Куда исчезли полоцкие хлебцы с прилавков магазинов Докшиц?
Экструзійныя хлебцы, выпуск якіх яшчэ ў 2009 годзе быў асвоены хлебапёкамі філіяла Полацкі хлебазавод ААТ “Віцебскхлебпрам” у якасці імпартазамяшчальнай прадукцыі, карыстаюцца папулярнасцю ў спажыўцоў. Асабліва яны прыйшліся даспадобы тым, хто прытрымліваецца здаровага харчавання. Таму, калі гэты прадукт на некаторы час знік з паліц гандлёвых кропак райцэнтра, пакупнікі ўстрывожыліся, што прыйдзецца купляць хлебцы толькі расійскай вытворчасці, цана на якія амаль ў тры разы большая.
Але, як патлумачылі спецыялісты райста, прычына адсутнасці дадзенага тавару на працягу двух тыдняў абумолена затрымкай прадукцыі самім пастаўшчыком.
Зараз жа полацкія хлебцы можна знайсці практычна ў любой краме, дзе ёсць куткі здаровага харчавання. Найбольш багаты іх выбар – у “Родным куце”. Са смакам цыбулі і смятаны, водарам сыру, з вотруб’ем – на любы густ пакупніка. Пачак вагой 55 грамаў каштуе 48 капеек. Танней на тры капейкі яго можна купіць у сеткавай краме “Еўраопт”.
Цікава, як жа робяць такія хлебцы? Яны бываюць розныя – вырабленыя з цэльназерневай пшаніцы. Таксама ёсць прадукт, падобны па складзе на белы хлеб і напічканы харчовымі дабаўкамі. Такія “несапрадныя” прадукты можна ўбачыць у выглядзе тонкіх сухарыкаў, якія выпякаюць як хлеб: рыхтуецца цеста з мукі і дражджэй, дабаўляецца сухое малако і спецыі. Крыху настойваюць, пасля чаго цеста раскатваюць пластамі і выпякаюць. Пры гэтым вытворца дабаўляе ў іх усё, што пажадае. Таму трэба звяртаць увагу на складнікі, з якіх зробены хлебцы. Калі прысутнічаюць дрожджы, мука вышэйшага гатунку, антыакісляльнікі і кансерванты, то ў прадукце мала карысных рэчываў.
Сапраўднымі дыябетычнымі хлебцамі лічацца тыя, якія зроблены з цэльназерневай мукі грубага памолу. У іх няма дражджэй, мадыфікаванага крухмалу, кансервантаў. Такія разнавіднасці вырабляюць з дапамогай тэхнікі “экструдар”. Звычайна яны бываюць у выглядзе брыкету круглай формы, які ўтрымлівае набухлае зерне кукурузы, пшаніцы, іншай крупы. Дарэчы, пшанічныя хлебцы добра ўжываць пры страўнікава-кішачных захворваннях, грэчневыя – пры малакроўі, ячменныя – калі ёсць праблемы з печанню.
Аўсяныя пажадана есці пры прастудных захворваннях, дэрматыце і калі ёсць праблемы з ныркамі, рысавыя – пры захворваннях цэнтральнай нервовай сістэмы.
Ці падыходзіць гэты прадукт тым, хто худнее?
Каларыйнасць хлебцаў – каля 300-350 ккал на 100 грамаў (на першы погляд, гэта многа). Аднак, пералічыўшы гэту каларыйнасць на колькасць хлебцаў у пачку, атрымліваецца, што энергетычная каштоўнасць аднаго хлебца ў сярэднім складае 15 ккал. Гэта значыць, калі замяніць стандартны 30-грамовы кавалак хлеба з каларыйнасцю 200-220 ккал на кавалак хлебца, то перавага апошняга ў параўнанні з хлебам па каларыйнасці будзе відавочная. Акрамя гэтага, хлебцы – складаныя вугляводы. Ужываючы іх, чалавек доўга не адчувае пачуцця голаду. Гэты прадукт багаты на клятчатку, пра карысць якой для зніжэння масы цела таксама агульнавядома.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.