В Докшицах прошло шоу «Лучше всех» (+ФОТО)
У мінулыя выхадныя ККЗ “Іскра” запрасіла на шоу-праграму “Лепш за ўсіх”, якая дэбютавала ў мінулым годзе. Свае ўменні і здольнасці на гэты раз прадэманстравалі дзевяць цікавых, па-свойму адметных і непараўнальных хлопчыкаў і дзяўчынак, кожны з якіх абараніў сваё званне лепшага і атрымаў напрыканцы выступлення памятны медаль і салодкі пачастунак.
Водар дзіцячага свята вітаў яшчэ на ўваходзе ў кінаканцэртную залу: удзельнікі з задавальненнем спрабавалі папкорн ад прудніцкіх работнікаў культуры, частаваліся прысмакамі ў “Бібліякафэ” і набывалі памятныя сувеніры ад парплішчанскіх майстроў. Бацькі і шматлікія родзічы былі асноўнымі гледачамі мерапрыемства – безумоўна, юным артыстам вельмі патрэбна была падтрымка блізкіх, знаёмыя твары якіх у глядацкай зале пастаянна шукалі са сцэны маленькія выступоўцы. Ім на дапамогу своечасова прыходзіў цудоўны вядучы Сяргей Шчалкуноў.
Якімі ж талентамі на гэты раз здзіўлялі ўдзельнікі? Арганізатарам прыйшлося пастарацца, каб раскрыць рознабаковыя здольнасці ў дзяцей. Вось, быццам з тэлепраекта “Танцы”, на сцэне ў рытмічным хіп-хопе з’яўляецца васьмігадовая Яна Бабровіч. Ад дашкольніцы Дар’і Сакаловай даведаліся, што такое гратаж. Гэта такая тэхніка малявання, падчас якой малюнак прадрапваецца. Пра сваё захапленне маляваннем Даша пранікнёна расказала ў вершы, а пасля наглядна прадэманстравала сваё сяброўства з алоўкамі і фарбамі.
Мультфільм пра дыназаўраў стаў падставай для больш дэталёвага знаёмства з гэтымі старадаўнімі жывёлінамі для юнага палеантолага Аляксея Гутара. Яго калекцыя ўжо налічвае каля пяцідзесяці фігурак. Падчас выступлення Лёшы на экране дэманстраваліся слайды з яшчарамі. Хлопчык без запінкі не толькі называў іх, але і расказваў пра жывёлін шмат цікавага, а яшчэ павесяліў гледачоў гумарыстычным вершыкам пра жаніцьбу.
“Усе людзі як людзі, а я – супер-зорка,” – спявала пяцігадовая Ульяна Молчан пад бурныя апладысменты. Вельмі ўдала дапаўнялі вобраз дзівы юныя целаахоўнікі з падтанцоўкі. Два захапленні прадставіў на шоу Максім Сухарэвіч. Хлопчык бліснуў ведамі па геаграфіі, а таксама расказаў пра дарожныя знакі, вывучэннем якіх захапляецца.
Анастасія Навумчык лічыць, што акцёрскае майстэрства ёй перадалося ад мамы – артысткі Докшыцкага народнага тэатра Святланы Шышла. Дзяўчынка пастаянна ўдзельнічае ў мюзіклах ДШМ імя Н. Сакалоўскага. Сёлета ёй пашчасціла сыграць галоўную ролю ў казцы “12 месяцаў”, урывак з якой і быў прадстаўлены гледачам.
Спецыялістам па стракатанні і гудзенні назвалі самага юнага ўдзельніка мерапрыемства трохгадовага арахнолага Мікіту Нехвядовіча. Павукоў, якіх многія баяцца ў дзяцінстве, Мікіта лічыць сваімі найлепшымі сябрамі. Па словах маці хлопчыка, ён не баіцца браць у рукі гэтых насякомых і ведае пра іх амаль усё. Вакальным талентам зачаравала ўсіх чатырохгадовая Дар’я Сяржант. Веданне замежнай мовы прадэманстравала Кіра Януковіч. Дэкарацыі і візуальная карцінка перанеслі гледачоў у Лондан, па якім дзяўчынка правяла невялічкую экскурсію.
Безумоўна, для бацькоў іх дзеці заўсёды самыя лепшыя, а таму на наступны год будзем чакаць працягу знаёмства з адоранымі дзецьмі Докшыччыны.
Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.