Одну запись в трудовой книжке имеет механизатор Докшицкого ПМС Николай Трус

a-031Узрост, безумоўна, бярэ сваё. Аднак адны людзі спрыяюць развіццю дрэннага самаадчування маркотай, крыўдамі і размовамі пра болькі і пра тое, што раней і трава была зелянейшай, і неба вышэйшым. А ёсць і іншыя, тыя, хто, нягледзячы на ўзрост, устае разам з сонцам і працуе па меры магчымасцей – сабе на радасць, паколькі інакш не можа. Прафесія механізатара – адна з самых цяжкіх на сяле. А ўжо ж пра камфорт умоў работы і гаварыць не прыходзіцца. І тым большай пашаны заслугоўваюць тыя працаўнікі, якія прысвяцілі механізатарскай справе шмат годоў, не скардзяцца на цяжкасці і не шукаюць лягчэйшага хлеба і даўжэйшага рубля.

– Я ў сваім жыцці нідзе, акрамя ПМС, не працаваў, – шчыра распавёў нам пры сустрэчы адзін з лепшых механізатараў прадпрыемства Мікалай Трус (на здымку). – З малых гадоў знаёмы з працай па аздараўленні, акультурванні зямель: дрэнажніцай шмат гадоў адпрацавала да самай пенсіі мама Праскоўя Іванаўна. Яшчэ будучы школьнікам, з задавальненнем хадзіў летам з сябрамі на нарыхтоўку карчоў. Плацілі нам па тры рублі ў дзень на савецкія грошы – то ж быў капітал! Тры тыдні работы – і можаш купіць сабе веласіпед. Заадно і сапраўдную цану заробленай капейкі пачынаеш разумець, бацькоў цаніць-паважаць за іх нялёгкую працу.
Мікалай і пасля заканчэння школы не разважаў, куды пайсці працаваць, і пасля службы ў арміі вярнуўся ў 1981 годзе ў меліярацыю. Працаваў напачатку на гусенічных трактарах – на ДТ-74, ДТ-75. На МТЗ-82 вось ужо трынаццаць гадоў займаецца асушэннем забалочаных участкаў меліярацыйных сістэм шляхам прамывання дрэнажу для далейшых устойлівых ураджаяў на сельскагаспадарчых палях, а таксама апрацоўкай кустоўя гербіцыдамі. У зімовы перыяд звыклая работа – вывазка ссечанага кустоўя і нарыхтаваных дроў. Аднак засталі мы механізатара за рамонтам – мяняў пракладку ў паддоне. Каб далёка не новая тэхніка хадзіла і не падводзіла ў самыя адказныя моманты, трэба клапаціцца пра яе “здароўе”, а “беларуса” свайго Мікалай Мікалаевіч дужа шануе. Жартуе: “Хоць ён мяне камфортам не песціць – ведама, не “Fendt” які-небудзь і нават не 3522 – але ж стары друг, кажуць, даражэйшы за новых двух. Тарахцім з ім паціху, наводзім парадак”.
На самой справе, “пратарахцеў” руплівы механізатар у мінулым годзе, як паведаміў галоўны інжынер прадпрыемства Мікалай Карпека, на прамыўцы дрэнажу 5,6 кіламетра, на апрацоўцы кустоўя гербіцыдамі – 21 кіламетр, ды яшчэ пастаўскім калегам дапамог на працягу 14-і кіламетраў. Нездарма па выніках года падчас святкавання Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК быў адзначаны Падзякай і памятным падарункам. Зразумела, за амаль сорак гадоў бездакорнай працы ў Мікалая Мікалаевіча гэта не першая ўзнагарода, сярод якіх Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў, упраўлення райсельгасхарчу, аб’яднання “Меліяводгас”, і, мяркуючы па адносінах да справы, не апошняя. Да пенсіі, нягледзячы на больш чым сур’ёзны стаж, яшчэ далекавата.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *