Докшицкие семьи дружат со спортом
Яшчэ ў старажытнасці да спорту ставіліся як да дэманстрацыі фізічнай дасканаласці чалавека, спосабу згуртавання людзей і, канечне, як да забавы. У 2013 годзе Генеральная Асамблея ААН заснавала Міжнародны дзень спорту на карысць міру і развіцця. З гэтага часу 6 красавіка ва ўсім свеце арганізоўваюцца спартыўныя канферэнцыі, семінары, спаборніцтвы, марафонскія забегі, сустрэчы са спартсменамі.
У нашым раёне для заняткаў фізічнай культурай і спортам, правядзення фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-масавых мерапрыемстваў існуе трывалая матэрыяльна-тэхнічная база. Гэта каля ста спартыўных збудаванняў, дзе праходзяць кубкі і першынства па валейболе і міні-футболе, настольным тэнісе, гіравым спорце і дартсе. З адкрыццём водна-аздараўленчага цэнтра, які сёлета святкуе сваё пяцігоддзе, дакшычане і госці райцэнтра займелі магчымасць ставіць свае рэкорды ў плаванні. Вялікай папулярнасцю карыстаюцца заняткі па аквааэробіцы. У цёплы сезон не пустуе пляцоўка са штучным пакрыццём для міні-футбола ля СШ № 1 г. Докшыцы, а ў хуткім часе такая ж будзе прымаць футбольныя матчы і ля другой гарадской школы. Прыемным падарункам не толькі для дзяцей, але і для дарослых стала будаўніцтва вяровачнага гарадка ля гарадскога возера. Шмат сярод жыхароў раёна аматараў зімовых відаў спорту, пра што сведчыць масавасць удзельнікаў у традыцыйных лыжных гонках. Летам калектывы арганізацый і прадпрыемстваў раёна з задавальненнем збіраюцца на турыстычны злёт, які ладзіцца на беразе маляўнічага возера Медзазол.
Падрыхтоўкай спартыўнага рэзерву Докшыччыны займаецца ДзЮСШ, у якой культывуюцца тры віды спорту: лёгкая атлетыка, дзюдо і цяжкая атлетыка. Выхаванцы спартыўнай школы праслаўляюць наш раён нават далёка за межамі краіны, і мы з гонарам называем прозвішчы Лізаветы Дорц, Настассі Кацейка, Рамана Гмырака, Алены Касцюк, Настассі Малаш і іншых.
Шмат у раёне сем’яў, якія сябруюць са спортам. Напрыклад, Уладзімір і Кацярына Вахавічы з Докшыц не толькі самі актыўна ўдзельнічаюць у спартыўных мерапрыемствах, але і выхоўваюць у любові да фізічнай культуры сваіх дзяцей. Работнік банкаўскай сістэмы Кацярына захапляецца валейболам. Настаўнік фізічнай культуры і здароўя Уладзімір гуляе ў валейбол, добра “ганяе” на лыжах, з лёгкасцю адольвае кіламетровыя кросы. Сваё захапленне футболам перадае пяцігадоваму сыну Паўліку, якога нават спецыяльна два разы на тыдзень возіць у Мінск на трэніроўкі ў Акадэмію футбола для дзяцей. Таксама гуляе ў скураны мяч і старэйшы сын Кірыл. Акрамя гэтага, дзевяцікласнік на хуткасць збірае кубік Рубіка. Агульнае захапленне сям’і Вахавічаў – турызм, якому яны прысвячаюць увесь свой вольны час.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: спартыўная сям’я Вахавічаў з Докшыц.
Фота аўтара.