Есть ли проблемы с занятостью детей в Докшицком районе
Для школьнікаў у раёне працуюць разнастайныя гурткі, аб’яднанні па інтарэсах і секцыі. Такая занятасць падлеткаў з’яўляецца ранняй прафілактыкай правапарушэнняў, якія могуць здзейсніць непаўналетнія, калі без мэты бавяць вольны час. Намеснік старшыні Інэса Марчанкава і карэспандэнт “РВ” наведалі некаторыя ўстановы, каб высветліць, што там прапануецца для дзяцей на вясенніх канікулах.
Спачатку накіраваліся ў Прудніцкі СДК, дзе ў адпаведнасці з планам якраз павінны былі ісці заняткі вакальнага гуртка ў Вольгі Сідзінай. Не паспелі пад’ехаць, як убачылі групку дзяцей і сярод іх – Вольгу Анатольеўну. Спыніліся. Высветлілася, што гурткоўцы выбеглі на свежае паветра, каб крыху адпачыць. Правяраем: па спісе павінна быць пяць чалавек, па факце – адзінаццаць. “У чым сакрэт такога аншлагу?” – пытаемся. Жанчына сціпла адказвае: “Не ведаю, самі прыходзяць”. Пакуль ішла размова дарослых, дзеці не адыходзіліся ад Вольгі Анатольеўны ні на хвілінку: абступілі цесным колам і гаманілі паміж сабой. Было бачна, як яны любяць свайго кіраўніка. Адчувалася, што любоў гэта ўзаемная.
У добрым настроі паехалі далей: наступны прыпынак – гарадскі пасёлак Бягомль. Інэсу Леанідаўну цікавіла ў першую чаргу дзейнасць ГДК, але прыехалі крыху раней, таму спачатку зазірнулі у школу, дзе праходзілі заняткі па выяўленчым мастацтве. Над аркушамі паперы схіліліся Філіп і Косця Ставеры і нешта засяроджана малявалі. Па плане, зразумела, дзяцей павінна было быць больш. Кіраўнік развяла рукамі: маўляў, канікулы. Тым не менш, у трэнажорнай зале школы было жывей: там займаліся дзяўчаты з 6 і 9 класаў амаль у поўным складзе. Пад кантролем трэнера Рыгора Зямчонка яны выконвалі спартыўныя практыкаванні. З нашым прыходам крыху збянтэжыліся, але пасля адказалі, што стараюцца не прапускаць заняткаў, бо заўсёды трэба быць у спартыўнай форме. Вяртаючыся ў райцэнтр, заехаліся ў Бягомльскі ГДК, дзе было… ціха. Аказалася, што заняткі адменены ў сувязі з водпускам работніка культуры, пра што сведчыла аб’ява на ўваходзе. Ну хоць прычына ўважлівая вызначана, і тое добра!
У наступны дзень рушылі з праверкай у Сітцы. Пад’язджаючы, заўважылі два веласіпеды — значыць, нехта ёсць. Галоўнае, каб былі дзеці. З залы СДК, дзе гучала музыка, выбеглі падлеткі. Васьмікласнікі Паша Смалякоў і Дзіма Нарніцкі – самыя дарослыя з гурткоўцаў, якія сёння прыйшлі на заняткі тэатра мініяцюр “Вясёлы каламбур”. Яны ахвотна адказвалі на пытанні. Высветлілася, што дзецям падабаецца прыходзіць сюды, бо дзе, калі не ў ДК, можна на поўную паслухаць музыку, весела правесці час.
У Бярозаўскім сельскім клубе-бібліятэцы па плане ў поўным разгары павінна была быць работа гуртка “Умелыя ручкі”, але ў памяшканні бібліятэкі — пуста. Кіраўнік не змагла растлумачыць чаму няма дзяцей, хаця ў такім гуртку, як “Умелыя ручкі”, можна маляваць, вышываць, вязаць, майстраваць, выпякаць прысмакі і рабіць шмат чаго іншага.
Наперадзе заставаўся апошні прыпынак – Дом культуры ў вёсцы Гняздзілава, дзе вось ужо пятнаццаць хвілін, як павінны былі ісці заняткі гуртка “Пазнавашкі”. І тут кіраўнік быў, а дзеці — не. На наша пытанне, чаму так, яна адказала: “У наступны раз прыязджайце – усіх збяру”. Ну што тут можна сказаць культработніку? Хіба толькі тое, што гурткі арганізоўваюцца не для праверак, а для занятасці дзяцей.
– Для мяне работнікі культуры – гэта самаадданыя, творчыя людзі, якія любяць сваю справу, – падсумавала Інэса Марчанкава, калі мы ўжо ехалі дадому. – Зразумела, каб арганізаваць дзяцей для любой дзейнасці, трэба самому клубнаму работніку быць актыўным, ініцыятыўным і прадпрымальным. Тады і дзецям захочацца бегчы да яго зноў і зноў. І прыклад падобнай творчай асобы ёсць. Гэта Вольга Сідзіна, самі бачылі.
Таццяна САКОВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: загадчыца Прудніцкага СДК Вольга Сідзіна і яе выхаванцы.
Фота аўтара.