Можно ли использовать воду с отопительной системы для бытовых нужд в Докшицком районе?

krany2Спецыялісты РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” заўважылі, што дзіўным чынам пачаў змяншацца ўзровень вады ў катлах кацельні ў Крулеўшчыне. У выхадныя дні яе расход даходзіў аж да шасці тон, што не прадугледжана нарматывамі. Каб прадухіліць узнікшыя страты, пачалі  абследаваць шматкватэрныя дамы па вуліцы Палявога, дзе гарачае водазабеспячэнне прадугледжана толькі для ацяплення. Пры праверцы былі выяўлены 63 парушэнні. 

– Можна толькі дзівіцца небываламу вынаходніцтву некаторых грама­дзян, – зазначае начальнік участка па рамонце і эксплуатацыі жылфонду РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” Святлана Хілько. – Яны ўстанавілі на батарэях і іншых сістэмах ацяплення водаразборныя краны, каб зліваць адтуль гарачую ваду і выкарыстоўваць яе ў гаспадарчых мэтах, хаця яна там, дарэчы, зеленаватага колеру. Гэта з’яўляецца незаконным і расцэньваецца, як самавольнае пераабуладкаванне інжынерных сетак. Таму за такія дзеянні пагражае штраф да 30 базавых велічынь. За самавольны ж забор вады з сетак цеплазабеспячэння арт. 20.10 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь прадугледжвае штраф у пяцікратным памеры сумы нанесенай шкоды.
Спецыялісты патлумачылі, што забор вады з сістэм ацяплення прыводзіць да парушэння водахімічнага рэжыму работы кацельні, перапыняе цеплазабеспячэнне і павялічвае памер платы за ацяпленне, паколькі ўтвараюцца звышнарматыўныя затраты на эксплуатацыю і рамонт. Негатыўна гэта адбіваецца і на саміх спажыўцах цеплавой энергіі – пагаршаюцца камфортныя тэмпературныя ўмовы ў кватэры. Галоўнае ж, церпяць ад гэтых самаўпраўных дзеянняў не толькі самі парушальнікі, а і іх суседзі. Акрамя гэтага, вада з батарэй непрыдатная для ўжывання і можа стаць прычынай інфекцыйнага заражэння людзей нават пры мыцці посуду альбо падлогі.
Пасля выяўленых парушэнняў работнікі камунгаса прынялі неадкладныя меры – на незаконных урэзках устанавілі пломбы, а ў месцах, дзе гэта было магчыма, увогуле краны абрэзалі. У выпадку паўторнага выяўлення парушэнняў “умельцы” будуць вымушаны заплаціць велізарныя штрафы. На жаль, сітуацыя з крадзежам вады характэрна не толькі для Крулеўшчыны. Такім жа спосабам карыстаюцца вадой некаторыя жыхары Докшыц, Таргуноў, Барсукоў. Па словах Святланы Хілько, праверкі па выяўленні самавольнага забору вады з сістэм ацяплення будуць працягвацца.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *