Рукодельницы из Докшицкого района поделились своим мастерством с учениками
Народная мастацкая спадчына – гэта невычэрпная крыніца для вызначэння самабытнасці любой нацыі. Беларуская – не выключэнне. Культурныя здабыткі, заснаваныя на традыцыях, выпрацаваных стагоддзямі, не страцілі сваёй актуальнасці і ў час Інтэрнэту і лічбавых тэхналогій. Цудоўныя вырабы майстроў – гэта тое, што падтрымлівае духоўна-эстэтычны настрой любога чалавека. Гэта добра разумеюць у Глінскай сярэдняй школе, дзе беражліва адносяцца да нематэрыяльнай спадчыны сваіх продкаў. Там на працягу многіх гадоў эфектыўна працуе этнаграфічны музей “Спадчына”, а нядаўна адбылася сустрэча з мясцовымі майстрыхамі Антанінай Асіповіч з Беразіно, Людмілай Малюжанец з Гліннага і Леанідай Дземідовіч з Хмялёўшчыны, арганізаваная кіраўніком музея Людмілай Асіповіч.
— Шмат гадоў мы займаемся даследаваннем народных відаў мастацтва, – паведаміла Людміла Леанідаўна, – і сёння звернемся да вышыўкі. Прыемна, што зараз і моладзь займаецца гэтай справай, ёсць рукадзельніцы і ў нашай школе. Найбольш папулярнай з’яўляецца вышыўка крыжыкам, але нашы сённяшнія гераіні перанялі традыцыі сваіх маці і бабуль у вышыўцы гладдзю.
Гэтыя словы дапоўнілі цудоўныя вырабы майстрых, якімі была ўпрыгожана актавая зала школы. З цеплынёй і пяшчотай жанчыны ўспаміналі той час, калі ўпершыню ўзялі ў рукі іголку і вышылі свой першы ўзор.
З шэрагу каляровых посцілак, накідак і карцін майстрыхі Антаніны Асіповіч выдзялялася шыкоўная чорная капа з яркімі ўзорамі і кветкамі. Жанчына расказала, што яе, як і некаторыя іншыя рэчы ва ўласнай скарбонцы, вышыла мама. Яна і прывіла любоў да рукадзелля сваёй дачушцы. У сям’і Людмілы Малюжанец вышывалі мама і бабуля, а Леаніду Дземідовіч навучыла прамудрасцям гэтай справы стрыечная сястра. Гэтыя жанчыны не толькі засталіся вернымі справе сваіх родных, але і асвоілі іншыя віды рукадзелля. Антаніна Рыгораўна займаецца лапікавым шыццём, а Леаніда Пятроўна прывезла з сабою вырабы, звязаныя шыдэлкам.
Самым каштоўным момантам сустрэчы стаў майстар-клас па вышыўцы гладдзю, які далі таленавітыя кабеты. Жанчыны расказалі дзецям, што неабходна зрабіць, каб вышыць той ці іншы ўзор. Перш яго трэба нанесці на тканіну алоўкам або праз капірку. Мастацкага густу патрабуе падбор адцення нітак, а само вышыванне займае не адзін дзень. Па тым, з якой цікавасцю слухалі майстрых дзеці, і нават хлапчукі, было бачна, што, магчыма, нехта і з іх паспрабуе засвоіць майстэрства вышыўкі.
Таццяна САКОВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: майстрыхі-вышывальшчыцы (злева направа) Людміла Малюжанец, Леаніда Дземідовіч, Антаніна Асіповіч.