Чудо-стельки, или Как зарабатывают на родительских чувствах в Докшицком районе

66590863Нядаўна практычна ўсе вучні  малодшых класаў гарадскіх і некаторых сельскіх школ прынеслі бацькам  падрыхтаваныя аркушы паперы з заявай-трафарэтам, дзе прапаноўвалася падпісаць дазвол на бясплатнае правядзенне тэсціравання ступні ў межах праграмы “Краіна без плоскаступнёвасці”. Па факце, абсалютная большасць паперу падпісала: ну хто ж адмовіцца ад дадатковай дыягностыкі спецыялістаў, якіх і шукаць не трэба, самі прыехалі. 

Даведка
“Анатамічная вусцілка” можа быць у сандалях і чаравіках, зімовых ботах і нават валёнках. Анатамічная вусцілка паўтарае рэльеф ступні, чым і адрозніваецца ад звычайнай плоскай. Яна часта прымяняецца пры серыйным выпуску абутку, які прызначаны для здаровых ног, дапамагае раўнамерна размеркаваць нагрузку на ўсе часткі ступні. Аднак анатамічная ні ў якім разе не тое самае, што і артапедычная вусцілка. Апошняя з’яўляецца вырабам індывідуальным і неабходная толькі ў выпадку наяўнасці паталогіі ў развіцці ступні.

Праз некаторы час на нумары мабільных тэлефонаў бацькоў пачалі паступаць паведамленні. Іх сэнс зво­дзіўся прыкладна да наступнага: у вашага дзіцяці плоскаступнёвасць або рызыка яе ўтварэння, а таму прапаноўваем вам спецыяльныя вусцілкі, якія падабраны індывідуальна і павінны дапамагчы вырашыць гэту праблему. Калі згодны, то дзве пары (на цёплы і халодны сезон) мы вам высылаем па пошце коштам 30 рублёў разам з перасылкай. Пры гэтым, як паведаміла пазней большасць апытаных матуль, што згадзілася на такую прапанову, на тым канцы трубкі гаварылі досыць упэўнена, сыпалі складанымі тэрмінамі і ўвесь час прыгадвалі імя сына ці дачкі. Адным словам, калі і былі ў каго сумненні, то падобным інфармаваным наездам іх убралі. Праўда, не ва ўсіх.
Напрыклад, адна з маці асмелілася папрасіць папярэдне даслаць заключэнне артапеда на электронную пошту, каб дакладна прыняць рашэнне. Праўда, не паспела яна выказаць просьбу, як дзяўчына з прыемным голасам на тым канцы проваду практычна адразу павесіла трубку.
Яшчэ адна неабыякавая мама, якая адразу таксама патрапіла на махлярскі кручок гандляроў вусцілкамі, але пакутуючы на сумненні, паглыбілася ў названую тэму і высветліла шмат чаго цікавага:
– Артапедычныя вусцілкі набываю для дачкі пастаянна, бо, як вядома, ножка расце хутка. Пабывала з дзіцём на кансультацыях у некалькіх артапедаў у розных цэнтрах і магу з упэўненасцю сцвярджаць, што працэс падбору вусцілкі – справа не хуткая, бо там спецыяліст аглядае пазваночнік дзіцяці і праводзіць шэраг іншых спецыфічных маніпуляцый. Ведаю і тое, што падобныя агляды могуць праводзіцца ў межах розных праграм, таму надта не здзівілася, што спецыялісты прыехалі ў школу і падпісала дазвол на агляд дачкі, нават заказала пасылку. Калі ж адкрыла яе – схапілася за галаву. Замест артапедычных вусцілак там ляжалі дзве пары анатамічных, прычым падазронага выгляду. Дарэчы, іх кошт на розных кітайскіх гандлёвых пляцоўках вагаецца ў межах 2-3 долараў за пару. Адразу ж пачала тэлефанаваць па нумарах, якія далі, калі афармляла заказ, але ўсе тэлефоны былі недаступныя. Тады я вырашыла папярэдзіць такіх жа даверлівых бацькоў праз сацыяльныя сеткі і стала больш настойліва тэлефанаваць прадстаўнікам прыватнага прадпрыемства “ФрешМинтВосток”, ад імя якога атрымала пасылку. Нарэшце, тэлефоны запрацавалі, аднак у аператараў, якія раней былі сама тактоўнасць, галасы адразу ж сталі ледзянымі. На маю просьбу вярнуць грошы за тавар, які не адпавядае заяўленаму па якасці, яны не рэагавалі да таго часу, пакуль я не паабяцала напісаць заяву ў раённы аддзел унутраных спраў. І, што дзіўна, пакуль размаўляла з участковым, мне патэлефанавалі адразу з некалькіх раней недаступных нумароў і прыязна паведамілі, што гатовыя вярнуць грошы за вусцілкі. Абяцанне выканалі. Ведаю, што не адна я адмовілася ад паслуг названай фірмы.
А зараз пра тое, як “даследчыкі” ступняў патрапілі ў школы і садкі. Справа ў тым, што ў кампаніі і сапраўды ёсць дазвол рэспубліканскага цэнтра траўматалогіі і артапедыі на правядзенне бясплатнага тэсціравання на наяўнасць ці адсутнасць прыкмет плоскаступнёвасці. Але гэты дазвол дзейнічае менавіта на даследаванне тэмы і праводзіцца толькі са згоды бацькоў, што, дарэчы і было вытрымана ўстановамі адукацыі. І ні ў якім разе гаворка не вядзецца пра пастаноўку дыягназу, а тым больш прапанову вусцілак. Атрымліваецца, што кампанія, у якой нават створаны сайт па праграме “Краіна без плоскаступнёвасці” – гэта не што іншае, як нядобрасумленныя прадаўцы, якія такім хітрым спосабам, прыкрыўшыся самым важным, што ёсць у бацькоў – клопатам пра здароўе дзяцей, нажываюцца на гэтай тэме.
Дарэчы, цікава, што і назва вусцілак, якія рэалізуе названая кампанія, усяго на некалькі літар адрозніваецца ад вядомага артапедычнага тавару надзейных літоўскіх і нямецкіх вытворцаў.
Раённы педыятр Докшыцкай ЦРБ Іна Кучыц, каментуючы сітуацыю, паведаміла, што планавыя агляды дашкольнікаў і школьнікаў праводзяцца камісіяй, у складзе якой значацца спецыялісты рознага профілю. Пры наяўнасці праблемы са здароўем у дзяцей, у тым ліку і артапедычных пытанняў, рэкамендуецца прайсці вузкапрофільнае абследаванне ў дзяржаўных медыцынскіх установах абласной і рэспубліканскай падначаленасці.
Райпедыятр таксама звярнула ўвагу на тое, што пры самых дробязных сумненнях, якія тычацца здароўя дзіцяці, бацькам, у першую чаргу, неабходна звяртацца ў дзіцячую кансультацыю, якая зараз, дарэчы, часова знаходзіцца на другім паверсе паліклінікі. Змяніўся і яе тэлефон, зараз ён такі: 5-95-62.
Замест пасляслоўя. Бацькі ўжо звыкліся, калі так можна выказацца, з тым, што ўсё, прызначанае для дзяцей, каштуе дорага. Але, набываючы чарговы тавар, няблага ўспамінаць, што большасць з іх – гэта вынік гульні вытворцаў і маркетолагаў на бацькоўскіх пачуццях. Таму ўключайце мазгі, перш чым пакласці ў кошык, скажам, мыйны сродак толькі для дзіцячага посуду ці крэм пад падгузнік, якія каштуюць у разы больш за звычайны мыйны сродак ці дзіцячы крэм. Не ўсяму напісанаму на таварах трэба верыць.
Наталля НАВІЦКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *