Светлана Яцукович стала лучшим работником в сфере бытового обслуживания Докшицкого района
Лепшым работнікам у сферы бытавога абслугоўвання па выніках 2018 года стала прыёмшчыца заказаў Параф’янаўскага КПП Святлана Яцуковіч. Гэта ўжо не першая яе перамога. Прыйшоўшы працаваць на комплексны прыёмны пункт у 2012 годзе, Святлана Арцем’еўна вельмі хутка вывела яго ў лік лепшых у вобласці. Выручка Параф’янаўскага КПП ад рэалізацыі паслуг за мінулы год склала 33,5 тысячы рублёў, а гэта 159 працэнтаў да ўзроўню 2017 года.
Самым вялікім попытам карыстаецца пашыў вырабаў. Гэту паслугу Святлана Арцем’еўна аказвае сама, бо па спецыяльнасці швачка-матарыстка. За гады работы на КПП ужо напрацавала сваю кліентуру. Звяртаюцца да вопытнага майстра, каб перарабіць якую-небудзь апратку, замяніць маланку ў рэчы ці што-небудзь пашыць. Заўсёды ўсё зробіць якасна і хутка.
З раніцы і да абеду з аўторка па суботу Святлана Яцуковіч працуе на месцы. Часам рэалізуе тавар на кірмашы, які звычайна ладзіцца ў Параф’янаве па аўторках. У другой палове дня адпраўляецца па заказах, бо на абслугоўванні ў прыёмшчыцы 17 вёсак, дзе амаль у кожнай хаце яе чакаюць. І не толькі як работніка сферы бытавога абслугоўвання, а проста як добразычлівага і шчырага суразмоўцу.