Встреча с земляком-автогонщиком Андреем Жигулиным организовали докшицкие пионеры
У раённым Цэнтры дзяцей і моладзі адбылася сустрэча з удзельнікам ралі “Дакар”, нашым земляком, механікам каманды “МАЗ-СПОРТаўта” Андрэем Жыгуліным. Ініцыятарам мерапрыемства стала раённая піянерская арганізацыя.
Жадаючых асабіста паціснуць руку сярэбранаму прызёру мінулагодніх гонак па пустыні сабралася шмат. Акрамя прадстаўнікоў піянерскіх дружын усіх школ раёна да размовы далучыліся і іншыя аматары гэтага віду спорту. Пасля невялічкага фільма пра беларускую спартыўную МАЗаўскую каманду, удзельнікі мерапрыемства звярнуліся да госця са шматлікімі пытаннямі, якія рыхтавалі загадзя. “Як трапіць у каманду? Як рыхтуецеся да спаборніцтваў? Якія цікавыя здарэнні адбываліся падчас гонак? Ці бяруць у аўтагоншчыкі дзяўчат?” – гэтыя і шмат іншых пытанняў “сыпаліся” на госця з усіх бакоў.
– З дзяцінства марыў стаць пажарным, – падзяліўся Андрэй. – У школе захапляўся матэматыкай, а таму для паступлення выбраў тэхнічную навучальную ўстанову – БНТУ. Пра тое, што ствараецца каманда гоншчыкаў, даведаўся, калі праходзіў практыку на Мінскім аўтамабільным заводзе. Мяне гэта вельмі зацікавіла. Так з’явілася мэта – стаць удзельнікам “МАЗ-СПОРТаўта”. Праз год ведаў кожнага са зборнай, не прамінаў магчымасці нагадаць пра сябе. І вось за спінай ужо шэсць спаборніцтваў. Падрыхтоўка да кожнага ралі ідзе на працягу года: гэта і выпрабаванні тэхнікі, праверка экіпажаў, абнаўленне і паляпшэнне канструкцыі аўтамабіляў. Усё гэта робіцца паралельна з асноўнай работай. На заводзе ў кожнага з нас свая пасада, напрыклад, я – механік-канструктар. Усе мы ў абавязковым парадку прытрымліваемся здаровага ладу жыцця, займаемся ў трэнажорнай зале, бо ўдзел у ралі – гэта яшчэ і выпрабаванне на фізічныя магчымасці. Гонкі праходзяць у іншых кліматычных умовах, што адбіваецца на самаадчуванні. Напрыклад, Балівія знаходзіцца на вышыні пяць тысяч кіламетраў над узроўнем мора, а гэта значыць, што дыхаецца там інакш. Некаторыя спартсмены нават не абыходзяцца без спецыяльных кіслародных масак. Акрамя гэтага, асаблівасць пустынь – вялікі кантраст тэмпературы
ўдзень і ноччу. Да таго ж падчас адпачынку прыходзіцца карыстацца душам, вада ў якім толькі халодная. Лічу, што справіцца з усім гэтым дапамагае загартоўка яшчэ з дзяцінства і тое, што вырас у экалагічна чыстых Докшыцах.
Вельмі цікавым быў расказ Андрэя Жыгуліна пра сустрэчы з мясцовымі жыхарамі тых краін, дзе праходзяць ралі. Для месцічаў гонкі – вялікае свята, падчас якога яны літаральна жывуць уздоўж трас. Па словах Андрэя, бывае, што
едзеш па пясках, дзе няма, здаецца, ніводнай жывой душы. Але толькі спынішся, як невядома адкуль з’яўляюцца мясцовыя жыхары і прапаноўваюць дапамогу. Да мурашак уразіў усіх расказ пра тое, як на горнай дарозе, якую называюць “серпанцін”, у машыны адмовілі тармазы. І толькі высокі прафесіяналізм пілота дапамог справіцца з нечаканасцю і без здарэння пераадолець няпросты спуск. Дарэчы, пілоты трох беларускіх каманд – сапраўдныя “асы”. Васілеўскі – кіроўца з вялікім стажам, Вязовіч – чэмпіён Беларусі па класічным ралі, Вішнеўскі – чэмпіён Беларусі па дрыфце і картынгу.
Зараз каманда “МАЗ-СПОРТаўта” рыхтуецца да ралі-рэйда ў Марока.
Напрыканцы сустрэчы Андрэй Жыгулін адзначыў спецыяльным падарункам самага актыўнага ўдзельніка сустрэчы, якім аказаўся вучань СШ № 1 г. Докшыцы Улад Хардзін. Юнак таксама падрыхтаваўся да мерапрыемства і зрабіў у падарунак славутаму земляку невялікую копію яго гоначнага аўтамабіля. Таксама кампазіцыю з МАЗам падрыхтавалі для госця юныя майстры раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, якую ўручыла Андрэю яго першая настаўніца, дырэктар райЦДзіМ Святлана Януковіч.
НА ЗДЫМКУ: (злева направа) Улад Хардзін і Андрэй Жыгулін.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.