Шчыра кажучы, вельмі хваляваўся, калі даведаўся, што прыйдзецца асвойваць прафесію ў зусім незнаёмым мне раёне, – гаворыць галоўны заатэхнік. – Аднак усе хваляванні былі дарэмнымі, бо кіраўніцтва ААТ “Замастачанскае” з радасцю прыняло нас, маладое папаўненне, у свой калектыў. Любое пытанне вырашаем разам, а галоўнае, адчуваем надзейную падтрымку з боку дырэктара Канул Фармаілаўны Чуваковай.
Улад Ільін не менш задаволены і створанымі ўмовамі для маладых спецыялістаў. Жывуць яны ў доме, выдзеленым гаспадаркай. Пасля працоўнага дня хлопцы па чарзе рыхтуюць абеды, мыюць бялізну (ёсць нават пральная машына), прыбіраюць у пакоях. Дома заўсёды цёпла, бо новыя гаспадары загадзя паклапаціліся і набылі паліва. Няма пакуль, бадай што, толькі адной рэчы – тэлевізара. Аднак, па словах моладзі, і ён неабавязковы, калі ёсць Інтэрнэт, адкуль сёння можна даведацца пра многае.
Працоўныя будні галоўнага заатэхніка – гэта дзве малочнатаварныя фермы.
– Каб жывёла мела добрую прадукцыйнасць, яна павінна быць здаровай, дагледжанай, сытай, – гаворыць Улад, – гаспадарка пастаралася і забяспечыла статак кармамі ў поўным аб’ёме: сянажныя ямы запоўнены, таму нават доўгая зіма не страшная. Не менш важна падтрымліваць у памяшканнях парадак і чысціню.
У вольны час Улад займаецца боксам. На рахунку ў аматара спорту – удзел у шматлікіх спаборніцтвах па грэка-рымскай барацьбе, майстарскіх турнірах. Любіць ён і больш спакойны від адпачынку – рыбалку. З нецярпеннем чакае выхадных, бо ў госці прыязджае каханая дзяўчына. Дарэчы, яна вучыцца на ветэрынара і таксама плануе рэалізаваць сябе ў сельскай гаспадарцы. Няхай жа абодвум пашанцуе ў жыцці, і ўсё запланаванае імі здзейсніцца.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *