Столичный Дед Мороз заехал в Бегомльскую школу-интернат

img_20190101_135219У гэтыя святочныя дні дзеці жывуць у прадчуванні чагосьці дзівоснага і казачнага. Кожны з нас, дарослых, можа праявіць свае самыя лепшыя душэўныя якасці і здзейсніць цуд для малечы, як гэта зрабіў Дзмітрый Зінькевіч з Мінска.

У першы дзень новага года да выхаванцаў Бягомльскай школы-інтэрната завіталі Дзядуля Мароз са Снягуркай. Гэта былі Дзмітрый Зінькевіч з дачкой Юляй. Яны расказалі, што быццам бы прыехалі на санях, запрэжаных аленямі, якіх на некаторы час пакінулі ў лесе. Гэта гісторыя яшчэ больш упэўніла дзяцей, што навагодні цуд магчымы.
– Наведаць хлопчыкаў і дзяўчынак з Бягомльскай школы-інтэрната вырашылі пасля таго, як трынаццацігадовы сын Ілья напісаў ліст Дзеду Марозу, – расказаў Дзмітрый. – У ім ён прасіў дапамагчы тым дзецям, якія не могуць сустрэць Новы год у сям’і. Параіліся паміж сабой і паехалі дарыць радасць у Бягомль.
Дарэчы, малая радзіма Дзмітрыя ў Параф’янаве, але зараз ён жыве ў Мінску і з’яўляецца сузаснавальнікам кампаніі па вытворчасці ветэрынарных прэпаратаў.
Казачных герояў з падарункамі, сярод якіх былі не толькі прысмакі, а і канцылярскія прылады, вельмі радасна і цёпла сустрэла дзятва. Акружыўшы, пачала наперабой “засыпаць” пытаннямі, ці сапраўдныя Дзед Мароз са Снягуркай, ці здалёк прыехалі і каго яшчэ паедуць віншаваць. А пасля таго, як атрымалі адказы на ўсе пытанні і ўпэўніліся, што Дзед Мароз насамрэч сапраўдны, прыняліся чытаць вершы, танцаваць. Затым з замілаваннем слухалі песні пад гітару, якія прыгожа спяваў сын Дзмітрыя Ілья. Напрыканцы свята выхаванцы падарылі гасцям віншавальныя паштоўкі, зробленыя сваімі рукамі. Расчуленыя Дзед Мароз са Снягуркай паабяцалі, што абавязкова прыедуць наступнай зімой.
– Гэта сапраўднае шчасце – рабіць дабро, – па­дзяліўся Дзмітрый Зінькевіч, які ўжо даўно пераканаўся, што дабрачыннасць павінна быць неад’емнай часткай жыцця кожнага чалавека. – Пасля такіх сустрэч хочацца жыць і быць лепшым.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота з архіва школы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *