Дизайнер из Докшиц нашла своё призвание в увлечении
Безумоўна, усе дзеці любяць маляваць. Часам фонам для іх “шэдэўраў” можа стаць не толькі альбомны ліст, але і шпалеры на сценах, а то і сама мэбля, якія, на думку маленькіх дызайнераў, “становяцца больш прыгожымі”. Не выключэннем была і маленькая Святлана. Але яе разумныя бацькі, убачыўшы, што дзяўчынка вельмі захапляецца маляваннем, аддалі яе ў студыю выяўленчага мастацтва “Вясёлка” раённага Цэнтра дзяцей і моладзі.
– Прыёмам кампазіцыі, колеразнаўству, уменню перадаваць форму, святло, характар, прапорцыі малюнка і многаму іншаму нас вучыла Марына Вітальеўна Каляда, – расказвае Святлана Варанковіч. https://vk.com/id33797260 – Урокі заўсёды праходзілі вельмі цікава, а таму амаль увесь вольны час я была ў студыі. Больш за ўсё падабаліся заняткі па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, бо падчас іх можна было ўдосталь фантазіраваць.
Потым быў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе вучылася спецыяльнасці дызайнера прадметна-прасторавага асяроддзя. Гэта прафесія зараз карыстаецца папулярнасцю. Калі раней афармленнем свайго жылля кожны займаўся самастойна, то ў наш час без паслуг дызайнера практычна не абыходзяцца. І не толькі ў аздабленні хатніх пакояў патрабуюцца нашы парады. Напрыклад, маім дыпломным праектам быў дызайн докшыцкага рэстарана “Беразіна”.
Першы свой вопыт атрымала пры афармленні залы, у якой праходзіла вяселле брата. Гэта было вельмі адказна, бо ўся работа ацэньвалася роднымі і блізкімі людзьмі. Як гэта звычайна бывае, фотаздымкі з мерапрыемства распаўсюдзіліся ў сацыяльных сетках. Прыемна было, калі нават незнаёмыя людзі пісалі станоўчыя каментарыі наконт дызайну. Так з’явіліся іншыя прапановы па афармленні залаў да розных мерапрыемстваў.
Самая найлепшая рэклама паслуг, як сцвярджае малады дызайнер, – гэта рэкамендацыі былых заказчыкаў. https://vk.com/club150822365
У скарбонцы работ Святланы – афармленне не толькі вясельных залаў. Гэта яшчэ і фотазоны для розных мерапрыемстваў. Дарэчы, на святкаванні юбілею раённай газеты “Родныя вытокі” фае ККЗ “Іскра” таксама ўпрыгожвалі работы Святланы Варанковіч, ля якіх з задавальненнем фатаграфаваліся ўдзельнікі мерапрыемства.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота з асабістага архіву.