Выходец из Докшиц Максим Русакович создал уникальный видеоклуб для знакомств “Abodva”
На прасторах сусветнай павуціны існуе шэраг дадаткаў, гульняў і праграм рознай накіраванасці. Асабліва запатрабаванымі сярод моладзі з’яўляюцца сацыяльныя сеткі, дзе можна знайсці новых знаёмых-аднадумцаў, завесці інтэрнэт-сяброўствы і нават сустрэць каханне. Усё гэта ёсць у праграме “Abodva”. Арганізатарам праекта з’яўляецца наш зямляк Максім Русаковіч.
Знаёмствы ў Інтэрнэце даволі папулярныя, асабліва сярод моладзі. Вось і Максім у студэнцкія гады часта знаёміўся ў Сеціве, выбіраючы суразмоўцаў па фотаздымках, але за “халоднымі” аватарамі нярэдка хаваліся зусім іншыя людзі.
– Фэйкі – вялікая праблема любога сайта для знаёмстваў, – гаворыць хлопец. – Вось і захацелася стварыць штосьці надзейнае, тым больш, што заўсёды цікавіўся распрацоўкай сайтаў, стварэннем інтэрнэт-праектаў і праграм. Ідэя прывяла да таго, што сёння ў нас ёсць “Abodva”. Сістэма праверкі акаўнтаў у дадатку больш жорсткая, таму яго карыстальнікі могуць быць спакойнымі за тое, што іх старонку нехта ўзламае або “скрадзе” профіль.
Істотнае адрозненне гэтага праекта ад іншых таксама заключаецца ў тым, што галоўнай умовай рэгістрацыі ў ім з’яўляецца запіс і размяшчэнне ў профілі кароценькага відэа з самапрэзентацыяй. Пошук сяброў і знаёмства таксама адбываецца па сродках відэа. Зразумела, што на яго запіс траціцца больш часу, чым на хуткі фотаздымак ці тым больш сэлфі, якіх у смартфонах многіх дзяўчат, ды і некаторых хлопцаў, гігабайты. Аднак, па словах Максіма, у відэа перадаецца міміка людзей, эмоцыі, голас, і ніколі не трэба саромецца сябе паказаць.
Дадатак павінен спадабацца аматарам і сапраўдным прыхільнікам беларускай мовы, бо на “Abodva” прыярытэтнай з’яўляецца менавіта яна. Дарэчы і назва праекта таксама беларускамоўная. Аднак для зносінаў з замежнымі сябрамі можна карыстацца рускай і англійскай мовамі.
Стартап паступова набірае абароты: знаходзяцца людзі, якія падтрымліваюць не толькі словам, але і справай, разумеючы, што для запуску любога праекта патрэбны грашовыя ўкладанні. Краўдфандынгавая кампанія запушчана, і ў перспектыве з’явіцца асобны інтэрнэт-дадатак праекта. Пакуль што працуе мабільная версія “Abodva”, стваральнікі займаюцца пашырэннем аўдыторыі.
НА ЗДЫМКУ: стваральнік праекта «Abodva» Максім Русаковіч.
Фота з сацыяльных сетак.