О карательной экспедиции «Весенний праздник» вспоминают жители Докшицкого района
У верасні 1943 года савецкія войскі з лютымі баямі адваявалі першыя кіламетры беларускай зямлі. 23 верасня войскі Цэнтральнага фронту пад камандаваннем генерала арміі Канстанціна Ракасоўскага ў ходзе Чарнігаўска-Прыпяцкай аперацыі занялі раённы цэнтр Камарын Гомельскай вобласці. Але ад вызвалення гэтага гарадка і да апошняга на тэрыторыі Беларусі – Брэста – прайшоў амаль год. А гэта сотні тысяч загінуўшых воінаў і мірнага насельніцтва, дзясяткі знішчаных населеных пунктаў, якія знаходзіліся пад акупацыйным рэжымам. Гітлер ускладаў вялікія спадзяванні на наймагутнейшую лінію абароны Усходні вал, якая павінна была спыніць наступленне савецкіх войскаў на Беларусь. Вызваленне беларускай тэрыторыі адкрывала прамы шлях на Еўропу, чаго дапусціць германскае камандаванне ніяк не магло.
Ствараючы непрыступную лінію абароны, немцы разам з тым узяліся за ачышчэнне тылу ад так званых “бандытаў”, якія “не дазваляюць збіраць жывёлу і сельскагаспадарчыя прадукты для патрэб арміі, робяць дыверсіі, забіваюць нямецкіх салдат…” (са справаздачы нямецкага чыноўніка). Для гэтых мэт, на іх думку, як нельга лепш падыходзілі карныя экспедыцыі. Першая з іх – “Котбус”, накіраваная супраць партызан брыгады “Жалязняк”, праводзілася з 5 мая па 21 чэрвеня 1943 года. Яе ахвярамі сталі дзясяткі спаленых вёсак, 10 тысяч мясцовых жыхароў, яшчэ 605 былі сагнаны ў Германію.
Карную экспедыцыю вясной 1944 года рамантычныя нацысцкія садысты назвалі “Веснавое свята”. Яе мэтай было знішчэнне партызан і насельніцтва Полацка-Лепельскай партызанскай зоны (Докшыцкі, Лепельскі, Ушацкі, Полацкі раёны). Яна праводзілася сіламі 12 палкоў СС і паліцыі, часцей авіяпалявой, пяці пяхотных, двух ахоўных і запасных дывізій, асобага батальёна СС Дырлевангера, танкавага палка. Усяго каля шасці тысяч чалавек.
Немцы блакіравалі 16 партызанскіх брыгад, а гэта больш за 17 тысяч чалавек, на ўзбраенні якіх былі ў асноўным вінтоўкі, а таксама аўтаматы, кулямёты, 171 процітанкавае ружжо, 143 мінамёты, 21 гармата. Каардынавала баявыя дзеянні партызан аператыўная група на чале з Уладзімірам Лабанком.
Успамінаюць жыхары вёскі Беразіно.
Антон Кажамячонак:
— Сям’я наша была вялікая – чацвёра дзяцей. Жылі ў вёсцы Угольцы. Тата Іван Фёдаравіч Кажамячонак яшчэ ў 43-м стаў партызанам брыгады ЦК КПБ(б), і мы з таго часу пачалі качаваць па вёсках. Калі б хто здаў немцам, то сям’і партызана — жывая смерць. Дзякуй богу, конь быў, ездзілі на калёсах, з намі яшчэ былі бабуля і татаў брат. Перад другой блакадай, жылі ў Лясінах у дзеда ў зямлянцы. У Беразіно, дарэчы, гарнізон складаўся з немцаў-тылавікоў, надта да людзей яны не чапляліся. А ў блакаду пайшлі рэгулярныя часці, гэтыя не размаўлялі. Аўтаматы на пузе, палец на курку, страляюць па любой прычыне. Аблажылі партызан, мыш не праскочыць. Нейкая групка іх прарвалася, і мы з імі пабеглі. Даехалі да Стараселля, і тут насціглі немцы, завязаўся бой. Усе абаронцы нашы паляглі, а нас сагналі ў пуню. Вялікага розуму не трэба, каб здагадацца, што нас чакае. Даходзілі чуткі, як лютавалі фашысты на Бягомльшчыне. А мне 13 гадкоў, паміраць, ох, як не хацелася! У мяне лыжка з сабой алюміневая была, я на ёй нагрэмзаў прозвішча. Думаю, можа партызаны даскочуць сюды, а з імі тата, і тады ён па надпісе здагадаецца, што мы тут былі, і хоць костачкі нашы закапае. Немцы чамусьці марудзілі, пэўна, іх нейкія іншыя справы трымалі. Наступіла ноч і нам удалося ўцячы, а тых, хто застаўся, спалілі нелюдзі. Знаёмая наша згарэла з дачушкай сваёй маленькай. Вось так хадзілі мы пад смерцю тры гады. У блакаду і голад пачаўся. Тры ж гады не сеялі, у каго што было закапана ў ямах, усё пазнаходзілі. Бывала, што і свае схованкі раскрадалі. Елі ўсё, што можна было пакласці ў рот. За шчасце было знайсці рэшткі забітага каня. І няважна колькі ён праляжаў, адчышчалі і елі. Голад, мае дарагія, не лепш за смерць. Маленькія дзеці яшчэ і пасля вызвалення ад яго паміралі. Але ж жыццё пакрысе наладжвалася. У Беразіно я пераехаў, калі ажаніўся з тамтэйшай дзяўчынай. Працавалі з ёй у сельсавеце. Яна была сакратаром, я – бухгалтарам.
Кацярына Кургей:
– Мы жылі ў Беразіно з мамай і меншым брацікам Колем. Тату нашага Рыгора Казла і двух яго братоў арыштавалі ў 1937-м нкусаўцы і расстралялі, дзе іх магілы, мы так і не ведаем да сённяшняга. Немцаў першы раз убачылі 28 чэрвеня 1941 года. Яны на бронемашынах уварваліся ў вёску, пастралялі памежнікаў, якія трымалі абарону на ўскрайку лесу. Ударылі з гарматы па кацельні млына, потым развярнуліся і панесліся на Пустаселле, пэўна, каб далажыць, што шлях на Лепель свабодны. А пад захад сонца пачуўся лязгат металу, гул матораў з боку Гліннага. Хто быў на вуліцы, пахаваліся ў хаты, бо надта страшнай падалася, асабліва нам, дзецям, чорная калона танкаў. Машыны спыніліся на плошчы, дзе былі будынкі сельсавета, магазінаў, царквы, малаказавода і складоў пагранатрада. Салдаты пачалі збіваць замкі на крамах. Асмялеўшым вяскоўцам, што паціху сталі падыходзіць да іх, паказалі, што можна браць усё, што захочуць. Сабе ўзялі толькі гарэлку. Адразу людзі нічога не бралі, а калі назаўтра немцы рушылі на Лепель, усе кінуліся расцягваць дабро па хатах.
Прыехаўшы ў трэці раз, немцы ўжо сталі гарнізонам. Да вясны 44-га яны ў цэнтры Беразіно пабудавалі ўмацаванні, абнеслі іх калючым дротам. Праклалі з Докшыц вузкакалейку. Паблізу чыгункі на ўсіх узвышэннях абсталявалі дзоты. Каля Глінішч была станцыя, абнесеная высокім земляным валам. Усё рабілі ваеннапалонныя, былі сярод іх і цывільныя, якіх аднекуль прывезлі. Першыя цягнікі з Параф’янава на Лепель па вузкакалейцы пайшлі ў красавіку. У гэты ж час і блакада пачалася. Людзі, ведаючы, як лютуюць немцы, пабеглі ў лес, у балота хавацца. Да нас забегла жонка аднаго партызана і прапанавала ехаць з ёй у атрад. А мамы дома не было, пайшла нам за лапцікамі да аднаго чалавека, які іх плёў. Мы ж без яе не маглі пайсці. Так і засталіся ў вёсцы. Вельмі баяліся, што заб’юць ці, не дай бог, спаляць жывымі. Сталі зганяць тых, хто застаўся, на плошчу, дарэчы, салдаты былі ў нямецкай форме, але размаўлялі на нейкай іншай мове, можа латышы ці літоўцы. Падлеткаў ад дарослых сталі адкідаць у бок. Крык, енк падняўся, кінуліся ў ногі афіцэру, сталі прасіць, каб не забівалі. Не расстралялі, павезлі ў Параф’янава. Там ужо многа людзей было, такіх як мы. Нічым не кармілі, пэўна, канец бы быў, але мама ўпрасіла нейкага чалавека, ён размаўляў па-руску, але быў у форме, узяць Кацьку да сябе (гэта мяне значыць) служыць. Ён узяў. Прывёў дадому, там, дзе спіртзавод. Сустрэла яго жонка. Пагергеталі яны нешта і ўсё на мяне паглядалі. А я хоць і худая, але прыгожанькая была дзяўчынка, светлая, кучаравенькая. Накармілі, а назаўтра ён прывёў маму з братам. Ніколі ў жыцці больш я так не радавалася, як тады, калі ўбачыла жывымі сваіх. Мама няньчыла дзяцей, а я даглядала жывёлу. У нядзелю абавязкова ў касцёл хадзіла, хоць і праваслаўная, а якая розніца? Бог адзін, і яму дзякуй за выратаванне. Так мы і прабылі да прыходу Чырвонай Арміі. З вызваленнем пакуты нашы не скончыліся, голад настаў страшэнны. Вярнуліся ў Беразіно, а хаты нашай няма, немцы разабралі для нейкіх сваіх патрэб. Папрасіліся да людзей у зямлянку. Елі траву ды жалуды. Я пайшла за Докшыцы, наймацца служыць. Узяла мяне адна гаспадыня ў Грабучым. Жала, скаціну глядзела, малаціла, усё рабіла ад цямна да цямна і зарабіла да канца восені 12 пудоў жыта. Калі прывезлі дадому, уся вёска маме зайздросціла. Мы ўратаваліся ад голаду! Потым пайшла на працу ў калгас, адукацыя мая абмежавалася трыма класамі, якія скончыла да вайны. У 17 гадоў замуж выйшла за заслужанага франтавіка Уладзіміра Кургея. Мой Валодзя прымаў удзел у парадзе Перамогі ў Маскве. Рада была вельмі, так напакутваліся з мамай удваіх. Хату трэба было ставіць, а мужчынскіх рук няма, я і замуж з зямлянкі ішла. Вось як, дзяўчынка ты мая, мы гаравалі. Але ж, дзякуй богу, жывыя засталіся, а колькі ж людцаў палягло!
Гляджу на сваіх дзетак, унукаў і малюся, каб ім ніколі не зведаць таго, што давялося нам.
У ходзе аперацыі “Веснавое свята” гітлераўцы планавалі прыціснуць партызан да чыгункі Маладзечна-Полацк, уздоўж якой сканцэнтравалі свае войскі і два бронепаязды. Партызанам аказвала дапамогу авіяцыя 1-га Прыбалтыйскага фронту. Адцягваючыя ўдары нанеслі брыгады Сенненска-Аршанскай і Барысаўска-Бягомльскай партызанскіх зон і партызаны Вілейскай вобласці.
Нягледзячы на стойкасць народных мсціўцаў, да канца красавіка гітлераўцам удалося звузіць кальцо акружэння да 20 кіламетраў вакол Ушачаў. Але дасягнуць сваіх мэт акупанты не змаглі: у ноч на 5 мая партызаны прарвалі блакаду, панеслі пры гэтым вялікія страты асабістага саставу, але баяздольнасць брыгад захавалі. Вывелі з сабой і каля 15 тысяч чалавек мірнага насельніцтва. Падчас блакады было загублена 7011 жанчын, дзяцей, старых. Захоплена 11 тысяч чалавек, спалены шэраг вёсак.
Загінуўшых у блакаду і пры вызваленні Беразіно пахавалі ў цэнтры вёскі. Паставілі на гэтым месцы невялікі помнік. Пазней рэшткі пахаваных перанеслі ў Бягомль, а помнік, як напамін аб нявінных ахвярах вайны, застаўся. Яго фарбавалі, прыбіралі вакол тэрыторыю. Але ж час не шкадуе і камень. Пабудова паціху стала разбурацца. І тут на дапамогу, як і заўсёды, прыйшоў фермер Васіль Мацкевіч. Ён за свае сродкі ўзяўся аднаўляць помнік. Ужо счапіў яго металічнымі скобамі, будзе грунтаваць і далей рабіць касметычны рамонт. Святая справа святога чалавека.
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.